Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Што важней — палітыка ці культура і як разабрацца ў дэмакратычных структурах і асобах, калі ўсе вінавацяць усіх


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Што значыць выступ прэзыдэнта Такаева перад Пуціным па-казаску?

— Расея ня ведае этыкі ў палітыцы. Якраз у бок этыкі зрабіў крок Такаеў. Ён выказаў павагу да сваёй дзяржавы і народу, якія ён прадстаўляе. Казахстан ня хоча быць калёніяй Крамля — вось што гэта значыць.

Мне згадалася, як яшчэ ў савецкія часы літоўскія госьці ў Менску заўсёды пачыналі свой выступ па-беларуску, хоць бы некалькі фраз — як знак павагі. А ці мог бы Пуцін пачаць свой выступ па-казаску? Не, натуральна. Насамрэч ненатуральна. Такая цяпер прорва паміж сапраўдным добрасуседзтвам і палітыкай Крамля.

— Ці вам не здаецца, што ў нас, беларусаў, папросту крадуць час нашага жыцьця?

— Думаю, той, хто пачуваецца гаспадаром свайго жыцьця, толькі сам вырашае: ці будзе ён лічыць час свайго жыцьця скрадзеным, ці не.

Нават у турмах многія імкнуцца пражываць сваё жыцьцё напоўніцу і знаходзяць для сябе карысьць і выгаду: вучаць мовы, чытаюць і пішуць кнігі, робяць адкрыцьці, складаюць пляны. Часта палітвязьні кажуць, што ў турме іх ратавала адчуваньне сябе ўнутрана свабодным чалавекам, бо ўнутраную свабоду (і час жыцьця) адабраць ня можа ніхто.

— Калісьці найвышэйшай узнагародай лічылася зорка Героя Савецкага Саюзу, а што цяпер?

— Цяпер ня кожны скажа, што такое Савецкі Саюз. Пагатоў ня кожны пералічыць Герояў Беларусі.

Адбылася дэвальвацыя ня столькі ўзнагародаў, колькі жывой памяці. За кожнай зоркай — пэўная падзея, сюжэт, учынак — тое, з чаго можа складацца ваш і ўсёй нацыі радавод, і ўжо толькі праз гэта вы можаце пачувацца годным чалавекам. У часы бяспамяцтва і бязроднасьці такія ўзнагароды нічога ня значаць, як, зрэшты, і сам чалавек, пасьля якога найчасьцей таксама не застаецца ні памяці, ні пашаны.

— Як называць беларускага патрыёта, калі словы «сьвядомы» і «змагар» ужываюцца ў прапагандзе абразьліва?

— Мне бачыцца, што ўсё ідзе да таго, як гэта адбылося ў іншых нацый, прынамсі суседніх. У нэўтральным сэнсе ня кажуць: «літоўскі патрыёт» ці «сьвядомы паляк», ці «ўкраінскі змагар», бо такую характарыстыку ўжо ўключаюць словы: літовец, паляк, украінец. Так і «беларус» перастае быць толькі словам у пашпарце. Кажуць: беларусы выйшлі на мірны марш, амон зьбівае беларусаў, Лукашэнка садзіць беларусаў у турмы, — і кожны разумее, што гаворка не пра забойцаў ці наркаманаў.

— Чаму праваслаўныя сьвятары бласлаўляюць сілавікоў, а каталіцкія не?

— Маем нямала прыкладаў, калі праваслаўныя бацюшкі выступалі супраць гвалту і на баку дабра, але гэта заўсёды быў індывідуальны чын, за які сьвятары траплялі пад рэпрэсіі. У цэлым жа праваслаўная царква ў Беларусі — гэта частка расейскай царквы, дзе блаславеньне гвалту традыцыйна ідзе зь гісторыі. РПЦ фактычна — частка дзяржаўнага апарату, і ў таталітарнай дзяржаве выконвае ролю прапаганды — сьцьвярджае бязгрэшнасьць рэжыму і яго кіраўнікоў.

Каталіцкая царква дзяржаўнай не зьяўляецца і такіх памкненьняў ня мае.

— Як разабрацца ў дэмакратычных структурах і асобах, калі ўсе вінавацяць усіх?

— Найбольш прыдатны, па-мойму, мэтад — журналісцкі: аналіз аб’ектыўных фактаў, пацьверджаных з розных крыніц. Калі ў вашы задачы не ўваходзіць дыскрэдытацыя пэўнай асобы ці структуры, калі вы хочаце спрыяць пераменам і дапамагаць іншым, вы ніколі ня будзеце шукаць стрэмку ў чужым воку. Напэўна ж, за мяжой працуе шмат правакатараў з адваротнымі задачамі, якія робяць разьлік на тых, хто схільны да дэструкцыі. Няма аб’ектыўных фактаў, няма чаго і каго вінаваціць.

— Што важней: палітыка ці культура?

— Савецкая традыцыя: рубрыку «Палітыка» ставіць на першае месца, а «Культура» — на апошняе. Так у СМІ, так і ў жыцьці. Вынік: адсутнасьць палітычнай культуры. Адваротны прыклад даў Ежы Гедройць, які свой легендарны палітычны часопіс назваў «Культура».

Палітыка мусіць быць у падпарадкаваньні культуры, бо яна сама сабою не ўзбагачае сьвет. Яна можа толькі ад культуры ад’ядаць: расстрэльваць паэтаў, як у 1930-я, выціскаць іх за межы краіны, як цяпер. А культура — гэта заўсёды прырост (у тым ліку і для палітыкі): кніга, сымфонія, фільм, архітэктурны шэдэўр, Нобэлеўская прэмія...

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG