Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не замоўчваць», — бацькі школьнікаў раяць, як «адбіцца» ад БРСМ


Свабода запытала ў бацькоў вучняў старэйшых клясаў розных менскіх школ, ці рэальна супрацьстаяць ідэалягічнаму ціску школьнай адміністрацыі, якая пераконвае дзяцей далучацца да праўладнай арганізацыі БРСМ.

Набыткам галоснасьці стала рэзананснае відэа, зробленае вучнямі 31-й менскай гімназіі. Настаўнікі прымушаюць дзяцей уступаць у праўладны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, бо адміністрацыі школы патрэбная 100-працэнтная статыстыка. Тым, хто ня згодны, пагражалі адлічэньнем.

Пачынаюць з «акцябрат» і піянэраў

Вольга Мазурава, філёляг-рэдактар, маці 15-гадовага Ўсяслава.

«Нават у менскай беларускамоўнай гімназіі былі падобныя спробы, хоць і не такія брутальныя, як на запісе. Паколькі мы актыўна кантактавалі ня толькі ў межах кляса, а ўсёй гімназійнай супольнасьці, ведаю, што на дзяцей ціснулі найперш адносна ўступленьня не ў БРСМ, а ў піянэры. Было ня вельмі прыемна, але можна было сказаць „не“. І ніхто з адміністрацыі нічога ня змог дамагчыся. Галоўнае, каб такія выпадкі, гісторыі не замоўчваліся, а траплялі на грамадзкае абмеркаваньне.

Наогул гаворка пра тое, наколькі згуртаваныя бацькі. Таму што такія наезды, такія шантажы дзейсныя ў адным выпадку: калі людзі разьяднаныя, аказваюцца сам-насам з гэтай бядой. А як дзеці ведаюць, што іншыя аднаклясьнікі з падтрымкай бацькоў здольныя ад такіх „прапановаў“ адмовіцца, тады ў ідэолягаў ня будзе ніякіх козыраў».

Гэта як у часы савецкага камсамолу

Аляксей Хацкевіч, мастак. Мае чатырох дзяцей, зь іх «бээрэсэмаўскага» ўзросту — 16-гадовая Ганна.

«Ды канечне супраць, нафіг гэта трэба? Як у свой час сам супрацьстаяў камсамолу: спачатку не прымалі, бо я ня вельмі быў пасьпяховы вучань, пакінулі на потым. А ўжо потым калі прасілі, я сам не хацеў, пайшлі вы лесам. Таму буду супраціўляцца, што мне іх пляны? Хапае таго, што і так з садочка пудраць дзецям галовы. Нават калі прымусяць — бо ўжо навучаныя розным ідэалягічным фокусам, як націснуць, правесьці задняй датай і г.д. — я ім папулярна патлумачу, што да чаго.

Дзякуй богу, нашы дзеці ўсё самі цудоўна разумеюць і ў гэтым шабашы добраахвотна ўдзельнічаць ніколі ня будуць».

Зрабіце так, каб людзі самі захацелі ўступаць

Сяргей Далідовіч, спартовец-лыжнік, бацька трох дачок, старэйшая Вольга сёлета скончыла школу.

«Я калі вучыўся ў спартовым інтэрнаце, у камсамол прымалі найлепшых, не прымушалі. Пару чалавек прынялі, а я так і застаўся без значка. Мабыць, тады ідэалёгія інакш працавала. Канечне, нельга, каб выбар навязваўся. Не скажу, што моцна зьдзівіўся праслуханаму ў сеціве, больш уразілі настаўніцкія аргумэнты: уступайце, а то мне кірдык. Зачапіла, што за зрыў пляну, аказваецца, яе будуць цягаць па інстанцыях.

Як на мой розум, зрабіце так, каб людзі самі захацелі ўступаць. І ня трэба будзе нікога сілком заганяць. Завабліваць трэба найперш не пагрозамі, а цікавымі ідэямі, праектамі, вось тады недахопу ў ахвотных ня будзе. Натуральна, я не прыхільнік прымусу. Але неяк атрымалася, што нашу сям’ю гэта абмінула, старэйшая дачка ў тыя шэрагі ня трапіла, я б ведаў. Наступнай яшчэ 13, пакуль да „прызыўнога“ ўзросту не дарасла».

У Міністэрстве адукацыі лічаць недапушчальным прымусовае ўступленьне ў члены БРСМ. У ведамстве запэўніваюць, што ніякіх разнарадак наконт гэтага ў школах няма, а БРСМ — добраахвотнае грамадзкае абʼяднаньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG