Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае выдавецтва «Коска» навучыла швэдзкіх кароў гаварыць па-беларуску


Фрагмэнт старонкі з кнігі «Мама Му паранілася»

Ініцыятарка, заснавальніца выдавецтва «Коска» Надзя Кандрусевіч пачала выдаваць швэдзкую дзіцячую літаратуру па-беларуску.

Першыя кнігі прыватнага выдавецтва «Коска» ўжо гатовыя да сустрэчы зь беларускімі чытачамі.

Тую самую, зь любімымі Піпі і Эмілем, Пэтсанам і Фіндусам, Вітай і Эйвіндам, Білам і Болай і, вядома, — Мамай Му і Крумкачом. Многія зь іх ужо загаварылі па-беларуску ў перакладах спадарыні Надзі, але каб адны з самых цікавых у сьвеце дзіцячых кніг сталі цалкам даступныя беларускім дзецям, патрэбна адмысловае выдавецтва, перакананая перакладчыца, а цяпер і дырэктарка «Коскі».

Рудая коска можа перакуліць усю дзіцячую літаратуру. Памятаеце?

«Яе валасы мелі колер морквы і былі заплеценыя ў дзьве каляныя тырчастыя коскі. Нос яе быў таго ж фасону, што і маленечкая бульбачка, і быў увесь кропчасты ад рабацінак. Пад носам — сапраўды вельмі шырокі рот са здаровымі белымі зубамі».

Выдавецтва «Коска» мае мэтай калі не перакуліць, дык узбагаціць беларускамоўную дзіцячую літаратуру. «Коска» — выдавецтва, якое сканцэнтруецца толькі на кнігах для дзяцей ды падлеткаў, згуртуе вакол сябе перакладчыкаў са швэдзкай мовы. А пачынае новае выдавецтва з кніг пра Маму Му і яе найлепшага сябра Крумкача швэдзкай дзіцячай пісьменьніцы Юі Вісландэр і мастака Свэна Нурдквіста. Цікава? Тады сачыце, калі ласка, за абнаўленьнямі — працяг будзе. Бо коска ў канцы сказу азначае менавіта працяг, вось так,

Юя Вісландэр, Свэн Нурдквіст. «Мама Му паранілася»

Гэта новая гісторыя пра ўжо вядомую беларускім дзецям гарэзлівую карову Маму Му і яе сябра Крумкача.

Гэтым разам Мама Му хацела пералезьці цераз плот, але пасьлізнулася, упала і паранілася. Што рабіць? Ці дапаможа ёй яе сябар Крумкач?

Юя Вісландэр, Свэн Нурдквіс. «Крумкач кажа НЕЛЬГА!»

Кніжка-кардонка пра Маму Му і Крумкача для самых маленькіх.

Мама Му хоча зрабіць столькі ўсяго вясёлага і незвычайнага, але яе сябар Крумкач увесь час кажа ёй «нельга». Пакуль аднойчы Крумкач не вырашае павесяліцца разам з Мамай Му. А вось што з гэтага атрымалася?..

Размалёўка Мамы Му і Крумкача

Калі Крумкач кажа, што трэба размалёўваць акуратна і толькі тое, што ўнутры, адказвай яму так: «Му-у-у! А мне падабаецца размалёўваць вось так!».

Колеры часам не зьмяшчаюцца ўнутры і там-сям выпаўзаюць, але крумкачы гэтага не разумеюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG