Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нечаканы Скарына: навошта на яго партрэце вышываны ручнік, гляк і кумпяк


500 гадоў беларускага кнігадрукаваньня: новыя ацэнкі, новыя факты, новыя загадкі. Кожны дзень да 6 жніўня — чарговая частка цыклю.

Скарыну пашанцавала. Ён стаў славутым у Эўропе ўжо ў ХІХ стагодзьдзі, а кнігі ягоныя ў тым жа стагодзьдзі зрабіліся бібліяграфічнай рэдкасьцю. Іх прадавалі і дарылі ў вельмі важных выпадках. Напрыклад, у 1867 годзе маскоўскі навуковец-славіст Пётар Бяссонаў падараваў Кнігу Ісуса Сірахава Чэскаму нацыянальнаму музэю ў Празе.

Сёньня Скарына настолькі вядомы навуковай сусьветнай супольнасьці, што калі ў пачатку 1990-х гадоў выходзіла цэлая сэрыя кніг пра нашага асьветніка, адна зь іх на некалькіх сотнях старонак зьмяшчала толькі сьпіс публікацыяў пра Скарыну. Бібліяграфія скарыніяны заняла цэлы том!

Падробкі партрэту

Як і ўсе іншыя славутасьці, ужо ў ХІХ стагодзьдзі некаторыя кнігі Скарыны сталі падрабляць і фальсыфікаваць, у прыватнасьці так сталася зь ягоным партрэтам. Арыгінальны варыянт Скарына зьмясьціў толькі ў дзьвюх кнігах Бібліі — Кнізе Ісуса Сірахава і Чацьвёртай Кнізе Царстваў.

Першую копію выканаў расейскі гравёр Аляксандар Флароў у 1830 годзе. Яна ўклееная ў Кнігу Другазаконьня. Віктар Шматаў лічыў копію няўдалай. Вобраз Скарыны, паводле мастацтвазнаўцы, пазбаўлены цеплыні і дабрыні, але набыў самазадаволены выгляд. Да таго ж першадрукар там выглядае нашмат маладзейшым.

Падробка Аляксандра Фларова. 1830 год.
Падробка Аляксандра Фларова. 1830 год.

Пасьля Фларова за падробку партрэту Скарыны ўзяліся і іншыя ўмельцы. Зробленыя ў ХІХ стагодзьдзі копіі зьмешчаныя ў многіх кнігах скарынаўскай Бібліі, дзе іх пры выданьні не было. Падробкі набылі вялікае распаўсюджваньне, а копія Фларова нават стала лічыцца некаторымі мастацтвазнаўцамі трэцім арыгінальным варыянтам партрэту.

Дайшло да таго, што копія Фларова трапіла ў кнігу «Прадмовы і пасьляслоўі» Скарыны (1969) і ў славутую «Зямлю пад белымі крыламі» Ўладзімера Караткевіча (1977).

Але сам арыгінальны партрэт зьяўляецца вельмі інфармацыйнай і адначасова загадкавай часткай Скарынавай спадчыны.

Нечканая вестка ад Скарыны

Як заўважыў прафэсар Віктар Шматаў, Скарына на партрэце падае сябе менавіта як пісьменьнік і перакладчык. Асьветнік сядзіць за невялікім пісьмовым сталом, перад ім — адкрыты сшытак, у руцэ пяро. Ён глядзіць направа, на невялікі пюпітар, на якім ляжыць Біблія. Гэтак зафіксаваны момант працы перакладчыка — ён глядзіць на першакрыніцу і стварае свой тэкст «Бівліі рускай».

Гэта, на думку Шматава — галоўная ідэя партрэту. Скарына не друкар, не бізнэсмэн — ён гуманіст, асьветнік і нацыянальны дзяяч. Пра тое ж сьведчаць і ягоныя прадмовы і пасьляслоўі, але партрэт дае для такой высновы дадатковае і вельмі красамоўнае пацьверджаньне.

Арыгінальны партрэт першадрукара. 1517 год.
Арыгінальны партрэт першадрукара. 1517 год.

Але пакінуў Скарына ў сваім партрэце і дадатковую інфармацыю для нашчадкаў. Усё зробленае ім праменіцца сымбалічным сэнсам, на малюнку няма нічога выпадковага.

Стол, за якім працуе асьветнік, накрыты не абрусам, як пра гэта пісаў Віктар Шматаў. Стол накрыты беларускім ручніком з вышываным геамэтрычным арнамэнтам, характэрным для Полаччыны.

А побач на невялікім століку адразу за пюпітрам знаходзяцца яшчэ некалькі вельмі характэрных беларускіх рэчаў — збанок-гляк, невялікі кумпяк, завязаная торба, магчыма, з хлебам, і пара плеценых (або аплеценых гліняных) корабаў.

Няма сумневу, што гэтак Скарына дадатковы раз падкрэсьлівае сваё нацыянальнае паходжаньне з Полацку. Бо гэта, безумоўна, прадметы тагачаснага побыту беларускіх гарадоў.

Вясковае, гарадзкое ці беларускае?

Тут прысутнічае нюанс, пра які ведае толькі вузкае кола навукоўцаў. У наш час ужо ня ўсе разумеюць, што матэрыяльныя і духоўныя артэфакты этнічнай культуры, выгнаныя з гарадоў чужынскімі ўплывамі, захаваліся да нашых дзён у беларускіх вёсках.

У XVI-XVIII стагодзьдзях беларуская народная культура была больш маналітнай, адрозьненьні паміж вёскай і горадам былі мінімальныя. Падчас экспэдыцый у беларускія вёскі навукоўцы знаходзяць і зьбіраюць артэфакты не вясковай культуры, а менавіта нацыянальнай, якая была ўласьцівая і беларускім гарадам да іх поўнай дэнацыяналізацыі ў ХІХ стагодзьдзі.

Тое, што мы сёньня называем вясковай традыцыяй (напрыклад, Каляды або валачобніцтва), раней было і гарадзкой традыцыяй. У XVII стагодзьдзі кароль сваімі ўказамі рэгуляваў дачыненьні паміж гарадзкімі магістратамі або мясцовымі біскупамі з аднаго боку, і валачобнікамі або калядоўшчыкамі — зь іншага.

Гісторык музыкі, прафэсар Вольга Дадзіёмава сьцьвярджае, што яе студэнты ў нашы дні шырока запісваюць падчас экспэдыцый у вёсках музычныя канты з «Полацкага сшытку», які, як вядома, зьяўляецца зборнікам беларускай гарадзкой музыкі XVI-XVII стагодзьдзяў.

З прычыны няведаньня такіх простых этнаграфічных заканамернасьцяў сёньня ў Беларусі можна пачуць пратэсты супраць выкарыстаньня нацыянальных строяў і іншых элемэнтаў народнай культуры нават з вуснаў інтэлектуалаў.

Вышываны ручнік на партрэце Скарыны, як і гліняны збанок разам з кумпяком і плеценымі корабамі, паказваюць, што раней «вёскамі» былі і беларускія гарады.

Дзякуй, Францішак, за гэта!

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG