Прэзыдэнт ЗША Барак Абама быў пераабраны на другі чатырохгадовы тэрмін, перамогшы суперніка-рэспубліканца Міта Ромні.
Ромні, былы губэрнатар штату Масачусэтс, павіншаваў Абаму падчас выступу перад прыхільнікамі ў Бостане.
Сваю пасьлявыбарчую прамову Абама пачаў словамі: «Амэрыка рухаецца наперад»:
«Пакуль мы тут моршчымся з нагоды дробязнасьці гэтай кампаніі, людзі ў іншых краінах рызыкуюць жыцьцём, каб у іх зьявілася магчымасьць паспрачацца пра палітыку».
Барак Абама: «Лепшае яшчэ наперадзе...» (відэа)
Кенійская бабуля Абамы сьвяткуе перамогу ўнука (відэа)
Чаканая перамога Абамы была аб’яўленая пасьля таго, як мэдыі абвясьцілі прагназаваныя вынікі ў штаце Агаё, якія далі Абаму неабходныя 270 галасоў электараў.
Апошнія прагнозы, заснаваныя на папярэдніх выніках і экзыт-полах, паказваюць, што Абама атрымаў больш за 303 галасы выбарнікаў.
Абама здолеў перамагчы, нягледзячы на слабую эканоміку ЗША і высокі ўзровень беспрацоўя — праблемы, якія, як правіла, моцна ўплываюць на шанцы перамагчы.
Падлік галасоў яшчэ працягваецца, Абама, як лічылася, атрымаў ключавыя перамогі ў некалькіх «хісткіх штатах», якія дапамаглі пераламіць хаду выбараў на сваю карысьць. Абама атрымаў галасы такіх спрэчных штатаў, як Аёва, Мічыган, Нью-Гэмпшыр, Пэнсыльванія і Вісконсын. Таксама яго падтрымалі Каліфорнія, Арэгон і Вашынгтон, а таксама яго родны зь дзяцінства штат Гаваі.
Выбары ў Сэнат і Кангрэс
Рэспубліканцы захаваюць кантроль над Палатай прадстаўнікоў у той час, як заканадаўцы-дэмакраты захаваюць свае невялікую большасьць у Сэнаце.
Палаты Кангрэсу зноў падзяліліся паміж бакамі. Прымаць законы будзе па-ранейшаму складана для Абамы, асабліва цяпер, калі ён пачынае свой другі чатырохгадовы тэрмін. Дзьве асноўныя амэрыканскія партыі на працягу многіх гадоў не знайшлі паразуменьня па цэлым шэрагу заканадаўчых актаў.