Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За два дні ў Эўразьвязе затрымалі двух палітуцекачоў, унесеных уладамі Беларусі ў базу Інтэрполу


Пра гэта паведаміла юрыдычна-праваабарончае аб’яднаньне «Партызанка», якое базуецца ў Польшчы.

13 студзеня на інфалінію «Партызанкі» патэлефанавалі з польскай паліцыі і паведамілі, што затрыманы грамадзянін Беларусі. Улады Беларусі ўнесьлі яго ў базу Інтэрполу з чырвоным апавяшчэньнем. У пастарунку беларус згадаў нумар «Партызанкі». Праваабаронцы пагутарылі з затрыманым і патлумачылі супрацоўніцы паліцыі кантэкст сытуацыі. Беларус мае статус міжнароднай абароны, і яго адпусьцілі 14 студзеня «пасьля ўсіх праверак і рашэньня пракурора».

14 студзеня праваабаронцам паведамілі пра яшчэ адно затрыманьне грамадзяніна Беларусі паводле такога ж запыту ў Інтэрполе. Гэтым разам — у Румыніі. Вядома, што каля 4 гадоў таму па вызваленьні ён, парушыўшы ўмовы нагляду, выехаў у Польшчу паводле гуманітарнай візы, але на міжнародную абарону не падаваў. Цяпер ён пад арыштам — чакае суду, які адбудзецца ў панядзелак. Паводле праваабаронцаў, гэта будзе ўжо паўторны разгляд ягонай справы.

Гэта ня першыя выпадкі, зазначаюць у «Партызанцы». Летась у беларуса пры афармленьні новага дазволу на жыхарства спрацаваў інтэрполаўскі Red Notice, пададзены Беларусьсю ў 2023 годзе. Яго затрымалі і ў кайданках завезьлі ў пастарунак, а потым у акруговую пракуратуру. Міжнароднай абароны ў яго не было. Яго адпусьцілі. Ён падаў заяву на абарону, і праз паўгоду суд пастанавіў, што ягоная перадача беларускім уладам недапушчальная праз рызыку палітычнага перасьледу.

Пасьля рашэньня мясцовага суду пра недапушчальнасьць экстрадыцыі апавяшчэньне Інтэрполу (Red Notice або Red Diff) застаецца, пакуль Інтэрпол ня вырашыць яго зьняць, або пакуль яго не адклічуць улады Беларусі. А тым часам застаецца рызыка, што чалавека наноў затрымаюць у іншай краіне.

Такія запыты ў Інтэрпол — адзін з інструмэнтаў транснацыянальных рэпрэсіяў, якія рэжым выкарыстоўвае супраць беларусаў, што ўцяклі ад перасьледу ў іншыя краіны, піша «Партызанка». Запыты часьцяком афармляюцца пад выглядам эканамічных або «хуліганскіх» парушэньняў, каб схаваць палітычную матывацыю. Яны могуць падавацца як Red Diff — тэрміновае апавяшчэньне, якое распаўсюджваецца хутчэй праз унутраныя каналы ў канкрэтныя краіны і не адлюстроўваецца ў адкрытай базе Інтэрполу. Або як Red Notice, які звычайна бачны на сайце Інтэрполу. Да таго ж, улады Беларусі падаюць запыты наўпрост у пэўныя краіны ў абыход Інтэрполу.

«Партызанка» раіць палітычным эмігрантам падавацца на міжнародную абарону, «якая можа абараніць вас ад экстрадыцыі». Запыт Інтэрполу можа зьявіцца раптоўна, праз гады, — зазначаюць праваабаронцы.

  • Interpol Red Notice («чырвонае апавяшчэньне», «чырвоная картка» ці «чырвоная нота») Інтэрполу — гэта запыт у праваахоўныя органы па ўсім сьвеце аб знаходжаньні і папярэднім арышце асобы ў чаканьні экстрадыцыі, перадачы або аналягічных юрыдычных дзеяньняў. Ён не зьяўляецца міжнародным ордэрам на арышт.
  • Большасьць «чырвоных апавяшчэньняў» прызначаная толькі для выкарыстаньня праваахоўнымі органамі, вытрымкі зь іх публікуюцца па просьбе адпаведнай краіны-сябра і ў тых выпадках, калі можа спатрэбіцца дапамога грамадзкасьці для ўстанаўленьня месцазнаходжаньня чалавека або калі чалавек можа ўяўляць пагрозу грамадзкай бясьпецы.
  • Улады Беларусі нярэдка выкарыстоўваюць каналы Інтэрполу для палітычнага перасьледу грамадзян, афіцыйна шукаючы іх нібыта за эканамічныя злачынствы. Адзін з выпадкаў, які атрымаў гучны рэзананс: арышт у Бялградзе рэжысёра Андрэя Гнёта, якога беларускія сілавікі абвінавачвалі ў нявыплаце падаткаў. Пасьля году ўтрыманьня ў турме і пад хатнім арыштам ён змог пакінуць Сэрбію дзякуючы садзеяньню прэзыдэнта краіны Аляксандра Вучыча.
  • Спэцыяльны дакладчык ААН па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс 26 чэрвеня 2025 году на 59-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека заклікаў дэмакратычныя краіны не адпраўляць беларусаў назад у Беларусь, «асабліва калі яны падвяргаюцца там рызыцы жорсткага абыходжаньня», не супрацоўнічаць з ўладамі Беларусі ў злоўжываньні «чырвонымі апавяшчэньнямі» Інтэрполу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG