Беларуская апазыцыя зьвярнулася да грамадзян Расеі наконт пагрозаў «паглыбленьня інтэграцыі»

Прадстаўнікі дэмакратычных партый і грамадзкіх арганізацый Беларусі падпісалі зварот да грамадзян Расеі «ў сувязі з антызаконнымі дзеяньнямі ў паглыбленьні саюзнай інтэграцыі Расеі і Беларусі».

У ім гаворыцца, што «аўтарытарныя кіраўнікі Расеі і Беларусі першапачаткова падпісалі Дамову аб стварэньні саюзнай дзяржавы» толькі для задавальненьня сваіх безадказных амбіцый», а рэалізацыя Дамовы «вядзе да ліквідацыі беларускай незалежнасьці і фактычнай анэксіі беларускай дзяржавы», што таксама «нясе пагрозу добрасуседзкім адносінам Беларусі і Расеі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Апазыцыя дамовілася наконт фармату і месца правядзеньня акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй

Далучэньне да Расеі Беларусі «непазьбежна прывядзе да яшчэ большай ізаляцыі Расеі на міжнародным узроўні як краіны агрэсара, што зноўку ўдарыць па дабрабыце простых расейцаў», адзначаецца ў заяве.

Грамадзян Расеі заклікаюць далучыцца да заявы «аб нелегітымнасьці дамовы, аб непрызнаньні любых „інтэграцыйных“ пагадненьняў, сакрэтных пратаколаў паміж Пуціным і Лукашэнкам». У заяве таксама дзякуюць расейцам, якія ўжо праводзілі акцыі салідарнасьці ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Хочам сабраць ня менш людзей, чым апазыцыя». Прыхільнікі інтэграцыі з Расеяй плянуюць мітынг на Кастрычніцкай

Зварот падпісалі:

  • Віталь Рымашэўскі, сустаршыня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя»;
  • Павал Севярынец, сустаршыня БХД;
  • Анатоль Лябедзька, «Эўрапейскі дыялёг»;
  • Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы;
  • Алясей Марачкін, мастак, заснавальнік суполкі «Пагоня»;
  • Юры Беленькі, намесьнік старшыні КХП-БНФ;
  • Алесь Арастовіч, намесьнік старшыні «Народнай грамады».