Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія студэнты паскардзіліся: заганяюць сьвяткаваць 100 гадоў ВЛКСМ


Акцыя БРСМ «ВЛКСМ Перазагрузка» ў ПалесДУ
Акцыя БРСМ «ВЛКСМ Перазагрузка» ў ПалесДУ

Сьвяткаваньне 100-годзьдзя камсамолу адбываецца ў многіх ВНУ Беларусі. Як пішуць самі студэнты ў сацыяльных сетках, часам яно «дабраахвотна-прымусовае».

Навучэнцы беларускіх унівэрсытэтаў наракаюць на тое, што іх прымушаюць наведваць сьвяткаваньні 100-годзьдзя савецкага ВЛКСМ 29 кастрычніка, якія ладзіць цяперашні БРСМ, які лічыць сябе «пераемнікам» савецкага камсамолу.

Так, студэнты БДУ наракаюць на «разнарадкі» на наведваньне выставы да 100-годзьдзя ВЛКСМ і адкрытай лекцыі пра камсамол дэкана Вадзіма Гігіна.

Вадзім Гігін заявіў з гэтай нагоды Свабодзе:

«Я прачытаў лекцыю, мы пагутарылі з моладзьдзю, з майго пункту гледжаньня добра. Пра тое, ці была сустрэча добраахвотнай, спытайце ў камітэце БРСМ. Там шмат імпрэз з гэтай нагоды адбываецца»​.

Кіраўніцтва камітэту БРСМ БДУ пакуль недаступнае.

Падобнае студэнты пішуць пра Воршу. У іншых месцах абяцаюць за наведваньне вызваліць ад заняткаў або задаюць творчыя заданьні, зьвязаныя з камсамолам. У сьвяткаваньнях выкарыстоўваюцца ў тым ліку партрэты Сталіна.

Акцыі да 100-годзьдзя ВЛКСМ трываюць ад 22 кастрычніка, працягнуцца да 30-га. У некаторых ВНУ імпрэзы заплянаваныя на кожны дзень.

Студэнтаў заклікаюць «назад у камсамол».

Абвяшчаюць «перазагрузку ВЛКСМ», адзначаюць «стыльнае» адзеньне савецкай эпохі.

І нават абяцаюць у якасьці «спэцыяльнага госьця» былога кіраўніка СССР Леаніда Брэжнева (памёр у 1982 годзе).

А ў прынамсі адной гарадзенскай школе правялі лекцыю пра камсамол зь «перадвызначанымі» пытаньнямі з аўдыторыі.

​Паўтара месяца таму БРСМ задумаўся пра рэбрэндынг «без камсамолу», але 100 гадоў камсамолу ўсё ж адзначае — так раней вырашыў урад.

***

БРСМпраўладная арганізацыя, якая фінансуецца зь дзяржаўнага бюджэту. Аляксандар Лукашэнка прылічвае БРСМ да грамадзянскай супольнасьці.

Арганізацыя была ўтвораная ў 2002 годзе праз аб’яднаньне «Беларускага саюзу моладзі» і «Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі», БРСМ лічыць сябе пераемнікам савецкага камсамолу і актыўна падтрымлівае палітыку дзейных уладаў.

Паводле самой арганізацыі, у яе ўваходзяць 477,5 тысячы чалавек (у тым ліку 16,2 тысячы ў «моладзевых атрадах аховы парадку»), але шмат беларусаў заяўлялі аб прымусовым або тайным запісе ў БРСМ. Генпракуратура сёлета злавіла БРСМ на «прыпісках» у студэнцкіх працоўных атрадах.

31-гадовы Дзьмітры Варанюк узначаліў БРСМ у траўні 2018 году. Папярэдні кіраўнік арганізацыі Андрэй Белякоў быў звольнены, паводле неафіцыйнай інфармацыі, за «правал у працы». Белякоў застаецца сябрам Савету Рэспублікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG