Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці маці будуць судзіць за сьнегавікоў, зьлепленых дзецьмі


Фота: Мікіта Яраш (binkl.by)

На жыхарку Берасьцейскага раёну Юлію Нічыпарук 23 студзеня склалі пратакол за ўдзел у несанкцыяваным мерапрыемстве. Падчас акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем дзеці Юліі зьляпілі сьнегавікоў. На аднаго зь іх пазьней наклеілі налепку «Прэч атруту! „Не“ заводу! Гаспадарыць тут народу!».

Што напісалі ў пратаколе?

Адміністрацыйную справу супраць жанчыны 30 студзеня будзе разглядаць Брэсцкі раённы суд, сказаў Свабодзе праваабаронца Раман Кісьляк.

У пратаколе напісана, што 5 студзеня Юлія Нічыпарук, знаходзілася ля акумулятарнага заводу і «без адпаведнага рашэньня Берасьцейскага райвыканкама з мэтай выказваньня групай грамадзян грамадзка-палітычных інтарэсаў і публічнага пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу разьмясьціла ў прысутнасьці ня менш як 25 чалавек улётку з надпісам «„Прэч атруту! Не заводу! Гаспадарыць тут народу!“ і 4 налепкі з надпісамі „Нет заводу АКБ в Бресте, свинец@жизни.нет“, то бок ажыцьцявіла пікетаваньня», — цытуе пратакол Tut.by.

Якія прычыну «пратэсту сьнегавікоў»⛄️?

Як расказала Свабодзе Юлія Нічыпарук, ідэя зрабіць сьнегавікоў-пратэстоўцаў не была мэтай акцыі.

«Мы там былі зь дзецьмі. Дзеці ляпілі сьнегавіка, пасьля папрасілі расфарбаваць яго, гэта была не мэтанакіраваная акцыя, проста ўсё так атрымалася», — сказала Нічыпарук.

Сямʼя Юліі жыве за два кілямэтры ад заводу, разам з мужам жанчына назірала за будаўніцтвам, калі праяжджалі побач.

«Глядзім, у якім ён стане, як ён будуецца, калі ўжо дзяцей ня трэба выпускаць сваіх. Першапачаткова былі супраць, бо ўсё было зроблена цішком, каб ніхто не прыйшоў на абмеркаваньне, ніхто пра гэта не даведаўся, каб ужо максымальна хутка пабудаваць і запусьціць гэты завод. Калі высьветліліся гэтыя шматлікія парушэньні і неадпаведнасьці, мы сталі тройчы супраць і чакалі даступных адказаў, якіх не было, калі спрабавалі нам раты закрыць», — сказала Нічыпарук.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG