Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юбілей якога камсамолу сьвяткуюць у Беларусі


Кастрычніцкая плошча з бігбордамі да 100-годдзя ВЛКСМ

У Беларусі на дзяржаўным узроўні адзначаюць 100-годзьдзе камсамолу. Сьвяткуюць так, нібы ВЛКСМ дагэтуль жывы, а ня быў ціха распушчаны яшчэ ў верасьні 1991-га з прычыны поўнага банкруцтва камуністычнай практыкі і незапатрабаванасьці камуністычнай ідэі.

Адкрываюцца музэйныя экспазыцыі, выдаюцца кнігі і альбомы, друкуюцца паштовыя маркі, узводзяцца помнікі. Завершыцца «камсамольскі тыдзень» павінен 29 кастрычніка ўрачыстым сходам і сьвяточным канцэртам у Палацы Рэспублікі: усё ў адпаведнасьці з адмысловым распараджэньнем ураду, падпісаным прэмьерам Кабяковым яшчэ ў лютым.

Нехта мне, магчыма, запярэчыць: у Беларусі пры падтрымцы ўлады дзейнічае БРСМ, які лічыць сябе пераемнікам колішняга камсамолу, ягоным ідэйным прадаўжальнікам. Вось таму, уласна, 100-годзьдзе і вырашана адзначаць на дзяржаўным узроўні.

Кастрычніцкая плошча з бігбордамі да 100-годдзя ВЛКСМ
Кастрычніцкая плошча з бігбордамі да 100-годдзя ВЛКСМ

Але ў чым выяўляюцца гэтыя пераемнасьць і прадаўжэньне? 29 кастрычніка 1918 году быў створаны РКСМ — Расейскі камуністычны саюз моладзі. Ніякіх беларускіх прадстаўнікоў у ім не было. Увогуле, Масква на той час фактычна не кантралявала тэрыторыю Беларусі: нямецкія войскі стаялі на лініі Полацак — Ворша — Ветка; Беларусь, за выключэньнем некалькіх усходніх раёнаў, была пад акупацыяй.

А якія ідэйныя падмуркі заклалі першыя камсамольцы? Вось радкі зь першай праграмы РКСМ, прынятай 100 гадоў таму:

«Ведучы зь дзяцінства цяжкую барацьбу за існаваньне, пазбаўленая радасьцяў жыцьця моладзь рабочых кварталаў поўная нянавісьці да капіталізму і гатовасьці да барацьбы за вызваленьне пралетарыяту».

Якая ж тут пераемнасьць ідэалаў?

Ды першыя савецкія камсамольцы такіх «камсамольцаў», як цяперашнія, ставілі да сьценкі альбо даносілі на іх у ВЧК — як на «эксплуататараў працоўнага народу», «здраднікаў пралетарскай справы», «ачмураных папоўскай і буржуйскай прапагандай».

Кастрычніцкая плошча з бігбордамі да 100-годдзя ВЛКСМ
Кастрычніцкая плошча з бігбордамі да 100-годдзя ВЛКСМ

А што зьмянілася пазьней? Апошнія камсамольскія функцыянэры ў канцы 80-х і на пачатку 90-х замест таго, каб абараняць камуністычныя ідэалы, былі ў першых шэрагах тых, хто імкнуўся адхапіць кавалак ад агульнанароднай уласнасьці і стаць першым посткамуністычным буржуа. І такі ж дамагліся свайго. Сярод тых, хто прыбраў да рук былую камсамольскую ды партыйную ўласнасьць і сёньня лічацца ўплывовымі і заможнымі бізнэсоўцамі, якраз многія былыя камсамольскія сакратары ды актывісты.

Уласна беларускі камсамол быў створаны толькі 24 верасьня 1920-га. Чаму не ад гэтай даты вядуць адлік цяперашнія функцыянэры БРСМ?

Зрэшты, калі паглядзець, якое месца займаюць у ідэалёгіі цяперашняга «камсамолу» нацыянальныя беларускія каштоўнасьці, дык выбар метавіта такога пункту адліку зразумелы. Камсамол савецкай Беларусі (ЛКСМБ), канечне, таксама не вызначаўся вялікай павагай да беларускай культуры і мовы. Але хоць бы напаказ, дзеля прыліку нацыянальная мова там выкарыстоўвалася: у вонкавым афармленьні камсамольскіх узнагарод, у выглядзе галоўнага дакумэнту камсамольца — камсамольскага білета, які быў «дзьвюхмоўным».

А што цяпер, у БРСМ? Ніводнага тэкста па-беларуску на сайце БРСМ я не знайшоў. Пра беларускамоўную вэрсію сайта і казаць няма чаго. Білет сёньняшняга беларускага «камсамольца» — толькі па-расейску. Дарэчы, вонкава ён нагадвае хутчэй дысконтную карту якога-небудзь гіпэрмаркета, чым дакумэнт ідэйнага актывіста.

Тут табе і магнітная паласа для дысконтнай праграмы, і лагатып камэрцыйнага партнэра... Колішнім камсамольцам, якія былі ў ВЛКСМ, цяжка ўявіць, каб які-небудзь камсамольскі паэт сучаснасьці напісаў пра такі білет нешта падобнае на патасны куляшоўскі верш, які ў свой час ведаў на памяць кожны беларускі школьнік:

Цьвёрда трымаўся юнак на дапросе,
Тоячы словы і думкі свае.
Вораг-жандар дакурыў папяросу
І камсамольскі білет аддае.

— Вось і білет твой, — сказаў ён ласкава, —
І ад яго на вачах у людзей
Ты адцурайся; выгодная справа:
Жыць застанесься, — жыццё даражэй...
Кастрычніцкая плошча з бігбордамі да 100-годдзя ВЛКСМ
Кастрычніцкая плошча з бігбордамі да 100-годдзя ВЛКСМ

Беларускія чыноўнікі, адказваючы на пытаньне пра тое, чаму раптам дзяржава ўзялася за сьвяткаваньне камсамольскага юбілею, спасылаюцца на неабходнасьць беражлівага стаўленьня да гісторыі. Маўляў, усё гэта было — і БАМ, і будатрады, і ўдарныя камсамольскія будоўлі... Але ў гісторыі ВЛКСМ было і шмат іншага: зьнішчэньне храмаў і зьнявага сьвятароў у складзе камсамольскіх брыгад «ваяўнічых бязбожнікаў», «раскулачваньне» і вынішчэньне найбольш працавітых сялян, ударная камсамольская дапамога органам НКВД у выкрыцьці «ворагаў народу, шпіёнаў і дывэрсантаў»... Пра гэтыя гістарычныя факты ў часе сьвяткаваньня нідзе ня згадваецца.

Да 100-годзьдзя ВЛКСМ на сайце БРСМ падрыхтавалі «Інтэрактыўную галерэю першых сакратароў Цэнтральнага камітэту». Адкрывае яе партрэт Маісея Ахманава, які ніякім сакратаром ЦК ня быў — узначальваў расейскі абкам камсамолу Заходняй камуны ў 1918 годзе. Але ж, відаць, стваральнікі галерэі, імкнучыся да гістарычнай дакладнасьці, вырашылі пералічыць усіх камсамольскіх правадыроў, якія працавалі на беларускай тэрыторыі?

Прыгледзеўся да галерэі больш пільна. Ды дзе там! Пэрыяд з 1991-га па 1994 год увогуле выпаў, нібы яго і не было. У чым справа? Ці ня ў тым, што Саюз моладзі Беларусі ў гэтыя гады ўзначальваў Аляксандар Фядута — палітык, які з прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі ператварыўся ў ягонага апанэнта, а потым і палітвязьня, які пацярпеў за свой удзел у прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году? Так калісьці камсамольцы 30-40-х вырэзвалі альбо замазвалі чорным чарнілам партрэты сваіх рэпрэсаваных калег, зь якімі яшчэ ўчора рабілі агульную камсамольскую справу. Што тут скажаш: пераемнасьць камсамольскіх пакаленьняў у дзеяньні.

Кастрычніцкая плошча з бігбордамі да 100-годдзя ВЛКСМ
Кастрычніцкая плошча з бігбордамі да 100-годдзя ВЛКСМ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG