Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 актывістак руху «Маці 328» працягваюць галадоўку, выехалі ў адміністрацыю Лукашэнкі

абноўлена

Галадоўніцы з Калінкавіч

Шосты дзень працягваецца галадоўка маці асуджаных за наркотыкі, якія патрабуюць лібэралізацыі крымінальнага заканадаўства за захоўваньне і ўжываньне наркотыкаў і сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Што важна ведаць:

  • 27 красавіка ў вёсцы Востраў на Меншчыне пачалі галадоўку 6 актывістаў руху «Маці 328». Сёньня галадаюць ня менш за 14 чалавек у розных гарадах.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў ад 2013 году паводле 328-га артыкулу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • Сямёра галадоўніц руху «Маці 328» 2 траўня маюць сустрэцца ў Менску з кіраўніцай спраў Лукашэнкі Натальляй Качанавай. У адміністрацыі Лукашэнкі пацьвердзілі сустрэчу. Глядзіце відэатрансьляцыю на svaboda.org.
  • У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкулу 328.

Сямёра галадоўніц руху «Маці 328» 2 траўня выправіліся ў Менск у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, дзе а 16-гадзіне мае адбыцца сустрэча з кіраўніцай спраў Натальляй Качанавай. Галадоўніц суправаджаюць два чалавекі: муж мазыранкі і жанчына, якая прывозіла ім лекі. За праезд давялося заплаціць 300 рублёў.

У адміністрацыі Лукашэнкі пацьвердзілі сустрэчу з галадоўніцамі.

Да калінкавіцкіх галадоўніц прыяжджалі прадстаўнікі ўладаў

​Першачаргова галадоўніцы мелі намер сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам дзеля таго, каб ён азнаёміўся з сытуацыяй і распарадзіўся стварыць камісію для перагляду жорсткіх прысудаў ад 2013 году паводле 328-га артыкулу, а таксама паспрыяў зьмене заканадаўства, калі гэта не датычыцца цяжкіх наркотыкаў ды арганізацыі гандлю імі.

Асноўныя факты пра прымяненьне «наркатычнага» артыкула 328 у Беларусі. ІНФАГРАФІКА

Увечары 27 красавіка да калінкавіцкіх галадоўніц 27 прыехалі старшыні райсавету і райвыканкаму Віктар Замосьцік і Сяргей Гвозьдзь — яны й паведамілі пра мажлівасьць сустрэчы 2 траўня з кіраўніцай Адміністрацыі Лукашэнкі.

Галадоўка ў Калінкавічах. 29 красавіка 2018 году
Галадоўка ў Калінкавічах. 29 красавіка 2018 году

Празь дзень Віктар Замосьцік зноў наведваў галадоўніц разам з мэдыкамі «хуткай дапамогі». Жанчыны папрасілі кіраўніка райсавету аказаць дапамогу з транспартам для паездкі ў Менск, аднак атрымалі адмову. Пасьля гэтага яны самастойна дамаўляліся з уладальнікам маршруткі з Мазыра, але нечакана менавіта на 2 траўня не аказалася на рэйс вольных месцаў. Сёньня жанчыны выправіліся ў Калінкавіцкую аўтакалёну, каб заключыць дамову на арэнду мікрааўтобуса, на якім і будуць дабірацца да сталіцы. Пра гэта Свабодзе паведаміла Ліяна Шуба.

«На шосты дзень галадоўкі бальшыня з нас дрэнна сябе адчувае. Слабасьць, няспынная млосьць, галавакружэньне. У мяне асабіста нібыта ў страўніку трапечацца сэрца», — кажа Ліяна.

30 траўня да сямі ранейшых галадоўніц далучылася Марыя Лявоненка са Жлобіна, чый сын пакараны паводле артыкулу 328 на дзесяць гадоў зьняволеньня. У Менск ня едзе толькі Інэса Крыцкая, у якой на ўтрыманьні двое малалетніх дзяцей.

Пухавіцкіх галадоўніц пакуль ігнаруюць улады

Паводле старшыні грамадзкага руху «Маці 328» Ларысы Жыгар, у вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну працягваюць галадоўку пратэсту 7 актывістак арганізацыі, сярод іх і сама Ларыса. Яны таксама зьбіраюцца далучыцца да сустрэчы з Качанавай.

Ларыса Жыгар
Ларыса Жыгар

«Адчуваем сябе добра, хоць ужо зьявілася слабасьць, асабліва ў нагах — 6 дзень галадоўкі адбіваюцца. Але мы ня маем намеру саступаць. Для нас цяпер вельмі важна далучыцца да сустрэчы з кіраўніцай адміністрацыі Натальляй Качанавай, на якую запрасілі нашых сябровак, што галадаюць у Калінкавічах. Раніцай буду званіць у адміністрацыю, размаўляць пра гэта», — паведаміла Ларыса Жыгар карэспандэнту Свабоды.

Паводле яе, з 27 красавіка, калі ў Востраве пачалі галадоўку 6 актывістаў руху «Маці 328», да 2 траўня ніхто з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, а таксама зь іншых дзяржаўных органаў да галадоўнікаў не зьвяртаўся.

«Міліцыя таксама не турбавала. У нядзелю і асабліва 1 траўня да нас прыяжджалі ў госьці шмат людзей, да 30-40 чалавек. Мы называем іх „групай падтрымкі“ — гэта сваякі, сябры. Бачым, што простыя людзі нас моцна падтрымліваюць, а вось улады пакуль маўчаць», — сказала Ларыса Жыгар.

Актывісткі галадаюць з 27 красавіка

Пачатак галадоўкі 27 красавіка ​на лецішчы ў Пухавіцкім раёне
Пачатак галадоўкі 27 красавіка ​на лецішчы ў Пухавіцкім раёне

​Актывісткі руху «Маці 328», чые сыны, мужы ды ўнукі асуджаны на вялікія тэрміны паводле крымінальнага артыкулу 328 («Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў») пачалі галадоўку 27 красавіка.

Яны патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам для размовы аб праблемах вязьняў, асуджаных паводле артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу за распаўсюд наркотыкаў. Жанчыны настойваюць на лібэралізацыі гэтага артыкулу і на ўтварэньні камісіі, якая пачне вывучаць былыя крымінальныя справы, заведзеныя паводле яго.

Актывісткі выказалі патрабаваньне, каб на сустрэчы прысутнічалі кіраўнікі Вярхоўнага суду, Генэральнай пракуратуры, МУС, Сьледчага камітэту, абедзьвюх палатаў Нацыянальнага сходу, якія могуць рэальна паўплываць на зьмякчэньне пакараньня паводле крымінальнага артыкулу 328.

Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу — «Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў» — прадугледжвае пакараньне ад пяці гадоў абмежаваньня волі да 25 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле 328-га артыкулу

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG