Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нечаканы Скарына: дзе была яго праская друкарня


Крайні зьлева дом у гэтым шэрагу мае адрас Mikulášská 22/8. На яго месцы магла быць друкарня, якую арандаваў Скарына.

500 гадоў беларускага кнігадрукаваньня: новыя ацэнкі, новыя факты, новыя загадкі. Кожны дзень да 6 жніўня — чарговая частка цыклю.

Дзе ў Празе Скарына друкаваў свае кнігі? Дакладна адказаць на гэтае пытаньне гісторыкі ня могуць. Існуюць толькі вэрсіі.

Вэрсія першая

Адну зь іх высунуў вядомы расейскі дасьледчык спадчыны Скарыны прафэсар Яўген Неміроўскі. Ён заўважыў, што праская друкарня, якая належала чэскаму выдаўцу, пісьменьніку і перакладчыку Мікулашу Коначу, у 1517-19 гадах практычна не працавала, гэта значыць не выдавала чэскіх кніг. А гэта якраз час выхаду ў сьвет праскіх выданьняў Францішка Скарыны. На думку Неміроўскга, Скарына арандаваў друкарню Конача, бо засноўваць уласную ў Празе было нерацыянальна.

У гэтай вэрсіі ёсьць і яшчэ адно ўскоснае пацьвярджэньне. Шрыфты для Конача ў Нюрнбэргу вырабляў майстар Геранім Гольцэль. А гісторыкі выявілі, што некаторыя гравюры скарынаўскіх выданьняў паходзяць зь Нюрнбэргу. Друкарня Конача была разьмешчана ў доме «U Bílého Lva» на Садавінным рынку, гістарычная забудова якога цяпер не існуе, хаця сама плошча з такой назвай у Старым горадзе Прагі засталася — яна забудаваная дамамі ХІХ стагодзьдзя.

Садавінны рынак у Старым горадзе Прагі
Садавінны рынак у Старым горадзе Прагі

Неміроўскі падмацоўвае сваю вэрсію і яшчэ адным імем. Гэта чэскі лекар, доктар мэдыцыны Мікулаш Клаўдыян, актыўны дзяяч гусіцкага руху з гораду Млада Болэслаў. Клаўдыян выдаваў свае кнігі ў Нюрнбэргу ў Гольцэля і супрацоўнічаў з Коначам. Неміроўскі лічыць, што менавіта Конач і Клаўдыян маглі зьвязаць Скарыну зь Нюрнбэргам. А там у той час жыў славуты мастак і гравёр Альбрэхт Дзюрэр.

Вэрсія другая

Яшчэ адным праскім выдаўцом часоў Скарыны быў Ян Вольф, які жыў у доме «Šmerhof» на Старамесцкай плошчы. Гэты дом быў разбураны пры пашырэньні ратушы ў ХІХ стагодзьдзі, якая, у сваю чаргу, была амаль цалкам зьнішчаная немцамі падчас Праскага паўстаньня ў траўні 1945 году. Цяпер на гэтым месцы невялікі парк.

Вэрсія трэцяя

Самым вядомым праскім выдаўцом таго часу быў крамнік Сэвэрын, арганізатар выданьня чэскай Бібліі 1488 году. Дом Сэвэрына на Старамесцкай плошчы стаяў побач з домам Вольфа і быў разбураны яшчэ ў XVII стагодзьдзі.

Месца, дзе стаялі дамы Вольфа і Сэвэрына.
Месца, дзе стаялі дамы Вольфа і Сэвэрына.

Сёньняшнія чэскія навукоўцы схіляюцца да думкі, што Скарына арандаваў адну з друкарняў на Старамесцкім пляцы Прагі. Але чыю канкрэтна — сказаць ня могуць. Мяркуецца, што гэта магла быць друкарня Сэвэрына. На карысьць гэтай вэрсіі сьведчыць той факт, што Сэвэрын памёр у 1519 годзе. З 1520 году яго справу (і друкарню) пераняў сын Павел, які пачаў там выдаваць свае кнігі. Паводле чэскіх гісторыкаў, Скарына якраз тады спыніў выданьне Бібліі ў Празе, бо ўжо ня меў сродкаў на арэнду іншай друкарні, і зьехаў у Вільню.

Гісторыкі высьветлілі месца, дзе маглі стаяць дамы Вольфа і Сэвэрына. Гэта ззаду Старамесцкай ратушы, адрас Mikulášská 22/8. Але ніхто ня можа сказаць дакладна, ці была ў іх друкарня. Дакумэнты не захаваліся.

Вэрсія чацьвёртая

У Сэвэрына быў паплечнік, яшчэ адзін са спонсараў выданьня чэскай Бібліі Ян Білы, дом якога, паводле крыніц, стаяў на Старамесцкай плошчы «насупраць ратушы». Некаторыя навукоўцы меркавалі, што і ў доме Білага магла працаваць друкарня. Паводле адукацыі і асноўнай працы Ян Білы, як і Скарына, быў лекарам.

Магчыма, прафэсійная блізкасьць Білага і Скарыны дала падставы чэскім навукоўцам Вацлаву Жыдліцкаму і Мілаславу Зіму лічыць, што Скарына друкаваў свае кнігі на Старамесцкай плошчы ў доме Яна Білага, пабудаваным у 1371 годзе насупраць Ратушы, і вядомым сёньня пад гістарычнай назвай — «U čapů». Яго адрас Staroměstské nám. 481/22.

Дом, дзе паводле Вацлава Жыдліцкага і Міласлава Зімы, жыў Ян Білы і дзе магла быць друкарня Скарыны.
Дом, дзе паводле Вацлава Жыдліцкага і Міласлава Зімы, жыў Ян Білы і дзе магла быць друкарня Скарыны.

Падсумоўваючы ўсё сказанае, можна зрабіць выснову, што месца выданьня Скарынавых кніг у Празе дакладна вызначыць немагчыма.

Сярод усіх згаданых будынкаў захаваўся толькі дом Яна Білага. Сымбалічна, што народжаны ў Беларусі Скарына мог друкаваць свае кнігі ў будынку з такой «беларускай» назвай — «У буслоў». Менавіта гэтак перакладаецца фраза «U čapů».

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG