Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРСМ і банан


У гэтым кранальным запісе, у якім завуч па выхаваўчай працы заклікае дзяцей ісьці ў БРСМ, самае радаснае тое, што ніхто нікому ня хлусіць.

Прыкладам, завуч магла б — магла б! — сьпяваць пра тое, як файна жывецца ў БРСМе, як зьменіцца на лепшае жыцьцё кожнага, хто атрымае членскі білет, якія выгоды і прыбыткі пасыплюцца на галаву кожнага, хто будзе цяпер плаціць унёскі. Але не. Яна сумленна, зь векавечнай настаўніцкай тугой у голасе тлумачыць: «тупа» трэба лічба. Дзеці, прашу вас. Дапамажыце гімназіі.

«Тупа» трэба лічба

Ці гэты невядомы хлопец, які падключаецца напрыканцы. Гэты цынічны і подлы хлопец, зь якога ў відэа пачынаецца гэтая адвечная песьня бездапаможных адукацыйных дарослых пра «сапсаваны атэстат». Ён таксама ня хлусіць. Не пачынае натхнёнай гутаркі пра беларускі рэспубліканскі, найлепшы ў сьвеце. Ён чэсны, як чыгуначная рэйка: няма білета — сапсуем атэстат. Як два пальцы.

Горш, калі хлусяць. Горш, калі гэтую нехарызматычную, несымпатычную арганізацыю, пабудаваную на лічбах і прыпісках, крывадушшы і загадзе, абыякавасьці і хлусьні, пачынаюць прэзэнтаваць як супольнасьць аднадумцаў, як уратаваньне ад адзіноты, як крыніцу любові да таварышаў і радзімы. Падлеткі насамрэч прагнуць гэтага: і супольнасьці, і ўратаваньня, і любові, і радзімы. Гэта сапраўды магчыма адшукаць у грамадзкіх арганізацыях. Можа быць, недзе такое можна адшукаць і ў БРСМ — у якой-небудзь райскай вёсачцы, дзе з настаўнікаў не патрабуюць лічбаў, дзе дырэктар адэкватна ставіцца да рэйтынгаў і загадаў «звыш», а на чале мясцовай ячэйкі БРСМ стаіць неабыякавы, душэўна прыгожы, вясёлы і апантаны працай з дзецьмі чалавек. Я ня ведаю, ці існуе ў сьвеце такая вёсачка, і школа ў ёй. Няхай бы існавала.

Намеры дарослых у гэтым відэа зразумелыя, іх ніхто не хавае. Тупа лічбы давай. Тупа лічбы.

А вось аргумэнты іх — чарвівыя наскрозь.

Па-першае, БРСМ — добраахвотная арганізацыя. Гэта вам скажуць усе, і ў тым ліку — прэзыдэнт. Ніхто ня мае права цягнуць у БРСМ сілай. Калі такое адбываецца — бацькі могуць адразу ж зьвярнуцца ў раённы аддзел адукацыі і папярэдзіць, што ў выпадку працяглага ціску будуць скардзіцца вышэй.

Cапсаваць атэстат ня так проста. Асабліва калі ён сапраўдны.

Па-другое, сапсаваць атэстат ня так проста. Асабліва калі ён сапраўдны, той атэстат. Можна сапсаваць атэстат чалавеку, якому дамалёўваюць адзнакі, дапамагаюць на кантрольных ці абяцалі дапамагчы на экзамэне. Псаваньне ўсіх іншых атэстатаў ніколі ня будзе катастрафічным — асабліва калі бацькі паставяць дырэктара перад фактам: мы пра пагрозы ведаем, і будзем адсочваць усё, што тычыцца адзнак нашага дзіцяці. Паверце, перад гэтай пагрозай бацькоўскага нагляду любыя вымовы за нізкі працэнт БРСМ — дзіцячая гульня.

Па-трэцяе, ніякі білет ніякага БРСМ не ўплывае на паступленьне. Ён можа (вельмі рэдка) паўплываць на атрыманьне месца ў інтэрнаце — але значна больш, чым білет БРСМ, на тое месца ўплывае знаходжаньне выпускніка ў базе дадзеных адораных дзяцей, прыкладам. Цяпер зь білетамі БРСМ — 99% абітурыентаў. Кошт гэтых білетаў усе выдатна ведаюць. Сьмешна, каб гэта на нешта сур’ёзна ўплывала.

Але самае радаснае ў гэтым відэа — дзеці. Чатырнаццацігадовыя дзеці, якія ўздымаюць свой голас супраць сыстэмы і паблажліва сьмяюцца з дураватых дарослых, якія ажно сыходзяць пенай з нейкай сьмешнай нагоды — тупа лічбы членаў БРСМ.

А болей за ўсё мне спадабаўся хлопец з пэналам у выглядзе банана. Я б хацела сабе такі пэнал. Наогул, я думаю, гэта павінна стаць мэмам — пэнал-банан. Замест тысячы слоў і мільёнаў тупа лічбаў. Банан вам, дарагія мае дарослыя, якія самі плацяць унёскі за дзяцей, абы толькі зрабіць тупа лічбу членаў БРСМ.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG