Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Траціна беларускіх працоўных мігрантаў у Расеі хоча застацца там назаўсёды


Паводле апытаньня расейскага Цэнтру этнапалітычных і рэгіянальных дасьледаваньняў, вынікі якога перадае «Коммерсант», 34,2% з тых беларусаў, якія прыяжджаюць у Расею на заробкі, хочуць застацца ў ёй назаўсёды.

36,7% зьбіраюцца пастаянна езьдзіць між Расеяй і домам. 11,5% плянуюць папрацаваць год ці два, а потым вярнуцца, а 11,7% — папрацаваць некалькі месяцаў і вярнуцца. 0,7% хочуць крыху пажыць у Расеі і пераехаць у іншую краіну.

Беларускіх мігрантаў у Расеі паменела: цяпер іх колькасьць ацэньваецца ў 676 тысяч чалавек (14% насельніцтва Беларусі), калі год таму ацэньвалася ў 711 тысяч. Тым часам у Расеі расьце колькасьць мігрантаў з краінаў Сярэдняй Азіі.

«Плыні [мігрантаў] з Украіны, зь Беларусі, калі ў гэтых краінах ня будзе ніякіх войнаў і крызісаў, паменшацца, таму што там ідуць тыя ж самыя працэсы, што і ў Расеі, — насельніцтва працоўнага ўзросту скарачаецца, а ва Ўкраіне яшчэ і зьяжджае ў далёкае замежжа, — камэнтуе „Коммерсанту“ намесьнік дырэктара Інстытуту дэмаграфіі Вышэйшай школы эканомікі Міхаіл Дзянісенка. — Адтуль проста няма каму прыяжджаць у Расею, каб працаваць і жыць. Падобная сытуацыя на Каўказе. Застаецца Цэнтральная Азія. Цэнтральнаазіяцкая міграцыя ўжо цяпер пераважае, але ў будучыні яе доля, магчыма, яшчэ павялічыцца».

Найвышэйшыя заробкі сярод мігрантаў — у беларусаў

Заробак легальных мігрантаў зь Беларусі ў Расею складае ў сярэднім 41,1 тысячы расейскіх рублёў — каля 1333 беларускіх рублёў паводле курсу на момант публікацыі. У Беларусі такі сярэдні налічаны заробак (зьвесткі Белстату) атрымліваюць фінансісты, гарнякі, работнікі хімічнай вытворчасьці і кампаніяў у тэлекамунікацыі. Наогул сярэдні заробак па Беларусі склаў у ліпені 819,3 рубля.

Заробкі беларускіх мігрантаў, згодна з апытаньнем, аказаліся самымі высокімі ў Расеі. У сярэднім працоўныя мігранты з краінаў былога СССР зарабляюць там 30,1 тысячы рублёў. Сярэдні заробак расейцаў складае 35,8 тысячы рублёў. Каля 35–36 тысяч зарабляюць азэрбайджанцы, грузіны і малдаване, найменей жа — 27,2 тысячы — маюць нелегальныя працоўныя мігранты з Кіргізстану і Ўзбэкістану.

І найвышэйшая «расейскамоўнасьць»

Мігранты-беларусы пачалі казаць, што размаўляюць ня толькі па-расейску (якой мовай яны карыстаюцца, акрамя расейскай, не ўдакладняецца). Калі ў 2011 годзе 100% апытаных беларусаў казалі, што і на працы, і зь сябрамі размаўляюць у асноўным па-расейску, то ў 2017 годзе такіх было 94,6% і 83,4% адпаведна. Дома ў асноўным па-расейску размаўляюць 77,3% беларускіх мігрантаў у Расеі.

Але беларусы ўсё роўна самая расейскамоўная група мігрантаў. Сьледам за беларусамі ў «расейскамоўнасьці» ідуць украінцы: у асноўным па-расейску размаўляюць 96,3% на працы, 86,7% зь сябрамі, 82% дома. Толькі 53,1% узбэцкіх мігрантаў у Расеі размаўляюць па-расейску на працы, а дома — толькі 11,4%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG