Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРСМ і камсамол як школа цынізму


БРСМ і камсамол як школа цынізму
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:34:20 0:00

100-гадовы юбілей камсамолу супраць «ночы расстраляных паэтаў», шакуючы запіс прымусу гімназістаў да ўступленьня ў БРСМ, улада і зброя ад Лукашэнкі для праўладных моладзевых арганізацый — гэта абмяркоўваюць Франак Вячорка, Дзьмітры Гурневіч, Юры Дракахруст і Ганна Соўсь.

Ганна Соўсь: Сёлета ўлады Беларусі на агульнанацыянальным узроўні зладзілі маштабнае сьвяткаваньне 100-й гадавіны камсамолу. Асаблівым зьдзекам выглядала супадзеньне юбілею 29 кастрычніка з чорнай датай беларускай гісторыі — днём масавых расстрэлаў беларускай эліты ў 37-м годзе.

Гэтымі ж днямі Свабода абнародавала таемна зробленае відэа ў адной з менскіх гімназіяў. Гэты ролік вельмі яскрава характарызуе тых, хто сьвяткуе юбілей камсамолу. Франак, вас у коласаўскім ліцэі не заганялі ў БРСМ, але ў войску з ідэалягічным ціскам даводзілася наўпрост сутыкацца. Што вас найбольш уразіла ў гэтым роліку?

Франак Вячорка: Мяне ўразіла, чаму гэты запіс не зьявіўся раней, таму што такіх сытуацый адбываецца шмат у кожнай школе, у кожным горадзе. Як толькі БРСМ быў створаны, гэта ўжо была чынавенская структура, калі кожнаму, хто хацеў зрабіць кар’еру ў спэцслужбах, дзяржаўных органах ці проста выслужыца перад уладамі, абавязкова трэба было прадэманстраваць «корку» БРСМ. Але мяне таксама ўразіла і закранула, як цынічна паводзіць сябе, распавядае, аргумэнтуе неабходнасьць уступленьня ў БРСМ настаўніца. Яна не заслугоўвае, на мой погляд, ні пэдагогам быць, ні ўвогуле мець ніякіх спарваў зь дзецьмі.

Ганна Соўсь: Дзьмітры, на ваш погляд, чаму гэты ролік выклікаў такую моцную і масавую рэакцыю? Тое, што цяперашняя Беларусь натхняецца савецкімі ўзорамі, капіюе, імітуе іх — дык а што ў гэтым новага і нечаканага? Дык гэта ж не хаваецца, наадварот — абвяшчаецца з усіх высокіх трыбунаў...

Дзьмітры Гурневіч: Таму што было парушанае пэўнае табу. Як напрыклад, сытуацыя ў нейкай вельмі вядомай галівудзкай сямʼі, якую мы бачым на ўрачыстасьцях. Усе ўсьміхаюцца, абдымаюцца, выглядаюць шчасьлівымі, а потым высьвятляецца, што муж жонку бʼе ці наадварот, што там алькагалізм, наркотыкі і потым хтосьці кагосьці забівае. І мы зьдзіўляемся, як гэта магчыма. Таксама і тут. Мы ведаем, як выглядаюць беларускія школы 1 верасьня — вельмі ўрачыстыя лінейкі, якіх няма на Захадзе, кветкі, белыя кашулькі, прыгожыя эмоцыі. А тут мы бачым, як гэта выглядае знутры, якім чынам здабываецца ляяльнасьць вучняў, здабываецца не партнэрскасьцю, а менавіта такім чынам.

На сайце гэтай гімназіі ёсьць галасаванка пра самакіраваньне. Гэта ўсё такая паказуха, дзяцей вучаць прымаць рашэньні, быць сьвядомымі, а насамрэч ім кажуць: «Родина сказала: "Надо", комсомол ответил: "Есть"». Пэўнае разбурэньне гэтага табу і прывяло людзей на наш сайт, на сацыяльныя сеткі Свабоды, каб яны паглядзелі, паслухалі той запіс.

Ганна Соўсь: Франак кажа, што зьдзівіўся, чаму запіс не зьявіўся раней, бо такім чынам заганялі ўсе гэтыя гады ў БРСМ. Чаму ж ён не зьявіўся?

Дзьмітры Гурневіч: Таму што бацькі баяцца за лёс сваіх дзяцей. Чаму мы дагэтуль ня бачым публічнай рэакцыі бацькоў? Я, напрыклад, ня бачу, каб бацькі зьвярнуліся ў сьледчы камітэт. Пра гэта не гаворыцца. Магчыма, нешта адбылося, але яны не кантактуюць са СМІ, іх не чутно. Гэта зразумела ў Беларусі. Ці шмат мы ведаем сытуацый, калі фальсыфікуюць выбары, каб такія відэа зьяўляліся? Не, канечне. Але людзі пра гэта гавораць адзін другому.

Ганна Соўсь: Юры, а на што вы зьвярнулі ўвагу ў гэтым роліку? Беларусь — гэта «савок», такая рэакцыя многіх. А які «савок»? Камсамол таксама быў абавязковым. Якія формы прымае «савок» у Беларусі прэзыдэнцтва Лукашэнкі?

Юры Дракахруст: Зразумела, гэта позьні «савок». На сьвяткаваньні камсамолу прыгадвалася, які ён быў энтузыястычны. Ён быў энтузыястычным і адназначна жахлівым у 1920-х гадах. А ў 1960-я, 1970-я, 1980-я (гэта маладосьць таго ж Лукашэнкі) гэта ўжо быў дэкаданс, гэта быў ужо ўпадак гэтай ідэалёгіі і гэтай сыстэмы. І нават па гэтым запісу бачна, як разбураецца сэнс. Калі настаўніца з аднаго боку кажа «Радзіма патрабуе. Вы супраць прэзыдэнта, калі ня ўступіце», то яна апэлюе да ідэйных рэчаў. А потым кажа: «Дзеткі, ды ўступіце вы, пакладзіце паперкі, гэта нічога ня значыць». Гэта відавочная супярэчнасьць. Калі гэтага радзіма патрабуе, то навошта радзіме фармальная працэдура, якую яна сама разумее. Яна ж шчыра кажа: «Дзеці, мне сказалі, што 99 працэнтаў павінна быць». Такі кантраст паміж квазіідэйнасьцю і фармалізмам...

Хаця я бы не казаў, што гэта пустая форма. Менавіта гэтая супярэчнасьць у яе выказваньнях паказвае, што ўступленьне ў БРСМ — гэта прысяга. Калі вы даяце прысягу, нікога не цікавіць, што вы там думаеце, ці верыце ў яе, але сам факт, што вы яе прыносіце ва ўрачыстых умовах, мае пэўныя наступствы для вас і для дзяржавы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG