Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы, роля, ідэалёгія. 5 фактаў пра БРСМ, куды ў Менску заганялі школьнікаў


Лягатып БРСМ

30 кастрычніка Радыё Свабода апублікавала відэа, зьнятае вучнямі менскай гімназіі № 31, на якім чуваць, як настаўнікі прымушаюць іх уступаць у БРСМ. Запіс стаў вірусным, яго апублікавалі вядучыя мэдыя, на яго зьмест адрэагавалі ў Мінадукацыі.

Што такое БРСМ?

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) — праўладная арганізацыя, утвораная ў 2002 годзе праз аб’яднаньне «Беларускага саюзу моладзі» і «Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі».

Аляксандар Лукашэнка прылічвае БРСМ да грамадзянскай супольнасьці.

«БРСМ — клясычная арганізацыя, створаная дзяржаваю пад выглядам грамадзкага аб’яднаньня. Зьява добра вядомая ў сьвеце і характэрная для недэмакратычных рэжымаў. Такія арганізацыі атрымалі нават адмысловую назву — GONGO (Арганізаваныя дзяржавай недзяржаўныя арганізацыі. — РС), — тлумачыць палітоляг Валер Карбалевіч. — На першым часе ў Беларусі абдзяржаўленыя структуры маскаваліся пад сапраўдныя грамадзкія арганізацыі. Але ў 2003 годзе Аляксандар Лукашэнка выдаў спэцыяльны ўказ аб статусе „дзяржаўна-грамадзкіх аб’яднаньняў“, дзе ўсё названа сваімі імёнамі».

Актывісты БРСМ на суботніку ў Курапатах
Актывісты БРСМ на суботніку ў Курапатах

Колькі сяброў у шэрагах арганізацыі?

Паводле самой арганізацыі, у яе ўваходзяць 477,5 тысячы чалавек (у тым ліку 16,2 тысячы ў «моладзевых атрадах аховы парадку»), але шмат беларусаў заяўлялі пра прымусовы або таемны запіс у чальцы БРСМ.

Якая ідэалёгія БРСМ?

БРСМ лічыць сябе пераемнікам савецкага камсамолу і актыўна падтрымлівае палітыку дзейных уладаў.

«Яго функцыя — кантроль за моладзьдзю. Калі савецкі камсамол меў пэўную ідэалёгію, то ў БРСМ ніякай ідэалёгіі няма, — перакананы Валер Карбалевіч. — Усё, што ад яго патрабуецца, — гэта забясьпечыць ляяльнасьць моладзі існаму рэжыму і яго лідэру. У арганізацыю ўбухалі немалыя бюджэтныя сродкі. Сябрам БРСМ дадзеныя льготы ў сфэры сэрвісу і адпачынку. Інакш кажучы, адбываецца элемэнтарны подкуп у абмен на ляяльнасьць».

У траўні 2018 году БРСМ узначаліў 31-гадовы Дзьмітры Варанюк.

Нягледзячы на тое, што БРСМ з новым кіраўніком задумаўся пра рэбрэндынг без «камсамолу», арганізацыя выконвае пастанову ўраду аб сьвяткаваньні 100-годзьдзя камсамолу, у тым ліку з выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу.

Чаго ад БРСМ чакае Лукашэнка?

На аб’яднальным зьезьдзе o 2002 годзе Аляксандар Лукашэнка заявіў, што арганізацыя павінна стаць магутным рэзэрвам кадраў для ўсёй дзяржаўнай сыстэмы.

Як паказвае дасьледаваньне Свабоды, лёс кіраўнікоў БРСМ у розныя гады склаўся па-рознаму, хоць для большасьці зь іх моладзевая арганізацыя сапраўды стала кар’ерным трамплінам у кіраўнічай вэртыкалі ўладаў.

Днямі на мерапрыемстве да 100-годзьдзя савецкага камсамолу — ВЛКСМ Аляксандар Лукашэнка сказаў чальцам БРСМ «зрабіць так, каб арганізацыя стала ў добрым сэнсе слова па-сапраўднаму баяздольнай». Але дадаў: «цягнуць гвалтам» у арганізацыю нікога ня трэба: галоўнае — гэта ўплываць на моладзь, якая засталася па-за арганізацыяй.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў Другую сусьветную вайну «камуністы і камсамольцы ішлі наперад», і заявіў, што ў выпадку вайны разьлічвае на БРСМ.

Хто фінансуе арганізацыю?

Арганізацыя дзейнічае як на ўнёскі чальцоў, так і на грошы зь дзяржаўнага бюджэту.

У студзені Лукашэнка Сваім указам падоўжыў на тры гады бюджэтнае фінансаваньне БРСМ. У 2018 годзе на патрэбы арганізацыі выдзелілі самую вялікую за апошнія 10 год суму ў беларускіх рублях — 6,8 мільёна. Гэта, напрыклад, у сем разоў болей, чым у 2007 годзе.

Паводле некаторых падлікаў, за апошняе дзесяцігодзьдзе на падтрымку праўладнай арганізацыі зь бюджэту пайшло звыш 50 мільёнаў даляраў.

Фактограф. Ці праўда, што за гадавы бюджэт БРСМ можна пабудаваць новы дзіцячы садок?

«Арганізацыя працуе непразрыста і неэфэктыўна, — лічыць эканаміст, кіраўнік праекту «Кошт ураду» Ўладзімер Кавалкін. — І паколькі тэндэры на мерапрыемствы [якія арганізуе БРСМ] не праводзяцца, адпаведна, арганізацыі грамадзянскай супольнасьці ня могуць у іх удзельнічаць і спаборнічаць за атрыманьне фінансаваньня. Таму і матыву неяк паляпшаць сваю працу [у БРСМ] няма, бо ўсё роўна грошы зь бюджэту дадуць. У выніку атрымліваецца праца дзеля працы, дзеля справаздач і паперы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG