Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч, Зьміцер Вайцюшкевіч і Павал Аракелян анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца па пешаходных вуліцах Менску, могуць мець пры сабе музычныя інструмэнты. Але яны не заяўлялі пра акцыі пратэсту або іншыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы.
Абноўлена 21:00: З Цэнтральнага РАУС вызвалілі ўсіх затрыманых музыкаў і Мар'яну Вольскую.
Вольскі арыентаваў сваіх сяброў на сустрэчу а 18:30 на скрыжаваньні Рэвалюцыйнай і Камсамольскай. «Людзі ў цывільным» і супрацоўнікі АМАП затрымалі Лявона Вольскага і яго жонку Мар’яну Вольскую, Ігара Варашкевіча, Зьмітра Вайцюшкевіча і Паўла Аракеляна за пяць хвілінаў да заплянаванай сустрэчы, пасадзілі ў чорны Ford Transit.
Мужчына, які дзейнічаў як начальнік «людзей у цывільным», папярэджваў Вольскага аб адказнасьці за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства.
На скрыжаваньні засталіся дзясяткі чалавек, якія хорам прасьпявалі гіты Вольскага і гурту N.R.M «Тры чарапахі», «Паветраны шар» і «Простыя словы» і іншыя песьні.
Прадстаўнік міліцыі праз гукаўзмацняльнік прыгразіў ім затрыманьнямі і гвалтам — на скрыжаваньне пад’яжджаюць аўтазакі.
Адзін з арганізатараў канцэрту #БНР101 Антон Матолька запусьціў на Petitions.by збор подпісаў пад зваротам да Менгарвыканкаму і Міністэрству ўнутраных справаў з патрабаваньнем растлумачыць, чаму затрымалі музыкаў.
Тым часам на Кастрычніцкай плошчы затрымліваюць людзей, якія пазначаюць сябе нацыянальнай сымболікай.
Вуліца Валадарскага застаўленая аўтазакамі ад праспэкту Незалежнасьці.
Аўтазакі на вуліцы Валадарскага