Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не расстанусь с комсомолом»


Акцыя БРСМ «ВЛКСМ Перазагрузка» ў ПалесДУ

Цікава, каму прайшло ў галаву сьвяткаваць у Беларусі стагодзьдзе ВЛКСМ з такой помпай і шумам? І справа нават не ў спрэчнасьці (вельмі мякка скажам) юбіляра. На нечый погляд і 3 ліпеня — ня самая ўдалая дата ў якасьці Дня незалежнасьці. Але яна афіцыйная, яна сьвяткуецца штогод, паводле пэўнага пратаколу. У круглыя даты — больш шырока, але сьвяткуецца і ў іншыя.

А тут, як той казаў, ні з пушчы ні з поля. 90-ю гадавіну камсамолу сьвяткаваць не прыходзіла ў галаву, ці якую 97-ю.

Камсамольскае сьвята міністра-камуніста

Не выключаю, што гэта — аргумэнт у спрэчках, ці значаць нешта міністры і іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі. Міністрам адукацыі ў Беларусі ўжо пэўны час кіраўнік Камуністычнай партыі Ігар Карпенка. Так, ён такі ж выканаўца вярхоўны волі, як і любы быў бы на яго месцы. Але на сёе-тое і выканаўцы ўплываюць. Магчыма, быў бы міністар не такім аматарам Леніна, дык і сьвяткаваньне было б больш сьціплым.

Пацьверджаньнем маёй думкі зьяўляецца той чыньнік, што сьвяткаваньне ішло пераважна па лініі ўстановаў адукацыі, а не, скажам, заводаў ці якіх іншых дзяржаўных прадпрыемстваў. Далі б каманду, дык паставілі б па стойцы «зважай» і іх. Але не далі. Бо лянота. Карпенку тое карцела, ну дык ён і напінаўся.

Але напэўна, гэта не адзіная прычына. Пра тое сьведчыць сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі сёньняшніх нашчадкаў камсамолу — БРСМ. У тым жа рэчышчы — нядаўні выступ кіраўніка дзяржавы перад моладзьдзю ў Гародні.

«Не прэзыдэнцкая справа ў планшэт пальцамі тыкаць»

Прычына такой увагі — напэўна ў адчуваньні, што ўлада губляе моладзь (калі наагул яе некалі мела). Тут справа нават не ў ідэйнай, а ў культурнай прорве.

У Лукашэнкі ўвесь лад яго думак прасякнуты вясковым досьведам. Гэта нават не ў папрок. Проста Беларусь — даўно гарадзкая краіна. І што моладзі той вясковы лад?

Памятаю, некалі гадоў таму, калі прэзыдэнтам у Расеі быў Дзьмітры Мядзьведзеў, Лукашэнку спыталі: А вы карыстаецеся пляншэтам, іншымі гаджэтамі? Ён адказаў: Не прэзыдэнцкая гэта справа туды пальцамі тыкаць, вось у мяне Коля гэтым займаецца.

Так, менавіта. Для Колі Лукашэнкі гэта ўжо неад’емная частка жыцьця, для яго бацькі — нешта недарэчнае. Ну дык і з усёй моладзьдзю ва ўлады такі, найперш стылёвы, культурны разрыў. У дзяржавы манаполія на ТБ, амаль манаполія на друкаваныя выданьні. Але праблема ў тым, што моладзь усё менш карыстаецца гэтымі мэдыя, яе стыхія — інтэрнэт, сацыяльныя сеткі. А хто там вядзе рэй? Ну прынамсі ня толькі дзяржава.

Трэба нешта рабіць. А што? Беларуская ўлада ня толькі немаладая, але і олдскульная, старамодная ў сваіх густах. Вось у гады нашай маладосьці камсамол жа быў о-го-го. Ленін кепскае не прыдумаў бы. Ну дык і трэба аднавіць, адрадзіць, працавала ж тады.

«Комиссары в пыльных шлемах»

Насамрэч не працавала ўжо і тады, у гады юнацтва кіраўніка дзяржавы. Тут цікавая эвалюцыя. Беларуская ўлада дагэтуль зь любой нагоды апэлюе да досьведу Другой сусьветнай. І гэта як раз не пазбаўлена рацыі, гэта сапраўды адна з каштоўнасьцяў грамадзтва, народу, і не адно прапаганда іх мацуе.

Але іншым, хіба ня менш важным, слупом савецкай прапаганды была рэвалюцыя і грамадзянская вайна. Зьнікла, выпарылася, выпусташылася ўшчэнт. Гэты другі слуп зьнік амаль імгненна, адразу ж пасьля краху камунізму. Таму што насамрэч, у душах, абрынуўся задоўга да 1992 году, зьнік у 70-х-80-х гадах.

Камсамольскія мэтады і формы работы з моладзьдзю. ВІДЭА
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:04 0:00

Як і камсамол. Які тады стаў ужо насамрэч школай абсалютнага, неабсяжнага цынізму. Яшчэ ў 60-я Булат Акуджава сьпяваў пра «комиссаров в пыльных шлемах». І гэта было шчыра. Празь якіх 10 гадоў гэта выклікала адно зьедлівую ўсьмешку: Вам, уладзе, дарослым, трэба тыя «пыльныя шлемы» — дык я пяць разам надзену, абы не перашкаджалі мне жыць маім жыцьцём, рабіць карʼеру, нечага дасягаць.

Гэта ўжо тады было так. Машына часу пад назвай БРСМ калі і можа вярнуць у мінулае, то не ў жахлівае, але і энтузыястычнае пострэвалюцыйнае мінулае, у якія 20-я гады, а ў «блаславёныя» часы «дарагога Леаніда Ільіча».

Камсамол як магільшчык камунізму

Гэта бачна па тых дэталях, якія зараз робяцца вядомымі пра сёлетняе сьвяткаваньне юбілею ВЛКСМ. Рэакцыя моладзі, зацягнутай на гэтыя мерапрыемствы — як жа вы дасталі са сваім камсамолам. А выходны дадуць, а залік аўтаматам паставяць, а зьніжку дадуць? Горны, гальштукі, дзядуля Ленін, БАМ, цаліна — якое дачыненьне да гэтага адстою маем мы, гэта яны ўсёрьʼёз прапануюць нам, зь інтэрнэтам, адкрытымі межамі, прыватным бізнэсам?

І гэта не апазыцыя, не дэклярацыя іншых ідэйных каштоўнасьцяў. Гэта ўцёкі ў прыватнасьць, у спажываньне, у свае справы — дзядзі і цёці, вы нас і праўда трымаеце за дурняў? Не, калі трэба, дык калі ласка, мы паскачам у вашым цырку. Шкада хіба? Але верыць, што гэта сьвятая містэрыя... Гыгы.

Мяркую, што спробы адрадзіць камсамол хоць у якой форме ня тое, што не ўмацуюць рэжым. Як бы не наадварот. Варта прыгадаць, што ў 80-я-90-я менавіта камсамольцы сталі першапраходцамі яшчэ савецкага і постсавецкага капіталізму, ён вырас зь безьлічы разнастайных структурак кшталту НТТМ пры камітэтах камсамолу. Камсамольцы той эпохі ў пэўным сэнсе і сталі галоўнымі магільшчыкамі камунізму.

Раздаць БРСМу аўтаматы

Ну і зараз яно прыкладна тое самае. І ня толькі ў Беларусі. У Расеі таксама, хаця там, здавалася б, усё рабілася і робіцца больш сучасна і больш тонка. Але вось натрапіў днямі на інтэрвію Захара Прылепіна, вядомага расейскага пісьменьніка, аднаго з адэптаў «рускага сьвету», які сам ваяваў у Данбасе на баку сэпаратыстаў. Дык ён казаў, што бачыў там нямала расейцаў-добраахвотнікаў, але ніводнага прадстаўніка створаных Крамлём моладзевых рухаў — «Наши», «Идущие вместе» і г. д.

А Лукашэнка абяцае нават раздаць аўтаматы брсмаўцам у выпадку, калі, барані Бог, нешта здарыцца. Яны ўжо наваююць. Прылепіна б хоць паслухалі.

Ну а абяцаныя ўладныя паўнамоцтвы юным брсмаўцам прыдадуцца. Яны і так зʼарыентаваныя на карʼеру, на тое, каб да тых паўнамоцтваў дарвацца як раней. Атрымаецца раней — тым лепш.

У чаканьні беларускага Квасьнеўскага

Іронія гісторыі палягае ў тым, што суседнюю Польшчу ў NATO і Эўразьвяз прывёў прэзыдэнт-былы камсамолец Аляксандар Квасьнеўскі. Змагаліся за гэта, гінулі, пакутвалі іншыя. А прывёў ён. І паўнамоцтвамі скарыстаўся. За «круглым сталом» з апазыцыяй у 1989 годзе ён сядзеў па ўладны бок, быўшы міністрам камуністычнай Польшчы.

Хто ведае, можа адзін з тых брсмаўцаў, які сёньня ловіць кожнае слова Лукашэнкі і ладзіць сьвяткаваньне камсамольскага юбілею, некалі прывядзе Беларусь у NATO і Эўразьвяз.

Гэта прынамсі выглядае значна больш імаверным, чым паўстаньне жалезных моладзевых батальёнаў, гатовых ахвяраваць сабой у імя правадыра.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG