Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджанаму за Плошчу Марцалеву адмовілі ў лячэньні за мяжой


Партызанскі РУУС Менску не дазволіў выезд для лекаваньня за мяжой Сяргею Марцалеву, асуджанаму на два гады пазбаўленьня волі ўмоўна за ўдзел у Плошчы-2010.

Партызанскі РУУС Менску не дазволіў выезд для лекаваньня за мяжой Сяргею Марцалеву, асуджанаму на два гады пазбаўленьня волі ўмоўна за ўдзел у Плошчы-2010.

Адпаведны зварот былы кіраўнік выбарчага штабу Мікалая Статкевіча накіраваў у крымінальна-выканаўчую інспэкцыю, пасьля таго як тая дазволіла выезд за мяжу асуджанай за ўдзел у Плошчы Ірыне Халіп.

«Міліцыя мяне па-свойму павіншавала з Днём Волі. 25 сакавіка я атрымаў адказ з Партызанскага РУУС пра тое, што мне адмоўлена ў праве на выезд. Матывавалі гэта тым, што мая раённая паліклініка, аказваецца, лічыць, што мне лекавацца за мяжой ня трэба. Чаго і варта было чакаць. Палітычныя трэнды памяняліся, зноў саджаюць у турмы, а мы па-ранейшаму будзем закладнікамі».

Адказ, датаваны 21-м сакавіка, падпісаны намесьнікам начальніка Партызанскага РУУС. У дакумэнце гаворыцца: «Падчас правядзеньня праверкі ўстаноўлена, што згодна з адказам УЗ „9-я гарадзкая паліклініка Менску“ неабходнасьці праходжаньня курсу лячэньня за межамі Рэспублікі Беларусь у вас няма».

«Мая заява грунтавалася на нормах нацыянальнага заканадаўства, згодна зь якімі грамадзяніну, права на выезд у якога часова абмежавана, права на выезд можа быць дадзена ў сувязі зь неабходнасьцю яго лячэньня. Да сваёй заявы я прыклаў мэдычныя даведкі. Гэта хранічная хвароба, якая ў мяне абвастрылася пасьля знаходжаньня ў [турме КДБ] „Амэрыканцы“. Асабліва яна абвастраецца восеньню і вясной. Паколькі няма станоўчай дынамікі, я хацеў пракансультавацца з мэдыкамі за мяжой. Я ляжаў у стацыянары ў лякарні ў жніўні мінулага году. Даведка са стацыянарнай лякарні ёсьць у маёй асабістай справе крымінальна-выканаўчай інспэкцыі, бо я вымушаны быў даваць справаздачу, чаму мяне няма дома. Цяпер я яшчэ дадаў даведку з раённай паліклінікі. Але рашэньне было прынятае такое. Хто канкрэтна зь лекараў даваў такое заключэньне, я ня ведаю. Але мяркую, што гэта службовая адпіска».

Сяргей Марцалеў называе прынятае рашэньне палітычна матываваным.

«Я нават адкіну палітычны бок пытаньня. Выдатна,што Ірына Халіп выехала адсюль, што яна пабачыла мужа, бо столькі часу жыць у розных краінах цяжка. Таму добра, што ў яе атрымалася. У маім выпадку рашэньне было палітычна матываванае. Мяне пакінулі тут, гэтаксама як і ўсіх маіх калегаў, якія былі ўмоўна асуджаныя за Плошчу. У гэтым выпадку мне ня хочацца выставіць сябе нейкай жахлівай ахвярай, бо нашы таварышы, як і раней, у турмах, і ім значна горш, чым мне. Таму я гэта неяк перанясу, хоць я буду апэляваць да вышэйстаячых інстанцыяў тых спадароў у пагонах, якія выносяць падобныя рашэньні».

Сяргей Марцалеў прасіў дазволіць яму выезд за мяжу для лекаваньня хранічнага захворваньня ў пэрыяд з 1 красавіка да 28 чэрвеня. Ён плянаваў у красавіку выехаць ва Ўкраіну, у траўні наведаць Польшчу і ў чэрвені адпачыць 14 дзён у падмаскоўным прафілякторыі.

Раней крымінальна-выканаўчая інспэкцыя Партызанскага РУУС дазволіла выезд за мяжу асуджанай за Плошчу жонцы экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірыне Халіп. У пэрыяд да 3 красавіка ёй дазволілі сустрэцца з мужам, а таксама наведаць рэдакцыю расейскай «Новой газеты».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG