Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніга швэдзкай пісьменьніцы Іды Ліндэ выйшла па-беларуску раней, чым на мове арыгіналу


Ілюстрацыя ©Shutterstock
Ілюстрацыя ©Shutterstock

Швэдзкая дзяўчына-машына і дыктатар-незалежнік з-пад Вільні ў новых кнігах менскага прыватнага выдавецтва «Янушкевіч», — традыцыйны суботні кніжны агляд Свабоды.

У красавіку ў прыватным выдавецтве Андрэя Янушкевіча выходзяць тры новыя перакладныя кнігі, прычым адна зь іх — «Нябесны футбол» швэдкі Іды Ліндэ — яшчэ не друкавалася ў арыгінале на радзіме аўтаркі.

Іда Ліндэ. 29 недасланых лістоў. Вершы. Пераклад са швэдзкай Натальлі Паваляевай

Іда Ліндэ — швэдзкая паэтка, празаік і перакладчыца. Нарадзілася ў 1980 годзе ў горадзе Умэа, жыве ў Стакгольме. Выкладае пісьменьніцкае майстэрства ў найстарэйшай у Швэцыі пісьменьніцкай школе на востраве Біскупс-Арно.

Ліндэ дэбютавала ў 2006 годзе зборнікам вершаў «Споведзь дзяўчыны-машыны». Выдала раманы «Тлумачэньне каханьня», «Паехаць на поўнач, каб памерці», «Маці забойцы».

Ляўрэатка літаратурнай прэміі газэты «Aftonbladet»​ (Aftonbladets litteraturpris) (2014) і Норландзкай літаратурнай прэміі (Norrlands litteraturpris) (2015).

У зборніку вершаў «29 недасланых лістоў» няпэўна ўсё: і «я», і «ты» (ці гэта адно і тое ж «ты» ва ўсіх «лістах»? ці не размаўляе аўтар часам з уласным «я»?), і тыя падзеі, пра якія вядзецца размова (ці гэта ўсё рэальныя падзеі? і калі так — рэальныя для каго?). Падаецца, што гэтая татальная няпэўнасьць і ёсьць галоўным правілам гульні, да якой запрашаецца чытач. Менавіта ён павінен скласьці пазл, упісаць свае радкі паміж радкамі аўтара — і праз тое атрымаць сваю ўласную гісторыю.

Чаму менавіта 29? У швэдзкім алфавіце 29 літар. Словы складаюцца зь літар, а лісты — са словаў. Калі 29 літар дастаткова, каб утварыць бясконцае мноства словаў, 29 лістоў дастаткова, каб перадаць усю эмацыйную палітру каханьня, страты і гульняў памяці.

Іда Ліндэ. Нябесны футбол. Пераклад са швэдзкай Натальлі Паваляевай

Бацькі швэдзкай паэткі і празаіка Іды Ліндэ былі футбольнымі трэнэрамі, і сама Іда зь дзяцінства займалася футболам. Пакуль не атрымала сурʼёзную траўму, празь якую вымушана была разьвітацца з гульнёй. Але пачынаючы з дэбютнага зборніка вершаў «Споведзь дзяўчыны-машыны» (2006) футбол «прапісаўся» ў яе творчасьці ў якасьці ўнівэрсальнай мэтафары жыцьця.

«Нябесны футбол» — філязофска-лірычны верш, напісаны ў падманліва «дзіцячай» форме. Гэта разважаньне пра складаныя сувязі паміж рознымі жыцьцёвымі досьведамі — паміж дарослымі, якія ўжо маюць уласныя «крылы», і дзецьмі, для якіх усё толькі пачынаецца.

Кожны радок верша праілюстраваны Натальляй Паваляевай. «Нябесны футбол» — гэта кніга аднаго верша і 16 малюнкаў.

Кніга адметная яшчэ і тым, што беларускае выданьне будзе першай публікацыяй твора — дагэтуль ён не друкаваўся нават па-швэдзку.

Уладзімеж Сулея. Юзаф Пілсудскі. Пераклад з польскай Яўгена Салейчука

Кніга вядомага дасьледчыка гісторыі Польшчы ХХ стагодзьдзя прафэсара Ўладзімежа Сулеі прысьвечана асобе Юзафа Пілсудскага — палітычнага і вайсковага дзеяча, якому было наканавана стаць на чале барацьбы за аднаўленьне дзяржаўнасьці Польшчы на пачатку мінулага стагодзьдзя.

«У гісторыі Польшчы ня так шмат постацяў падобнага маштабу. Постацяў, якія яшчэ пры жыцьці сталі легендай. Прытым як за неаспрэчныя заслугі, так і за жыцьцё, цалкам прысьвечанае Польшчы. Краіне, якая дзякуючы яго намаганьням выйшла зь нябыту і, няхай толькі на кароткі час, здолела выказаць сваю волю да існаваньня. Таму можна сьмела сьцьвярджаць, што ён ёсьць творцам адноўленай Польшчы», — напісаў прафэсар Сулея ў прадмове да беларускага перакладу кнігі.

Гэта падрабязная біяграфія Пілсудскага, у якой шмат увагі аддадзена падзеям, якія адбываліся на беларускіх тэрыторыях. Кніга напісана на падставе шматлікіх польскіх і замежных крыніц.

Юзаф Пілсудскі нарадзіўся ў 1867 годзе ў маёнтку Зулаў Сьвянцянскага павету Віленскай губэрні. Ззамаладу змагаўся з расейскімі ўладамі за адраджэньне незалежнасьці былой Рэчы Паспалітай. Пры першым арышце за ўдзел у студэнцкіх бунтах у пратаколе допыту ў графе «паходжаньне і народнасьць» пазначыў — «дваранін, беларус».

Новае выдавецтва «Коска» навучыла швэдзкіх кароў гаварыць па-беларуску

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG