Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Пра асуджэньне людзей, якія застаюцца ў дзяржаўнай сыстэме Беларусі, і найлепшы канец кар'еры Лукашэнкі


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— У дзяржаўнай бясьпецы Літвы заявілі, што 8 з 10 беларусаў — эканамічныя эмігранты, а не апанэнты рэжыму. Што гэта значыць?

— Тут няма супрацьпастаўленьня. Апанэнтаў рэжыму таксама можна лічыць эканамічнымі, а ўсе, хто «проста» эканамічныя, таксама могуць у Беларусі трапіць пад рэпрэсіі.

Ёсьць, напэўна, сярод беларусаў у Літве і тыя, хто падтрымлівае рэжым і вайну ва Ўкраіне, але гэта заўсёды канкрэтныя людзі, а ня 8 з 10. Думаю, дзяржаўная бясьпека пра іх ведае. Калі ж апэраваць лічбамі, дык галоўны крытэр — ляяльнасьць да літоўскай дзяржавы. Іншая пазыцыя проста нелягічная для эмігранта.

— Ці сапраўды людзі, якія застаюцца ў дзяржаўнай сыстэме ў Беларусі, заслугоўваюць асуджэньня?

— Абсалютная большасьць такіх людзей — нармальныя людзі і маюць гуманістычныя перакананьні, забясьпечваюць функцыянаваньне дзяржаўных інстытуцыяў, спрыяюць захаваньню незалежнасьці Беларусі, дапамагаюць іншым, прычым робяць гэта негалосна, а іншы раз і з рызыкай для сябе.

Калі асуджаць, дык канкрэтных асобаў за канкрэтныя злачынствы, канкрэтную шкоду іншым людзям і краіне, а не за працу ў сыстэме ці які-небудзь абстрактны «экстрэмізм», як гэта робіць рэжым.

— Чаму беларускія і расейскія дэмакраты ў эміграцыі ня могуць аб’яднацца, калі праціўнік у іх той самы?

— Гэта даўняя ілюзія пра аднаго праціўніка, адны каштоўнасьці і мэты змагароў за свабоду ў Беларусі і Расеі. За ўсю гісторыю мы ня знойдзем прыкладу такога аб’яднаньня.

У Беларусі шлях ад дыктатуры да свабоды будзе «такім, як у іншых краінаў», ёсьць варыянты, але яны ўсе зразумелыя. Для расейскіх дэмакратаў усе рацыянальныя сцэнары заўсёды разбураюцца ўрэшце гіпнатычнай цютчаўскай фразай «Умом Россию не понять... В Россию можно только верить», і ўсё становіцца незразумелым.

— У сеціве бачу ўсё больш лаянкі ў адрас дэмакратычных сілаў, а не рэжыму, быццам ён ні пры чым. Чаму?

— Калі гэта не аргумэнтаваная фактамі крытыка, а лаянка, то прычыны могуць быць тры, і ніводная зь іх не канструктыўная. Гэта або інсьпірацыя самога рэжыму, або чалавечыя комплексы (зайздрасьць, нявыхаванасьць, азлобленасьць), або бясьпечнасьць (у адрозьненьне ад крытыкі рэжыму). У кожным разе, гэта дастатковая падстава, каб перастаць зьвяртаць увагу на такіх аўтараў і прыбраць іх са сваіх стужак.

Чытайце канструктыўнае, аргумэнтаванае і, як мінімум, ветлівае.

— Які, на вашу думку, быў бы найлепшы канец кар’еры Лукашэнкі?

— Для Беларусі і беларусаў найлепшай эвалюцыйнай прышчэпкай быў бы публічны суд, які б вярнуў грамадзтву і краіне прыярытэт чалавечнасьці.

Мала хто цяпер памятае, як, стаўшы прэзыдэнтам, Лукашэнка заявіў, што ўзорам прэзыдэнцкай рэспублікі для яго зьяўляецца Нямеччына Гітлера. Гэта значыць, і канец яму бачыўся такі самы. Найбольш слабы фінал выглядае, як уцёкі Гітлера, якога нібыта бачылі дзесьці ў Аргентыне... У

асобы, якая сёньня з гонарам кажа, што ў савецкія часы «нас баяўся ўвесь сьвет», ніякага пазытыўнага канца быць ня можа.

— Калісьці ў дзяцінстве ўся нямецкая літаратура ўспрымалася як пракажоная мінулай вайной. Цяпер так чытаецца расейская. Але зь нямецкай тое ўспрыманьне зьнікла. А як будзе з расейскай?

— Гэта зьвязана з вобразам Нямеччыны, якая па вайне хутка стала нармальнай краінай, ачалавечылася і дапамагае іншым, куды імкнуцца жыць мільёны з усяго сьвету, у тым ліку і расейцы. Але Нямеччыну выцягваў з той ямы ўвесь дэмакратычны сьвет. Плюс улічыце, што спатрэбілася паўстагодзьдзя, каб тая «праказа» зьнікла. У Расеі, на жаль, яна толькі ўзмацняецца, нішто не паказвае на ацаленьне, і ўвесь сьвет ці здолее выцягнуць яе — пытаньне.

— Чаму рэжым так баіцца выбараў Каардынацыйнай рады, якія пройдуць не ў Беларусі?

— Не ў Беларусі, але ў беларускай палітыцы. Такія выбары ператвараюць раду ў рэальны суб’ект палітыкі, пра які ўжо нельга будзе сказаць «а хто ўсе гэтыя людзі?» То бок, зьменшацца шанцы патрапіць туды ў выпадковых асобаў. Затое ўсе будуць надзеленыя адказнасьцю і правам, напрыклад, фармаваць урад у выгнаньні. А гэта, у сваю чаргу, наблізіць сытуацыю двоеўладзьдзя ў беларускай палітыцы, і размовы пра транзыт улады стануць зусім не фантазіяй ці пустым гукам.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG