Магілёўскі гурт Nizkiz адкрые канцэрт на Дзень Волі ў Горадні 23 сакавіка. Выступ музыкаў пачнецца а 13:00.
Лідэр Nizkiz Аляксандар Ільін пацьвердзіў гэтую інфармацыю на канцэрце гурту 22 сакавіка ў Горадні.
Анонс гэтага выступоўцы трымалі ў сакрэце да апошняга, ні разу ня згадвалі ў папярэдніх анонсах – толькі абяцалі «сюрпрыз» 22 сакавіка. Для Nizkiz гэта ўжо другі выступ на Дзень Волі. На менскім «Сьвяце Незалежнасьці» у 2018 годзе музыкі ўжо станавіліся «таемнымі гасьцямі».
Хто гэта такія?
Летась Nizkiz сталі найлепшым гуртом Беларусі паводле парталу TuzinFM. У 2018 годзе магілёўскія музыкі зьбіралі поўныя залі практычна ва ўсіх гарадах у межах свайго беларускага туру, а на канцэрт у Менску квіткі на тысячную залю скончыліся яшчэ за месяц да канцэрту, і давялося рабіць дадатковы. Былі і пасьпяховыя сольныя канцэрты ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.
Каманда таксама перамагла ў беларускім адборы ды выступіла на найбуйнейшым украінскім фэсце Atlas Weekend, а таксама стала госьцем вялікіх беларускіх оўпэн-эйраў LidBeer i Viva Braslav.
Сакавіцкі кліп Nizkiz «Интроверт» сабраў за 2 тыдні на YouTube больш 27 500 праглядаў.
Разам з Nizkiz на сьвяце выступяць Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, гурты Dzieciuki, «Дай дарогу» і «Крама».
Дзе паглядзець стрым з Дня Волі?
Свабода будзе весьці жывую трансьляцыю з Каложскага парку ў Горадні. Стрым пачнецца а 12-й гадзіне.
Таксама будзем стрыміць у сацыяльныя сеткі Свабоды. Каб нічога не прапусьціць, вы можаце падпісацца на нас:
- «УКантакце»;
- на Facebook;
- і ў «Аднаклясьніках».