Кіраўнік БРСМ параўнаў расстрэлы 1937 году зь перадачамі РЕН-ТВ. Пасьля выбачаўся

абноўлена
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Першы сакратар БРСМ Дзьмітры Варанюк у камэнтарах пад пастом у афіцыйнай суполцы арганізацыі ва «​Укантакце» параўнаў расстрэлы ў ноч з 29 на 30 кастрычніка зь перадачамі тэлеканалу РЕН-ТВ. І назваў гэты дзень сьвяточным.

​У размове са Свабодай Варанюк патлумачыў, што ў арганізацыі 29 кастрычніка будзе сьвяточным днём у гонар 100-годзьдзя камсамолу. Але дадаў, што сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі сапраўды былі.

Дзьмітры Варанюк
Дзьмітры Варанюк

«Часам гістарычныя факты, пра якія мы кажам, ператвараюцца ў разнастайныя спэкуляцыі і ілжывыя паведамленьні, часам нават ствараюцца міты», — патлумачыў сваю пазыцыю Варанюк.

Ён дадаў, што лічыць 29 кастрычніка жалобнай датай для шматлікіх людзей, якіх закранулі рэпрэсіі. Гэтую тэму, паводле яго, ня трэба палітызаваць і выдзіраць словы з кантэксту.

Пазьней Дзьмітры Варанюк зьмясьціў у сваім профілі «ВКонтакте» прабачэньне перад тымі, «чые лёсы закранулі падзеі масавых расстрэлаў на тэрыторыі Беларусі».

Акцыі да 100-годзьдзя ВЛКСМ трываюць ад 22 кастрычніка, працягнуцца да 30-га. У некаторых ВНУ імпрэзы заплянаваныя на кожны дзень. Беларускія студэнты паскардзіліся, што іх заганяюць прымаць удзел ва ўрачыстасьцях.

За адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году НКВД беспадстаўна расстраляла больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў.

28-29 кастрычніка і 4 лістапада беларускія палітыкі правядуць шэраг мэмарыяльных акцыяў.

​
XS
SM
MD
LG