Лукашэнка — Мішусьціну: «Сёньня немагчыма, як у сярэднія вякі, захапіць якуюсьці краіну»

Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі зь Міхаілам Мішусьціным

Беларуская зямля заўсёды была блізкай і роднай для рускага чалавека, такой і застанецца. Пра гэта Лукашэнка заявіў сёньня на сустрэчы са старшынёй ураду Расеі Міхаілам Мішусьціным, перадае БелТА.​

«Што тычыцца нашых адносін, вы павінны ведаць, што мы нікуды не зьбіраемся, як некаторыя спрабуюць прадставіць Беларусь. Мы знаходзімся на гэтым кавалку зямлі. Яна заўсёды была блізкай і роднай для рускага чалавека, расіяніна. І застанецца заўсёды такой, нават калі мы з вамі не захочам. Народы бяз нас разьбяруцца, як ім жыць. Але хацелася б, каб і мы пры гэтым працэсе прысутнічалі», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок настойвае на тым, каб выконваліся дамоўленасьці ўнутры саюзнай дзяржавы.

«Ну і часы зьмяніліся. Зараз жа немагчыма, як у сярэднія вякі, захапіць якуюсьці краіну і падпарадкаваць на 100—150 гадоў. Сытуацыя іншая. Дый ня трэба. І ў Расеі сваіх земляў хапае, калі казаць пра Расею», — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік расейскага ўраду Міхаіл Мішусьцін 14 ліпеня выказаўся пра паглыбленьне інтэграцыі ў рамках «саюзнай дзяржавы». На думку Мішусьціна, раскрыцьцё патэнцыялу саюзнай дамовы «дазволіць сфармаваць якасна новыя ўмовы для эканамічнага ўзаемадзеяньня і ажыцьцяўленьня буйных сумесных праектаў».