Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нечаканы Скарына: чаму ён пачаў сваю дзейнасьць у Празе


500 гадоў беларускага кнігадрукаваньня: новыя ацэнкі, новыя факты, новыя загадкі. Кожны дзень да 6 жніўня — чарговая частка цыклю.

Існуе некалькі вэрсіяў адказу на пытаньне, чаму Скарына выбраў Прагу.

Вэрсія першая

Адна зь іх заключаецца ў тым, што каталіцкім біскупам Оламаўцу ў тыя часы быў Станіслаў Турзо, бацька якога — багаты горнапрамысловец Ян Турзо, фінансаваў славянскія выданьні Швайпальта Фіёля ў Кракаве. А брат Станіслава Турзо Жыгімонт, сакратар караля Вугоршчыны і Чэхіі Ўладыслава ІІ Ягайлавіча, быў у перапісцы са славутым вэнэцыянскім выдаўцом Альдам Піем Мануцыем.

Дык вось мяркуецца, што біскуп Оламаўцу Станіслаў Турзо мог быць апекуном Скарыны і нават даў яму рэкамэндацыйны ліст да Мануцыя.

Вэрсія другая

А іншая вэрсія вельмі простая. Прага ў часы Скарыны была адным з эўрапейскіх інтэлектуальных і друкарскіх цэнтраў.

Дастаткова сказаць, што першую друкарню ў Італіі ў 1465 годзе яшчэ пры жыцьці Гутэнбэрга заснавалі два ягоныя вучні, выхадцы з Прагі Конрад Свэйнгейм і Арнальд Панартц.

Дзьвюм гэтым выдатным пэрсонам належыць павага нашчадкаў за стварэньне ў тым жа 1465 годзе новага шрыфту — так званай готыкі-антыквы. Гэта было значнае дасягненьне тагачасных гравёраў. Празь пяць гадоў менавіта готыку-антыкву вэнэцыянскі гравёр Нікаля Жансон перапрацаваў у паўнавартасную гуманістычную антыкву, якая адыграла важную ролю ў эўрапейскай культуры. Як мы ўжо ведаем, не пазьбегнуў яе ўплыву і наш Францішак Скарына.

Готыка-антыква Конрада Свэйнгейма і Арнальда Панартца.
Готыка-антыква Конрада Свэйнгейма і Арнальда Панартца.

Была Прага і цэнтрам славянамоўнага кнігавыданьня. Да выхаду праскіх кніг Скарыны ўжо было выдадзена тры поўныя пераклады Бібліі на чэскую мову — у Празе ў 1488 годзе, у Кутнай Горы ў 1489 годзе і ў Вэнэцыі ў 1506 годзе. Чэская друкаваная Біблія стала трэцяй у сьвеце пасьля нямецкай (1466) і італьянскай (1471).

А ў чэскай рукапіснай традыцыі на той час налічвалася 25 поўных перакладаў Бібліі на чэскую мову, 27 перакладаў Старога і 35 перакладаў Новага Запаветаў! Астатнія славянскія краіны нічога падобнага ня мелі.

Ня дзіва, што Скарына для выданьня першай беларускай Бібліі прыехаў у Прагу. А тое, што ў ягоным перакладзе сустракаюцца багемізмы (напрыклад, ён ужывае чэскае слова "гудба" замест музыкі), можа сьведчыць і пра тое, што Скарына добра валодаў чэскай мовай, а значыць жыў у Празе задоўга да выхаду першай беларускай друкаванай кнігі 6 жніўня 1517 году. Ён мог працаваць або вучыцца ў чэскай сталіцы у 1506-1512 або ў 1512-1517 гадах — пры гэтыя пэрыяды жыцьця Скарыны гісторыкі дакладнай інфармацыі ня маюць.

Яшчэ адным немалаважным фактарам было тое, што каралямі і каралевамі Чэхіі ў той час былі прадстаўнікі дынастыі Ягайлавічаў — выхадцаў зь Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.

Ня выбраць Прагу месцам выданьня беларускіх кніжак было тады вельмі цяжка!

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

XS
SM
MD
LG