Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы — гэта нацыя без агульнага мінулага


Апазыцыя і дэмакратычная супольнасьць рыхтуюцца ўрачыста адзначыць 100-годзьдзе ўтварэньня БНР. Улады плянуюць на дзяржаўным узроўні адзначыць 100-годзьдзе камсамолу. Гэта вельмі наглядная ілюстрацыя палітычнага, ідэалягічнага, сьветапогляднага расколу беларускага грамадзтва. Гэта ня проста сьвяткаваньне розных гістарычных дат. Гэта прынцыпова рознае ўяўленьне пра тое, як фармаваць беларускую ідэнтычнасьць.

Адзначэньне юбілею БНР — гэта імкненьне апазыцыйнай часткі грамадзтва падвесьці пад беларускую ідэнтычнасьць этнакультурную глебу. Менавіта гэта і пужае ўладу. У выніку кожны год Дзень Волі становіцца момантам самага глыбокага грамадзкага канфлікту. Узгадайма, што адбывалася ў Менску 25 сакавіка 2017 году.

Цяпер улады на пэўным раздарожжы, на ростанях. Яны яшчэ ня вызначыліся, як ставіцца да 100-годзьдзя БНР. Кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава, адказваючы на пытаньні журналістаў падчас зьезду «Белай Русі», не магла сказаць нічога пэўнага. Зьменлівасьць і хісткасьць палітычнай каньюнктуры вынікае з таго, што ўсё залежыць ад пазыцыі, нават настрою аднаго чалавека. І вышэйшы пілятаж намэнклятурнага майстэрства палягае ў тым, каб угадаць, што думае наконт гэтага Лукашэнка, разгадаць ягоныя прарочыя сны.

Вось каньюнктура хістанулася ў адзін бок, і Павал Якубовіч выцягнуў на дзяржаўны ўзровень тэму ўшанаваньня Курапатаў. Генадзь Давыдзька прадэманстраваў майку з «Пагоняй». Яшчэ 19 студзеня ён казаў, што «мы павінны разам сьвяткаваць 100 гадоў БНР». А ўжо праз два тыдні ён, як думаў, улавіў новую каньюнктуру, пераарыентаваўся і ўзгадаў пра заклікі нашчадкаў БНР да Гітлера. Але гэта яго не ўратавала, з высокай дзяржаўнай пасады Давыдзька быў зьняты. Відаць, нечага не ўгадаў.

Зьвярніце ўвагу, да савецкага мінулага ўлады зьвяртаюцца выбарачна. 100-годзьдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі на дзяржаўным узроўні фактычна не сьвяткавалі. А вось дзеля адзначэньня 100-годзьдзя камсамолу па распараджэньні прэмʼер-міністра створаны адмысловы камітэт на чале зь міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам. Хоць дзьве гэтыя падзеі савецкага мінулага непараўнальныя па маштабе. Чаму так?

Лёгіка простая. Лукашэнка апэлюе да таго, што ёсьць у гістарычнай памяці народу. Вэтэранаў Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі даўно няма. Дый сама гэтая падзея на постсавецкай прасторы ацэньваецца хутчэй нэгатыўна.

А вэтэранаў камсамолу — вельмі шмат. Практычна ўсе савецкія людзі прайшлі праз ВЛКСМ. Прычым большасьць звычайных абывацеляў асацыююць камсамол не зь бюракратызмам, казёншчынай, фармалізмам, прымусам і афіцыёзным занудзтвам, а хутчэй са сваёй маладосьцю. А маладосьць заўсёды ўзгадваецца са знакам плюс. На гэта і робіцца разьлік.

Зразумела, тут уплывае і асабістая настальгія Лукашэнкі. Больш за два гады свайго жыцьця ён працаваў у камсамоле. Пасьля заканчэньня Магілёўскага пэдынстытуту ён быў сакратаром камітэту камсамолу школы. Потым пасьля прызыву ў войска Лукашэнка займаў пасаду інструктара палітаддзелу па камсамоле ў памежнай частцы. Пасьля службы кароткі час працаваў сакратаром камітэту камсамолу гархарчгандлю ў Магілёве.

Важна адзначыць, што мінулае расколвае беларускае грамадзтва, бадай, ня менш, чым сучаснасьць. Беларусы — гэта нацыя без агульнага мінулага. І гэта, можа, большая праблема, чым нейкія цяперашнія бягучыя канфліктныя пытаньні.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

100 год ВЛКСМ як уладная альтэрнатыва 100-годзьдзю БНР

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG