Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 год ВЛКСМ як уладная альтэрнатыва 100-годзьдзю БНР


Урад Беларусі вырашыў маштабна адзначыць 100-годзьдзе ВЛКСМ. Распараджэньнем прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова створаны Рэспубліканскі аргкамітэт па сьвяткаваньні, які ўзначаліў міністар адукацыі Ігар Карпенка, былы кіраўнік Кампартыі Беларусі.

Навошта чыноўнікам такое сьвята, у інтэрвію Свабодзе разважаюць былы камсамольскі функцыянэр, ляўрэат прэміі Ленінскага камсамолу і адзін з ініцыятараў сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР.

Пальчыс: «Гэта спроба ўтрымацца на саўковай ідэалёгіі»

Эдуард Пальчыс, архіўнае фота
Эдуард Пальчыс, архіўнае фота

Адзін з ініцыятараў сьвяточнага адзначэньня 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі блогер Эдуард Пальчыс перакананы, што ўлады вырашылі згуляць на «саўковых» настроях людзей.

На яго думку, распараджэньне прэм’ер-міністра і склад аргкамітэту па сьвяткаваньні 100-годзьдзя ВЛКСМ цалкам упісваюцца ў канцэпцыю, якую нядаўна агучыў Аляксандар Лукашэнка, прамовіўшы, што «вам, нам за мінулае нашых спэцслужбаў, чэкістаў саромецца няма чаго».

«Гэта спроба ўтрымацца на саўковай камуністычнай ідэалёгіі, на якой шмат чаго было пабудавана ў грамадзка-палітычным, культурніцкім жыцьці ў апошнія 20 гадоў. Гэта адзінае, што засталося, таму што ўласна беларуская ідэалёгія, тыя падручнікі па ідэалёгіі, якія Лукашэнка спрабаваў упіхваць у ВНУ, ужо непапулярная. І яны спрабуюць гуляць на камуністычных, саўковых настроях. Але ўсё гэта вельмі прымітыўна, убога. Да таго ж гэта ўсё за грошы падаткаплатнікаў арганізоўваецца».

Паводле Эдуарда Пальчыса, гэта такі «своеасаблівы адказ уладаў на дэсаветызацыю і на тое, што грамадзтва патрабуе чагосьці нацыянальнага, беларускага.

«Летась былі Курапаты, сёлета мы будзем сьвяткаваць 100-годзьдзе БНР, і яны вымушаныя неяк рэагаваць, прапаноўваць альтэрнатыву. І вось такую альтэрнатыву яны прапаноўваюць, дастаўшы з нафталіну ВЛКСМ».

Вазьняк: «Будуць сьвяткаваць чыноўнікі і парадыйная на камсамол арганізацыя — БРСМ»

Сяргей Вазьняк
Сяргей Вазьняк

Былы сакратар ЦК ЛКСМБ Сяргей Вазьняк назваў сябе «чалавекам зь вялікім камсамольскім стажам, які цёпла ўзгадвае камсамол». Асабіста ён зьбіраецца сьвяткаваць 100-годзьдзе ВЛКСМ.

Што тычыцца складу аргкамітэту, прызначанага самім прэм’ер-міністрам, спадару Вазьняку незразумела, чаму там няма тых людзей, якія сёньня насамрэч працягваюць традыцыі камсамолу, напрыклад, з моладзевага крыла партыі «Справядлівы сьвет».

«Камсамол — дарэчы, ня з назвай БРСМ, а сапраўдны, Ленінскі камуністычны саюз моладзі Беларусі — зарэгістраваны ў Міністэрстве юстыцыі дагэтуль. Зноў дзяржава, урад аддзяляюць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці ад сьвяткаваньня. Будуць сьвяткаваць чыноўнікі і парадыйная арганізацыя на камсамол — БРСМ. Гэта проста стопрацэнтная пародыя на камсамол, якая ўмудрылася ўзяць з камсамолу ўсё горшае, што ў ім было. А правядуць гэтыя сьвяткаваньні яны дрэнна, без душы».

Някляеў: «Абсалютна фальшывае сьвята»

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Паэт Уладзімер Някляеў у 1979 годзе стаў ляўрэатам прэміі Ленінскага камсамолу за паэму «Дарогі дарог» і кнігу вершаў «Вынаходцы вятроў».

Ён не адмаўляе сваёй прыналежнасьці да камсамолу і рэальнай гісторыі, кажа, што сьвяты людзям патрэбныя, але не такія, як адзначэньне 100-годзьдзя ВЛКСМ.

«Фальшывае абсалютна будзе гэтае сьвята. У тым аргкамітэце няма ніводнага, хто б з былым запалам засьпяваў нейкую камсамольскую песьню. Усе людзі прымусова прызначаныя, і так яны прымусова зьляпаюць нікому не патрэбнае сьвята.

Сьвядомасьць гэтых людзей — Кабякова і ўсіх астатніх, хто сёньня на паслугах улады — лукашэнкаўская, а лукашэнкаўская сьвядомасьць — савецкая. І ў ёй нямашака, на жаль, нямашака беларускага нацыянальнага складніка. Усё выхаваньне, уся так званая адукацыя былі збудаваныя на савецкасьці», — кажа Ўладзімер Някляеў.

А сапраўдная нацыянальная гісторыя — гэта якраз Беларуская Народная Рэспубліка, Вялікае Княства Літоўскае, БССР і Рэспубліка Беларусь, перакананы Някляеў.

«І гэтую дзялянку трэба апрацоўваць, паглыбляць, даваць глыбіню таму, што ў нас засталося ззаду. Бяз гэтага наагул нельга стварыць дзяржаву. З гэтай выдуманай абсалютна ня нашай гісторыяй у нас няма ніякай пэрспэктывы — са сьвяткаваньнямі 100-годзьдзя рэвалюцыі і ВЛКСМ», — сказаў Уладзімер Някляеў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG