Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці 328»: Галадоўку ў Лідзе працягваюць дзьве жанчыны, адной стала блага


Удзельніца галадоўкі зь Ліды Людміла Лапко

Людміла Лапко зь Ліды, якая галадае з чацьвярга, сёньня з раніцы дрэнна сябе адчувае, у яе панізіўся ціск. Наталя Горбач з Горадні праз кепскі стан здароўя спыніла галадоўку і вярнулася зь Ліды дамоў. Другая галадоўніца, Алена Мікалаюк, выйшла сёньня на працу, але галадаць не пакінула.

Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»:

  • Акцыя доўжылася 15 дзён. 11 траўня актывісткі пачалі выхад з галадоўкі.
  • Працягнула галадаць Людміла Лапко зь Ліды, якая пачала галадоўку 10 траўня. Да яе на выходныя дні далучылася Алена Мікалюк.
  • Саўмін накіраваў у Палату прадстаўнікоў законапраект аб зьмене наркатычнага артыкула.
  • Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьняў адказнасьці спажыўцоў наркотыкаў.
  • 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Калінкавіч сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы яны адмовіліся спыніць галадоўку.
  • 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. 3 траўня да іх далучылася жанчына ў Віцебску.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула КК кодэксу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.

Людміла Лапко, якая найдаўжэй галадае ў Лідзе, у панядзелак раніцай сказала карэспандэнту Свабоды, што адчувае сябе ня вельмі добра і зьбіраецца выклікаць хуткую дапамогу.

«Я яшчэ ўсё вагаюся, што рабіць, ці выклікаць хуткую дапамогу. Бо ціск у мяне ўпаў (80/50) і сэрца адчувальна калоціцца, — сказала яна. — Але я плянавала з раніцы ісьці ў райвыканкам і пытацца, чаму маёй праблемай ніхто з уладаў не цікавіцца. Я хачу дачакацца адказу з Адміністрацыі прэзыдэнта і таму маю намер працягваць галадоўку да той пары, пакуль мне не адкажуць. Але ўсё ж „хуткую“ давядзецца выклікаць, каб яны спраўдзілі здароўе, бо нешта ня так...» — сказала Лапко.

Наталя Горбач з Горадні ўчора адчула сябе вельмі дрэнна і прыпыніла галадоўку.

«Мне было настолькі цяжка, што я ледзь даехала да Горадні. Выпіла лекі і неяк заснула. Сёньня лягчэй, але еду на працу, каб адпрасіцца і ісьці ў паліклініку праверыцца».

Алена Мікалаюк працягвае галадаць, хоць сёньня выйшла на працу. Пачуваецца ня вельмі добра.

Алена Мікалаюк
Алена Мікалаюк

«Ехала на працу ў аўтобусе і адчувала, як вінецца галава, нешта ня вельмі добра, але думаю, што буду працягваць галадаць», — сказала яна Свабодзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG