Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку пасьля сустрэчы ў адміністрацыі Лукашэнкі


Удзельніцы галадоўкі руху «Маці 328» ля адміністрацыі Лукашэнкі Ліяна Шуба і Тацяна Канеўская
Удзельніцы галадоўкі руху «Маці 328» ля адміністрацыі Лукашэнкі Ліяна Шуба і Тацяна Канеўская

Калінкавіцкія ўдзельніцы галадоўкі руху «Маці 328», які дамагаецца зьмякчэньня «наркатычнага» закону​, 2 траўня сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнікі сілавых і судовых ведамстваў, чыёй прысутнасьці патрабавалі галадоўніцы, на сустрэчу не прыйшлі.

Што важна ведаць:

  • Прадстаўнікі «Маці 328» правялі ў адміністрацыі Лукашэнкі каля дзвюх гадзін.
  • 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. Сёньня галадаюць ня менш за 14 чалавек у розных гарадах.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • Ад 3 траўня да галадоўкі «Маці 328» далучацца ўдзельнікі руху ў Горадні. Ёсьць інфармацыя, што віцебскія ўдзельніцы таксама абмяркоўваюць далучэньне да акцыі пратэсту.
  • У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.

Галадоўка працягнецца

Прадстаўнікі «Маці 328» правялі ў адміністрацыі кіраўніка дзяржавы каля дзьвюх гадзін. Журналістаў на сустрэчу не пусьцілі, тым самым праігнараваўшы патрабаваньне ўдзельніц галадоўкі.

Удзельніцы руху «Маці 328» ня спыняць галадоўку, заявіла прадстаўніца руху Тацяна Канеўская пасьля сустрэчы ў адміністрацыі кіраўніка дзяржавы. Паводле яе словаў, сустрэча ў адміністрацыі Лукашэнкі не прынесла вынікаў, а галадоўка будзе спынена, калі ўлады выканаюць хоць адно з патрабаваньняў «Маці 328».

«На дадзены момант найбольш рэальнае — гэта зьмена заканадаўства», – сказала Канеўская.

Тацяна Канеўская (у цэнтры) пасьля сустрэчы ў адміністрацыі кіраўніка дзяржавы
Тацяна Канеўская (у цэнтры) пасьля сустрэчы ў адміністрацыі кіраўніка дзяржавы

Патрабаваньні ўдзельнікаў галадоўкі:

  • Сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.
  • Стварэньне камісіі па пераглядзе спраў паводле крымінальнага артыкула 328 пачынаючы з 2013 году.
  • Зьмена заканадаўства адносна артыкула 328 Крымінальнага кодэксу.
  • Амністыя асуджаных паводле артыкула 328.

Што абмяркоўвалася на сустрэчы?

Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі законапраект аб зьмякчэньні крымінальнага артыкула 328. Паводле Тацяны Канеўскай, гэты законапраект ёсьць, але ён не праходзіць узгадненьня — пэўныя структуры не ідуць на кантакт.

Галадоўніцы з Калінкавічаў спрабавалі данесьці да прадстаўнікоў адміністрацыі Лукашэнкі герархію распаўсюднікаў і спажыўцоў наркотыкаў:

  • той, хто «крышуе». Гэтыя людзі, на думку Канеўскай, самі могуць «не кранацца наркотыкаў»;
  • буйныя наркадылеры, якія могуць завозіць наркотыкі ў Беларусь;
  • сярэдняе зьвяно — пасярэднікі паміж буйнымі дылерамі і закладчыкамі;
  • закладчыкі;
  • спажыўцы наркотыкаў.
Тацяна Канеўская паказвае герархію распаўсюднікаў і спажыўцоў наркотыкаў
Тацяна Канеўская паказвае герархію распаўсюднікаў і спажыўцоў наркотыкаў

Удзельніцы сустрэчы спрабавалі растлумачыць, што большасьць прысудаў за распаўсюд наркотыкаў выносяцца закладчыкам і спажыўцам. Для іх тэрміны зьняволеньня варта зьменшыць, а вышэйшыя прадстаўнікі герархіі, якія, на думку Канеўскай, пазьбягаюць пакараньня, павінны карацца максымальнымі тэрмінамі.

Паводле Ліяны Шубы, прадстаўнікі ўлады лічаць, што стварыць камісію аб пераглядзе спраў паводле крымінальнага артыкула 328 пачынаючы з 2013 году немагчыма.

Ці выканалі ўлады ўмовы сустрэчы?

Не.

Атрымаўшы запрашэньне 27 красавіка на сустрэчу ад Натальлі Качанавай, галадоўніцы ў Калінкавічах запатрабавалі:

  • Сустрэчы з кіраўніцтвам сілавых і судовых ведамстваў. Паводле Ліяны Шубы, міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч, генэральны пракурор Аляксандар Канюк і старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала раней адмаўляліся прыняць прадстаўніц «Маці 328».
  • Каб галадоўніц давезьлі да месца сустрэчы. Шукаць транспарт з Калінкавічаў у Менск удзельніцы галадоўкі мусілі самастойна. На арэнду аўтобуса талакой сабралі 320 рублёў, сказала Тацяна Канеўская.
  • Каб на сустрэчы прысутнічалі незалежныя СМІ.

Віцебск і Горадня далучацца да галадоўкі

Ад 3 траўня да галадоўкі «Маці 328» далучацца 8 удзельнікаў руху ў Віцебску. Таксама пачнуць галадаць і ўдзельнікі «Маці 328» у Горадні, іх колькасьць пакуль не называецца.

Удзельнікі руху «Маці 328» чакаюць вынікаў сустрэчы каля адміністрацыі кіраўніка дзяржавы
Удзельнікі руху «Маці 328» чакаюць вынікаў сустрэчы каля адміністрацыі кіраўніка дзяржавы

Два чалавекі далучацца да галадоўкі ў Магілёве. Удзельнікі руху «Маці 328» з Магілёва і Чавусаў далучыліся да галадоўкі 27 красавіка. Колькі ўсяго чалавек вядзе галадоўку на дадзены момант, не паведамляюць зь меркаваньняў бясьпекі. Вядома, што ня менш за 14.

Ля адміністрацыі Лукашэнкі зьбіралі грошы для асуджаных паводле 328

Падчас сустрэчы каля адміністрацыі кіраўніка дзяржавы ўдзельніца «Маці 328» Марына Ўладыка зьбірала сродкі для 12 сіротаў, асуджаных паводле «наркатычнага» артыкула 328. Гэтыя грошы пойдуць на:

  • перадачы і пасылкі для асуджаных;
  • матэрыяльную і юрыдычную дапамогу.

«Каб падаць наглядную скаргу, трэба заплаціць адну базавую велічыню. Дзе іх узяць, калі ў іх няма там заробку? Наша дзяржава не зьвяртае на гэта ўвагі. Калі вы пасадзілі, калі вы бачыце, што няма ніякага заробку і дапамогі, то гэтая наглядная скарга павінна быць бясплатнай. Вось яны сядзяць і ня могуць падаць нагляднай скаргі, нейкі наступны крок зрабіць», — сказала Марына Ўладыка.

«Маці 328» галадаюць ужо шэсьць дзён

Шосты дзень працягваецца галадоўка маці асуджаных за наркотыкі. Галадоўніцы патрабуюць лібэралізацыі крымінальнага заканадаўства за захоўваньне і ўжываньне наркотыкаў, а таксама сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

​Першапачаткова галадоўніцы мелі намер сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам дзеля таго, каб ён азнаёміўся з сытуацыяй і распарадзіўся стварыць камісію для перагляду жорсткіх прысудаў ад 2013 году паводле 328 артыкула, а таксама паспрыяў зьмене заканадаўства, калі гэта ня тычыцца цяжкіх наркотыкаў ды арганізацыі гандлю імі. Паводле інфармацыі Тацяны Канеўскай, 2 траўня адміністрацыя Лукашэнкі адмовіла ў сустрэчы з кіраўніком дзяржавы бяз тлумачэньня прычынаў.

Галадоўніцы з Калінкавіч
Галадоўніцы з Калінкавіч

Увечары 27 красавіка да калінкавіцкіх галадоўніц прыехалі старшыні райсавету і райвыканкаму Віктар Замосьцік і Сяргей Гвозьдзь — яны й паведамілі пра магчымасьць сустрэчы 2 траўня з кіраўніцай Адміністрацыі.

«На шосты дзень галадоўкі бальшыня з нас дрэнна сябе адчувае. Слабасьць, няспынная млосьць, галавакружэньне. У мяне асабіста нібыта ў страўніку трапечацца сэрца», — сказала Свабодзе Ліяна Шуба.

Асноўныя факты пра прымяненьне «наркатычнага» артыкула 328 у Беларусі. ІНФАГРАФІКА

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG