Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскіх вучняў на выставу пра расейскага цара вадзілі «як на выхаваўчае мерапрыемства»


Афіша выставы
Афіша выставы

Кіраўнікі старэйшых клясаў павінны былі «арганізаваць» наведваньне экспазыцыі пра апошняга расейскага самадзержца Мікалая II і даць адміністрацыі справаздачу, колькі дзяцей яе пабачылі. «Рэкамэндаваны» паход на выставу ў мастацкі музэй імя Масьленікава разглядаецца як «выхаваўчае мерапрыемства».

Абвестку, адрасаваную кіраўнікам 7–9 клясаў, сфатаграфавалі ў настаўніцкім пакоі 42-й магілёўскай школы. Згодна з абвесткай, з 5 па 14 красавіка тыя павінны былі «арганізаваць» наведваньне выставы «Царская семья. Восхождение» і «не пазьней за 16 красавіка паведаміць намесьніку па выхаваўчай працы аб колькасьці дзяцей», што яе пабачылі.

Намесьніца дырэктара школы: «Гэта гучыць як парада»

Намесьніца дырэктара па выхаваўчай працы Ганна Ціханава адмаўляе ўльтыматыўны характар абвесткі. Яна настойвае, што загаду настаўнікам весьці дзяцей на выставу не было.

«Гэта гучыць як парада, абавязковасьці няма», — цьвердзіць суразмоўніца. Паводле яе, наведваньне выставы «рэкамэндавана» у пазашкольны час і залежыць ад жаданьня кляснага кіраўніка і дзяцей. Яго варта разглядаць як «выхаваўчае мерапрыемства», кажа намесьніца дырэктара школы.

Зь яе камэнтару вынікае, што ініцыятыва вадзіць дзяцей на выставу належыць не адміністрацыі, а вышэйстаячай арганізацыі. Якой, яна не ўдакладніла. Без адказу засталіся пытаньні, чаму магілёўскія вучні павінны пабачыць выставу і колькі чалавек там пабывала.

Абʼява для настаўнікаў
Абʼява для настаўнікаў

Намесьніца начальніка Ўпраўленьня па адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму Раіса Аўсеенка сказала Свабодзе, што загаду наведваць выставу ад упраўленьня таксама не было.

Бацькі: у настаўніцы, якую падазраюць «у зьліве інфармацыі», праблемы

Як сказала Свабодзе маці адной з вучаніц, у настаўніцы, якую адміністрацыя вінаваціць «у зьліве інфармацыі», цяпер праблемы. Маладую спэцыялістку, якая адрабіла ў школе толькі два гады, могуць звольніць. Яна ўжо пісала тлумачальную на імя дырэктара. Бацькі зьбіраюцца наведаць яго, каб заступіцца за настаўніцу.

З клясы, у якой вучыцца дачка суразмоўніцы, на выставу хадзілі сямёра дзяцей. Ім апавядалі «пра ідэальную царскую сям’ю, пра яе гвалтоўную сьмерць і кананізацыю». Таксама гаварылі пра Першую ўсясьветную вайну. Аповед дачцэ спадабаўся, адзначыла жанчына. Фатаздымкаў з выставы вучні ў сацыяльных сетках не разьмяшчалі.

Гісторык: Мікалай ІІ — не пэрсанаж беларускай гісторыі

Алег Трусаў
Алег Трусаў

Гісторык і суаўтар зборніка нарысаў «Гісторыя Расеі ад Сярэднявечча да сучаснасьці» Алег Трусаў зьвяртае ўвагу, што пэрыяд знаходжаньня Беларусі ў складзе Расейскай імпэрыі варта разглядаць як калянізацыйны, і постаць Мікалая ІІ — у гэтым жа сьвятле. Паводле яго, расейскі самадзержац — не пэрсанаж беларускай гісторыі.

«Дзякаваць богу, у нашых падручніках гісторыя Расеі выкінутая ў разьдзел „Усясьветная гісторыя“, і яна не зьяўляецца часткай гісторыі Беларусі», — кажа ён.

Гісторык лічыць: каб даць належную ацэнку праўленьню Мікалая ІІ, у Беларусі трэба «дужа добра» вывучаць Першую ўсясьветную вайну. Тая вайна абярнулася для краю нацыянальнай і экалягічнай катастрофай, але савецкая прапаганда выкінула яе зь беларускай самасьвядомасьці.

Цара ўсхваляць можна, памятаць пра паўстаньне супраць расейцаў — «гістарычна неабгрунтавана»

Ініцыявала выставу Магілёўская праваслаўная эпархія пры падтрымцы расейскага фонду «История Отечества» і «Российского исторического общества». Гэтыя расейскія арганізацыі маюць за мэту «папулярызаваць расейскую гісторыю ў Расейскай Фэдэрацыі і за яе межамі, а таксама захоўваць гістарычную спадчыну і традыцыі народаў Расеі». Прадставілі свае экспанаты для выставы і магілёўскія музэі.

У 1915–17 гадах у Магілёве месьцілася стаўка Мікалая ІІ. Выставы пра Мікалая ІІ у горадзе праводзяцца рэгулярна. У 2009 годзе тут зьбіраліся паставіць яго бюст. Урэшце ад гэтай ідэі адмовіліся, і бюст, падараваны кіраўніцтвам Сакалінай Гары — раёну ва Ўсходняй адміністрацыйнай акрузе Масквы, перадалі ў музэй. У 2017 годзе насупраць ратушы паставілі памятны знак пра стаўку.

У 2018 годзе магілёўскія ўлады не ўхвалілі ініцыятывы ўсталяваць на ратушы памятную шыльду аб паўстаньні 1 лютага 1661 году. У гарвыканкаме палічылі прапанову «гістарычна неабгрунтаванай», бо «ратуша, пра якую вядзецца гаворка [...], ня мае непасрэднага дачыненьня да сучаснай ратушы, акрамя агульнай пераемнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG