Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клімавіцкага гаварыпраўдаўца вэрбаваў КДБ


Аляксандар Балобін
Аляксандар Балобін

27 сакавіка Аляксандра Балобіна, актывіста кампаніі «Гавары праўду», дапыталі ў Крычаўскім міжраённым аддзеле ўпраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

Як заяўляе 23-гадовы актывіст, крычаўскія супрацоўнікі КДБ забралі яго з раённага ваенкамату Клімавічаў, куды яго выклікалі позвай на мэдкамісію. Паводле Балобіна, двое камітэтчыкаў, якія не прадставіліся, сказалі, каб ён сеў у іхную машыну.

Балобін: «Мяне з Клімавічаў завезьлі ў Крычаў у будынак КДБ. Там дапытвалі пад ліст апытаньня. Правёў я там тры гадзіны. Мне „прывязвалі“ артыкул, што я вяду сваю дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, то бок ад кампаніі „Гавары праўду“. Мяне запалохвалі. Казалі, што гутарка павінна заставацца „толькі між намі“. Бо гэта „ў вашых інтарэсах, мы ж ня можам вам загадаць, мы ў свабоднай краіне“, — так гаварылі».

Аляксандар Балобін лічыць, што нагодай для гутаркі ў КДБ сталася ягоная дзейнасьць у Клімавіцкім раёне як каардынатара кампаніі «Гавары праўду». Актывіст зазначае, што падчас допыту на стале ў камітэтчыкаў ляжалі некалькі тэчак з матэрыяламі пра ягоную дзейнасьць.

Балобін: «Там была інфармацыя пра тое, што 25 сакавіка мы раздавалі віншавальныя ўлёткі да Дня Волі. Я ім казаў, што ва ўлётках не было ніякіх зьвестак ні пра палітычныя партыі, ні пра кампаніі. Я ім даводзіў, што мы хацелі проста людзям сказаць, што ёсьць такое сьвята і іх віншуем зь ім. На гэта яны мне адказалі, што я мушу зразумець, чым ня трэба займацца, то бок каб я болей не займаўся дзейнасьцю ад імя „Гавары праўду“. Яшчэ прапаноўвалі мне, як я гэта разумею, супрацоўніцтва, а яны называлі гэта кансультацыямі. Яны тлумачылі, што будуць зьвяртацца па дапамогу зь нейкай інфармацыяй, а я ім буду дапамагаць парадамі. Я адмовіўся».

Як паведамілі «Свабодзе» крычаўскія праваабаронцы, да якіх пасьля выхаду з КДБ зьвярнуўся па дапамогу Аляксандар Балобін, ён склаў у абласную пракуратуру скаргу на камітэтчыкаў. У ёй дзеяньні супрацоўнікаў КДБ называюцца незаконнымі. Адзначаецца, што падчас допыту Балобіна запалохвалі і прапаноўвалі яму стаць інфарматарам. Як пазначана ў скарзе, пратакол апытаньня складаў начальнік Крычаўскага КДБ Ільля Краўцоў. Аляксандар Балобін просіць пракуратуру праверыць факт законнасьці допыту і пакараць вінаватых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG