Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія ўлады дазволілі «Несьмяротны полк» 9 траўня


Акцыя «Несьмяротны полк» у Менску, 2018 год
Акцыя «Несьмяротны полк» у Менску, 2018 год

Заяўнікі акцыі «Несьмяротны полк» у Менску атрымалі месца для правядзеньня сьвяточных мерапрыемстваў, сказаў 3 траўня Свабодзе адзін з заяўнікаў акцыі Валер Драко.

«Менгарвыканкам дазволіў нам сабрацца а 10-й гадзіне раніцы каля дома-музэя першага зьезду РСДРП. Мы чакаем тут усіх, хто хоча ўдзельнічаць у патрыятычнай акцыі з партрэтамі сваякоў-пераможцаў. Нам дазволілі быць тут з усёй нашай атрыбутыкай: партрэтамі, сьцягамі, і абяцалі дазволіць ускладаньне вянкоў да манумэнта Перамогі», — заявіў Валер Драко.

Ён таксама адзначыў, што першапачаткова ўдзельнікі акцыі хацелі сабрацца на плошчы Якуба Коласа, каб затым рухацца да плошчы Перамогі.

«Аднак за гэты маршрут мы павінны былі б плаціць 250 мінімальных заробкаў. У нас такіх грошай няма. Таму ад гэтага варыянту мы мусілі адмовіцца».

Што ня так зь «Несьмяротным палком»?

Акцыю «Несьмяротны полк» у Расеі праводзяць з 2013 году. Яе ўдзельнікі масава выкарыстоўваюць расейскія дзяржаўныя сьцягі, а таксама георгіеўскія стужкі, якія сталіся сымбалем расейскай агрэсіі ў Крыме і на Данбасе. Падчас «вялікай размовы» 1 сакавіка Аляксей Дзермант запытаўся ў Аляксандра Лукашэнкі пра акцыю «Несьмяротны полк». Лукашэнка тады адказаў, што ён катэгарычна супраць.

«Не таму, што супраць гэтай акцыі. Гэта бліскучая акцыя, расейская акцыя, мы з прэзыдэнтам Расеі абмяркоўвалі некалькі гадоў таму гэтае пытаньне. Я кажу: „Таксама там вашы нас папракаюць, што мы нібыта забараняем „Несьмяротны полк“. Вы ж у нас, груба сказаў так, перадралі гэтую ідэю“. Памятаеце? „Беларусь памятае“. Вы памятаеце гэтыя акцыі? Я стаў прэзыдэнтам, першая мая была акцыя, і мяне вэтэраны паклікалі ісьці ад унівэрмагу, па-мойму, мы ішлі ад ГУМа да Плошчы Перамогі і ўскладалі заўсёды вянкі. Хто з партрэтамі, хто яшчэ з чымсьці. Чаму мы павінны кінуць сваё „Беларусь памятае“ і схапіцца за „Несьмяротны полк“? Калі па сваёй сутнасьці і нават па зьнешняй форме яны падобныя, яны аднолькавыя».

У 2018 годзе ўлады спачатку не далі дазволу на акцыю «Несьмяротны полк» у Менску, прапанаваўшы ініцыятарам уліцца ў дзяржаўнае шэсьце «Беларусь памятае». Тады пра забарону «Несьмяротнага палку» ў Менску пачалі пісаць расейскія СМІ, яго арганізатары пачалі заклікаць прыхільнікаў выйсьці на акцыю без дазволу. У выніку шэсьце дазволілі менш як за дзень да яго правядзеньня.

Дзяржаўныя СМІ праігнаравалі гэтае альтэрнатыўнае шэсьце, а Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ніхто не забараняў ісьці з партрэтамі сваякоў, якія загінулі на вайне, а зьмяніць фармат папрасілі самі вэтэраны. Пры гэтым кіраўнік Беларусі скрытыкаваў тых, хто хоча «прыватызаваць» тэму перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG