Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзкія чыноўнікі ўгаворвалі актывістку «Маці 328» спыніць галадоўку


Галадоўка жанчын з руху «Маці-328» ў Калінкавічах

Актывістка руху «Маці 328» Людміла Лапко, якая сёньня распачала галадоўку ў Лідзе, заявіла чыноўнікам райвыканкаму, што галадоўкі ня спыніць і будзе надалей усімі магчымымі мэтадамі змагацца за адмену несправядлівага прысуду ейнаму сыну.

Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»:

  • 11 жанчын працягваюць галадоўку ў Калінкавічах і Востраве 14-я суткі. 10 траўня да іх далучылася Людміла Лапко зь Ліды.
  • 11 траўня галадоўніцы з Калінкавічаў паедуць у Менск, каб каля адміністрацыі Лукашэнкі завяршыць галадоўку.
  • Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьняў адказнасьці што да спажыўцоў наркотыкаў.
  • 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Калінкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы яны адмовіліся спыніць галадоўку.
  • 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. 3 траўня да іх далучылася жанчына ў Віцебску.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула КК кодэксу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.

Людмілу Лапко, якая распачала галадоўку ў Лідзе, выклікалі ў райвыканкам для размовы. Зь ёй гутарыў намесьнік старшыні Лідзкага райвыканкаму Віктар Пранюк. Ён адмовіўся прыняць і зарэгістраваць зварот Лапко аб тым, што яна распачала галадоўку.

Лапко сказала чыноўніку, што калі яны адмаўляюцца зарэгістраваць ейны пісьмовы зварот, то хай лічаць, што яна папярэдзіла мясцовыя ўлады вусна і будзе працягваць галадоўку.

Наш прэзыдэнт сустракаецца з хакеістамі, на фабрыках з рабочымі. Але ж мы такія ж грамадзяне нашай краіны

«Ягоныя аргумэнты мяне зьдзівілі. Чалавек мне казаў, што нібыта мы, маці асуджаных, якія галадаюць, хочам зьмяніць заканадаўства, каб адкрылася зялёнае сьвятло для легалізацыі наркотыкаў», — сказала Свабодзе Людміла Лапко пасьля сустрэчы ў райвыканкаме.

Яна сказала чыноўніку, што яна і іншыя сябры руху «Маці 328» прызнаюць віну сваіх дзяцей.

«Але мы нязгодныя з тымі тэрмінамі зьняволеньня, на якія асудзілі нашых дзяцей», — кажа Лапко.

Паводле яе словаў, чыноўнік заявіў, што «Маці 328» ня здолелі правільна данесьці сваю пазыцыю да прэзыдэнта. Аднак праблема ў тым, што іх не дапускаюць да Лукашэнкі, кажа Лапко.

«Наш прэзыдэнт сустракаецца з хакеістамі, на фабрыках з рабочымі. Але ж мы такія ж грамадзяне нашай краіны, і чаго яму баяцца сустрэцца з намі? Мы маглі б усё яму растлумачыць», — перакананая Лапко.

Віктар Пранюк прапанаваў Людміле Лапко спыніць галадоўку і дамагацца сваіх мэтаў праз скаргі ў судовыя інстанцыі і пракуратуру.

5 пытаньняў арганізатарцы пратэсту руху «Маці 328» Ларысе Жыгар на 13 дзень галадоўкі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG