У Берасьці прайшоў юбілейны пратэст супраць «акумулятарнікаў»

Акцыя пратэсту на галоўнай плошчы Берасьця. 14 кастрычніка 2018 году.

Першая акцыя супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу кампаніі «АйПауэр» адбылася 5 студзеня 2018 году.

У Берасьці на плошчы Леніна 5 студзеня каля паўдня чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу, паведамляе агенцтва БелаПАН. Такія сустрэчы праходзяць тут штонядзелю з 25 лютага 2018 года. На плошчы сабраліся каля 80 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманага за хабар уладальніка акумулятарнага завода выпусьцілі з турмы

Міліцыя праз мэгафон папярэджвала пра адказнасьць за несанкцыянаваную акцыю, аднак затрыманьняў не было. Пасьля сустрэчы на плошчы праціўнікі будаўніцтва заводу прайшлі цэнтральнымі вуліцамі гораду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзьдзя адмовіўся закрываць суд Берасьцейскага аблвыканкаму супраць акумулятарнага заводу

Упершыню акцыя пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ля Берасьця адбылася роўна два гады таму, 5 студзеня 2018 года. Тады пратэстоўцы сабраліся ля будаўнічай пляцоўкі заводу побач з вёскай Тэльмы. На наступны дзень, 6 студзеня, пачаўся збор подпісаў супраць будаўніцтва гэтага заводу.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем

  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.