Юркойцеў суд. Жэстачайшэ!

Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка

Ня памятаю, каб прэзыдэнт краіны хоць раз заклікаў суды апраўдваць невінаватых. Дзіўнавата гучыць, хоць было б у адпаведнасьці з законам.

Пачатак ТУТ

Наадварот, кіраўнік краіны заўсёды патрабуе «жэстачайшага» пакараньня «злодзеяў» яшчэ да пачатку судовага працэсу і прызнаньня віны. Так было з ашмянскімі мытнікамі, калі за паўгода да суду прэзыдэнт запатрабаваў ад іх кампэнсаваць страты ў трохразовым памеры, хоць на працэсе высьветлілася, што ніхто нічога ня страціў.

Зразумела, што суд, прызначаны прэзыдэнтам, выконвае замовы зьверху, маўляў, лепш перагнуць і пакараць невінаватага – адназначна не прамажаш. Урэшце, ніхто ад гэтага не пацерпіць, апроч самога невінаватага і ягонага атачэньня. Часам, як у выпадку з Алесем Юркойцем, церпіць яшчэ і культурны ўзровень людзей і імідж краіны. Але гэта ў нас у цэлым яшчэ рэчы даволі абстрактныя.

А далей? Далей падаюцца касацыі-апэляцыі – вось там і шукай справядлівасьці. Розгалас ад тых працэсаў нікчэмны. Там могуць і адпусьціць. Прэзыдэнт прысутнічаў на ўзьлёце справы і на пасадцы. А што будзе з самалётам у ангары – мала каго цікавіць. Невідовішчна.

Іншы раз думаецца, што прэзыдэнт і ёсьць суд першай інстанцыі, што гэта ён і выпісвае прысуды, асабліва ў працэсах, якія сам анансаваў. Так знайшлося яшчэ адно тлумачэньне цяперашняга яўна задоўжанага перапынку ў мытным працэсе з «кветкавай прадукцыяй». Не аднымі ж судамі займацца прэзыдэнту.

Нязьменная жорсткасьць службовых асобаў пракуратуры і суду за мінулыя дваццаць гадоў зьмяніла як наша ўяўленьне пра гэтыя прафэсіі, так і самі гэтыя прафэсіі, паставіўшы іх у шэраг заняткаў, у якіх прысутнічае патаемная непрыгляднасьць. Сам пракурор ці судзьдзя можа быць чалавекам нармальным, сучасным, са здаровым уяўленьнем пра дабро і зло. Але – па-за прафэсіяй, ня там, дзе ён выстаўляе беспадстаўнае абвінавачаньне і неабгрунтаваны прысуд. У гэтым сэнсе ён – як сьвінабой, што па-за працай можа быць заўзятым філятэлістам, ці як амонавец, што дубінай зьбівае жанчыну на плошчы, – тэатралам, ці як прастытутка – ласкавай матуляй для сваіх дзяцей. Яны не выстаўляюць напаказ непрыглядныя бакі сваёй прафэсіі. Хоць там гэтыя бакі непазьбежныя, чаго ня скажаш пра суд і пракуратуру. Тым ня менш.

Жорсткасьць зусім не ўпрыгожвае чалавека, не ідзе на карысьць прэстыжу прафэсіі, наадварот. Па выніку тут страчваюць усе. Акрамя аднаго – прэзыдэнта, якому важна «навесьці парадак», паказаць «жалезную руку», праслыць суровым і справядлівым кіраўніком. І калі так было на працягу папярэдняга прэзыдэнцтва, дык сёньня гэта напружвае ўсё большую колькасьць народу. Не на карысьць ужо гэта і самому Лукашэнку, якому ўсё больш патрэбная падтрымка насельніцтва і ад якога даўнавата не чуваць звыклага зубадрабільнага патрабаваньня – Жэстачайшэ!

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.