Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 гадоў турмы прысудзілі вінаватаму ў ДТЗ у Воранаўскім раёне, у якім загінулі двое дзяцей


Здымак на месцы аварыі, 29 траўня 2025 году, Воранаўскі раён
Здымак на месцы аварыі, 29 траўня 2025 году, Воранаўскі раён

Суд Воранаўскага раёну прыгаварыў да 8 гадоў пазбаўленьня волі вінаватага ў сьмяротнай аварыі, якая адбылася 29 траўня 2025 году.

Тое трагічнае здарэньне пацягнула гібель дваіх дзяцей, паведаміла Генэральная пракуратура.

Фігурант справы, у дадатак, аштрафаваны на 60 базавых велічынь (2700 рублёў) і пазбаўлены права на працягу васьмі гадоў займацца дзейнасьцю, зьвязанай з кіраваньнем усімі відамі транспарту.

Мужчына прызнаны вінаватым паводле ч. 5 арт. 317 (парушэньне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алькагольнага ап’яненьня, што пацягнула зь неасцярожнасьці сьмерць дзьвюх і больш асоб, а таксама прычыненьне менш цяжкага цялеснага пашкоджаньня) і ч. 3 арт. 159 (сьвядомае пакіданьне ў небясьпецы, зьдзейсьненае асобай, якая сама зь неасьцярожнасьці паставіла пацярпелага ў небясьпечны для жыцьця або здароўя стан) Крымінальнага кодэксу.

На карысьць пацярпелых пастанавілі спагнаць грашовую кампэнсацыю маральнай шкоды ў суме 325 тыс. рублёў. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў і можа быць абскарджаны.

Згодна з матэрыяламі справы, 55-гадовы жыхар Бабруйску ноччу 29 траўня 2025 году на цягачы рухаўся з хуткасьцю каля 89 кілямэтраў на гадзіну — пры максымальна дапушчальных 70 км/г. На закругленьні дарогі направа мужчына выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з аўтамабілем «Аўдзі» пад кіраваньнем 34-гадовага жыхара Воранаўскага раёну, які вяртаўся дадому з жонкай і трыма малалетнімі дзецьмі (узрост — ад 1 году да 5 гадоў). У выніку аварыі загінулі двое дзяцей (2019 і 2024 гадоў нараджэньня), аднаму дзіцяці (2020 г. н.) прычыненыя цяжкія цялесныя пашкоджаньні.

Пры гэтым кіроўца «Аўдзі» і яго 27-гадовая жонка атрымалі менш цяжкія і лёгкія цялесныя пашкоджаньні, якія прывялі да кароткачасовага разладу здароўя.

Па аварыі асуджаны не аказаў пацярпелым мэдычнае дапамогі, хоць меў такую магчымасьць і быў абавязаны гэта зрабіць, адзначылі ў пракуратуры.

Вінаваты ў аўтакатастрофе кіроўца піў каньяк — бутэлькі з-пад гэтага сьпіртнога знайшлі ў кабіне грузавіка.

Справу перакваліфікавалі ў кастрычніку на больш строгі артыкул — пасьля таго, як памерла другое дзіця.

Раней асуджаны ўжо быў перад судом за ДТЗ зь цяжкімі цялеснымі пашкоджаньнямі, а таксама прыцягваўся да адміністрацыйнай за розныя парушэньні на дарозе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG