МАГАТЭ апублікавала рэкамэндацыі, як зрабіць БелАЭС больш бясьпечнай

Першыя вучэньні на Беларускай АЭС, ілюстрацыйнае фота

Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) апублікавала высновы са справаздачы аб місіі ацэнкі перадэксплюатацыйнай бясьпекі Беларускай АЭС. Гэтая місія праходзіла 5–22 жніўня 2019 году, па выніках былі сфармуляваныя 11 рэкамэндацый, 8 прапаноў, а таксама адзначаныя 4 «добрыя практыкі».

Поўны сьпіс рэкамэндацый не публікуецца, але называюцца самыя істотныя праблемы:

  • Кіраўніцтву БелАЭС трэба забясьпечыць маніторынг і нагляд за выкананьнем праграмы ўвядзеньня станцыі ў эксплюатацыю, каб забясьпечыць адэкватную гатоўнасьць да запуску.
  • Апэратар станцыі павінен узмацніць праграму, якая не дазваляе староньнім аб’ектам трапляць у сыстэмы і абсталяваньне АЭС.
  • Трэба наладзіць абмен досьведам эксплюатацыі АЭС, каб адміністрацыя і пэрсанал маглі своечасова вучыцца на ўласным і чужым досьведзе.

Сярод «добрых практык» адзначылі надзейныя сыстэмы трывогі і апавяшчэньня пра небясьпеку, стварэньне аварыйнага ўкрыцьця на 60 чалавек у пажарным аддзеле (з такой жа радыяцыйнай абаронай, як ва ўкрыцьці для пэрсаналу станцыі) і выкарыстаньне ў кантрольным пакоі станцыі адмысловай панэлі кіраваньня, неабходнай у выпадку надзвычайных сытуацый.

МАГАТЭ адзначыла таксама, што падчас агляду ў 2019 годзе абмен інфармацыяй з пэрсаналам станцыі быў адкрыты, прафэсійны і прадуктыўны, а акцэнт быў зроблены ня проста на складзе праграмаў, а на эфэктыўнасьці сыстэмаў бясьпекі. Адміністрацыя БелАЭС «заявіла пра гатоўнасьць вырашыць выяўленыя праблемы» і запрасіла экспэртаў МАГАТЭ на паўторны візыт праз 18 месяцаў (то бок ужо пасьля заплянаванага запуску) для ацэнкі прагрэсу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 8 пытаньняў пра Беларускую АЭС. Некаторыя застаюцца без адказаў

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.