Лібанская армія ў заяве, апублікаванай 8 студзеня, паведаміла, што «мэты першага этапу» пляну дасягнутыя, і што цяпер армейскія сілы кантралююць раёны на поўдзень ад ракі Літані, за выняткам участкаў паблізу мяжы, якія ўсё яшчэ займаюць ізраільскія войскі, піша «Радыё Фарда».
Згодна з пагадненьнем аб спыненьні агню паміж «Хэзбалой» і Ізраілем, якое дзейнічае больш за год, Ізраіль павінен цалкам вывесьці войскі з тэрыторыі Лібану. Аднак Ізраіль працягвае займаць пяць стратэгічных пунктаў паблізу мяжы.
Тым часам ізраільскія вайскоўцы працягваюць праводзіць апэрацыі супраць «Хэзбалы», абвінавачваючы групоўку ў спробах аднавіць сваю ваенную моц. Ізраільскія чыноўнікі таксама паставілі пад сумнеў эфэктыўнасьць намаганьняў лібанскай арміі ў раззбраеньні «Хэзбалы».
«Хэзбала» — лібанская баявая групоўка і палітычная партыя. Злучаныя Штаты лічаць «Хэзбалу» тэрарыстычнай арганізацыяй, але Эўразьвяз унёс яе вайсковае крыло ў чорны сьпіс і ня лічыць яе палітычнае крыло, якое мае прадстаўнікоў у лібанскім парлямэнце, тэрарыстычным.
Згодна з умовамі перамір’я, «Хэзбала» павінна вывесьці свае сілы на поўнач ад ракі Літані і ліквідаваць сваю вайсковую інфраструктуру ў эвакуаваных раёнах.
Форум