Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія гастарбайтэры — люстэрка народнай душы


Беларускі вакзал у Маскве
Беларускі вакзал у Маскве

Нядаўна «Коммерсант» апублікаваў вынікі вельмі цікавага дасьледаваньня працоўнай міграцыі ў Расею, праведзенага Цэнтрам этнапалітычных і рэгіянальных дасьледаваньняў пры Вышэйшай школе эканомікі. У лютым-сакавіку 2017 году былі апытаныя 8,7 тысячы чалавек з краінаў СНД і Грузіі, уключаючы як часовых працоўных мігрантаў, так і замежнікаў з дазволам на часовае пражываньне або відам на жыхарства.

Дадзеныя пра мігрантаў зь Беларусі — своеасаблівае люстэрка беларускага грамадзтва, асабліва павучальныя параўнаньні гэтых дадзеных з вынікамі апытаньня адносна мігрантаў зь іншых постсавецкіх краінаў.

Першы цікавы паказчык — колькасьць. 676 тысяч працоўных мігрантаў зь Беларусі ў Расеі на 2017 год — 7% ад насельніцтва Беларусі. Гэта нямала, але для постсавецкіх краінаў — зусім не рэкорд. У Расеі жывуць і працуюць 507 тысячаў грамадзянаў Армэніі (17% ад насельніцтва), 430 тысячаў — Малдовы (12% ад насельніцтва), 622 тысяч — Кіргізстана (10% ад насельніцтва). З краінаў — самых буйных гандлёвых партнэраў Беларусі — едуць працаваць у Расею адносна менш, чым зь Беларусі, але не кардынальна менш: з Украіны — 2.2 мільёны (5% ад насельніцтва), з Казахстану — 552 тысячы (3% ад насельніцтва).

А вось у чым адрозьненьні істотныя, дык гэта ў заробках. Беларусы ў сярэднім — самыя высокааплатныя замежныя работнікі, гэты сярэдні заробак складае 41.1 тысячу расейскіх рублёў (прыкладна 685 даляраў). Гэта прыкметна вышэй за сярэдні заробак у Беларусі — на 1 чэрвеня 819.3 беларускіх рублёў (422 даляры), вышэй абяцаных запаветных «папіцот».

У параўнаньні з калегамі зь іншых краінаў беларусы атрымліваюць ня проста больш, а істотна больш — азэрбайджанцы і грузіны атрымліваюць у даляравым эквіваваленце прыкладна па 600 даляраў, украінцы — па 500 даляраў.

Прычын такіх адрозьненьняў некалькі. Варта згадаць і беларускую працавітасьць, але ўяўляецца, што не апошнюю ролю адыгрываюць і іншыя, структурныя фактары. Беларусам лягчэй усіх уладкавацца ў Расеі на працу. У дасьледаваньні, якое цытуе «Коммерсант» , паведамляецца, што, паводле ацэнак, легальна ў Расеі працуюць толькі 64% мігрантаў. Прыводзяцца дадзеныя па заробках выхадцаў з розных краінаў, якія працуюць у РФ легальна і нелегальна. І толькі ў графе, адпаведнай Беларусі, у пазыцыі «нелегалаў» стаіць прочырк. Грамадзянам Беларусі не патрабуюцца спэцыяльныя дазволы на працу ў Расеі. Гарантаваны легальны статус адкрывае вялікія і лепшыя, чым для іншых, магчымасьці працаўладкаваньня.

Яшчэ адзін важны фактар — валоданьне расейскай мовай. У гэтым сэнсе сытуацыя мяняецца, у тым ліку і сярод беларусаў-мігрантаў. У аналягічным апытаньні 6 гадоў таму толькі сярод іх пагалоўна ўсе 100% адказвалі, што размаўляюць на працы і з сябрамі па-расейску. Цяпер гэтыя лічбы зьнізіліся — 94.6% і 84.3% адпаведна. Па гэтых паказчыках валоданьня расейскай беларусаў зараз нязначна, але пераўзыходзяць мігранты з Украіны — адпаведныя паказчыкі 96.3% і 86.7%.

Але ў параўнаньні з выхадцамі зь іншых краінаў узровень валоданьня расейскай мігрантамі зь Беларусі ў любым выпадку вельмі высокі, скажам, сярод мігрантаў з Армэніі гаворыць зь сябрамі па-расейску толькі кожны чацьвёрты, сярод мігрантаў з Таджыкістану і Кіргізстану такіх і наагул усяго 13%.

Свабоднае валоданьне мовай краіны, у якую мігрант прыяжджае працаваць, зразумела, таксама адкрывае для яго новыя магчымасьці.

Але чым можна растлумачыць тое, што за 6 гадоў ступень валоданьня расейскай мігрантамі зь Беларусі ўсё ж крыху зьнізілася? Дырэктар расейскага Цэнтру міграцыйных дасьледаваньняў Дзьмітры Палятаеў адзначыў у інтэрвію «Коммерсанту», што ў апошнія гады ў міграцыйных патоках расьце доля сельскай міграцыі. Варта ўзгадаць, што згодна зь перапісам 2009 году (Табліца 8) сярод гараджан у Беларусі гавораць па-расейску дома 81.9%, у вёсцы — 36.2%. Так што памяншэньне долі расейскамоўных ў міграцыйным патоку ў Расею можна растлумачыць ростам сярод іх долі сельскіх жыхароў.

Цікава адзначыць, што ў дасьледаваньні мігрантаў Цэнтрам этнапалітычных і рэгіянальных дасьледаваньняў задавалася пытаньне пра мову, на якой рэспандэнты размаўляюць у сябе на радзіме дома. Сярод беларусаў адказалі, што маюць зносіны дома па-расейску 77.3%, згодна зь перапісам такіх у краіне ў цэлым у 2009 годзе было 70.2%.

Іншымі словамі, моўныя перавагі мігрантаў зь Беларусі прыкладна такія ж, як і тых, хто застаецца на радзіме.

А як гэтыя больш высокія заробкі, чым у іншых, і лепшае валоданьне расейскай уплывае на бачаньне беларускімі мігрантамі іх будучыні, дзе яны хацелі б жыць? Натуральная гіпотэза — ды ў Расеі, там і плацяць больш, і народ там разумее іх, а яны — мясцовы народ. Натуральная. Аднак памылковая.

Беларускія СМІ вынесьлі ў загалоўкі паведамленьняў аб дасьледаваньні Цэнтру этнапалітычных і рэгіянальных дасьледаваньняў ударны факт — траціна беларусаў-мігрантаў хацелі б застацца ў Расеі назаўжды. І гэта праўда, дакладная лічба — 34.2%. Але гэта ня ўся праўда без параўнаньня зь мігрантамі зь іншых краінаў. Застацца ў Расеі назаўжды хацелі б 72% працоўных мігрантаў з Армэніі, 71% — з Грузіі, 68% — з Украіны, 66% — з Казахстану. Насамрэч менш чым беларусы хочуць застацца ў Расеі толькі кіргізы і узбэкі.

Гэтыя дадзеныя ня цалкам адпавядаюць даволі распаўсюджанай тэорыі аб нізкай нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў. У іх нізкая, а ў армянаў ці грузінаў — высокая? Тады чаму ж доля жадаючых застацца жыць у Расеі сярод армянаў і грузінаў больш чым удвая вышэйшая, чым сярод беларусаў? Таму што ў Армэніі і Грузіі жыцьцё такое ўжо гаротнае? Магчымае тлумачэньне, але і ў Беларусі яно ня райскае. У Кыргызстане і Ўзбэкістане людзі таксама ня вельмі жыруюць, аднак узбэкі і кіргізы заставацца ў РФ хочуць менш, чым беларусы.

Так што жаданьне застацца ў Расеі тлумачыцца прынамсі ня толькі параўнаньнем узроўняў жыцьця ў РФ і на радзіме мігрантаў.

Цягне беларусаў дадому. Можна называць гэта нацыяналізмам, патрыятызмам, нацыянальным пачуцьцем — а ўсё роўна як. Цягне.

Зрэшты, апытальнік Цэнтру этнапалітычных і рэгіянальных дасьледаваньняў прадугледжваў яшчэ адзін варыянт адказу на пытаньне аб жаданай будучыні — «Стала езьдзіць паміж Расеяй і краінай, адкуль прыехаў(-ла)». І беларусы тут апынуліся абсалютнымі лідэрамі, гэты варыянт адказу абралі 36.7% беларускіх працоўных мігрантаў.

Такой структуры бачаньня сваёй будучыні сярод мігрантаў няма ў ніводнага іншага народу.

Прыгадваецца гісторыя, расказаная са сьмехам польскай калегай пасьля наведаньне Менску ў пачатку нулявых. У пераходзе мэтро, дзе прадавалі CD з музыкай, яна ўбачыла біркі «Замежныя выканаўцы», «Расейскія выканаўцы», «Беларускія выканаўцы». І ўпала ў ступар. Яна нават спытала прадаўца: «А вось калі расейскія выканаўцы асобна ад замежных, дык значыць Расея — не замежжа?» — «Не, вядома, гэта ж Расея» — адказаў прадавец. «Зразумела. Дык значыць Беларусь — гэта Расея?» — даймала мая калега прадаўца. «Ды не ж, Беларусь — гэта Беларусь, Расея — гэта Расея» — быў адказ. Полька шчыра ня бачыла вырашэньня праблемы там, дзе беларус ня бачыў праблемы.

Дадзеныя расейскага апытаньня сярод мігрантаў-беларусаў — адлюстраваньне гэтага амбівалентнага стаўленьня беларусаў да Расеі. Паўтару, справа ня толькі ў заробках і іх параўнаньні дома і ў Расеі, а ў дыялектыцы паміж «мы як яны» і «мы не яны», паміж «Расея — не замежжа» і «Беларусь — не Расея».

І жыцьцёвыя рашэньні беларусаў-мігрантаў вельмі падобныя на самавызначэньне ўсяго беларускага народу.

Перадрук з парталу TUT.BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG