Капітан Фэдэральнай службы аховы (ФСА) Глеб Каракулаў, які працаваў да сярэдзіны кастрычніка 2022 года інжынэрам ва ўпраўленьні, якое забясьпечвала для прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна сакрэтную сувязь, зьехаў за мяжу і асудзіў вайну супраць Украіны, паведамляе цэнтар «Дасье».
«Дасье» падкрэсьлівае, што Каракулаў — самы высокапастаўлены супрацоўнік спэцслужбаў з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, які ўцёк з краіны і асудзіў вайну. У Расеі супраць яго распачалі справу аб дэзэртырстве.
Палац, спэццягнік і карантын
Афіцэр расказаў шэраг падрабязнасьцяў аб тым, як працуе ФСА, назваўшы гэтую спэцслужбу «вельмі самастойнай арганізацыяй». Уладзімір Пуцін, паводле яго, не карыстаецца ні мабільным тэлефонам, ні інтэрнэтам:
«Уся інфармацыя, якую ён атрымлівае, — толькі ад людзей, якія непасрэдна блізкія. Ён жыве ў свайго роду інфармацыйным вакуўме», — сцьвярджае былы афіцэр спэцсувязі.
Таксама ён пацьвердзіў, што людзі, якія павінны будуць знаходзіцца ў адным памяшканьні з Пуціным, па-ранейшаму праходзяць двухтыднёвы карантын. Па словах Каракулава, яму невядома аб тым, каб Пуцін цяжка хварэў.
Таксама афіцэр пацьвердзіў тое, што Пуцін карыстаецца спэццягніком:
«Яшчэ ў прэзыдэнта ёсьць перамоўная кабіна, якую возяць у кожную замежную выправу. Гэта месца, зь якога можна праводзіць перамовы з гарантаванай сакрэтнасьцю. Кабіна, вядома, грувасткая. Гэта такі куб вышынёй каля 2,5 м. Унутры арганізавана працоўнае месца і тэлефон, празь які можна гаварыць, не асьцерагаючыся, што размову можа пачуць ці вылічыць замежная выведка»,— расказаў Каракулаў.
Ён таксама пацьвердзіў, што працоўныя кабінэты Пуціна ў Пецярбургу, Сочы і Нова-Агарове маюць зусім ідэнтычны інтэрʼер.
«Два розныя чалавекі»
Капітан ФСА ахарактарызаваў Пуціна 2009 году і цяперашняга прэзыдэнта Расеі як «двух розных людзей» па сваіх паводзінах.
«Цяпер ён вельмі замкнуўся. Ён адгарадзіў сябе ад усяго сьвету разнастайнымі барʼерамі, тым жа самым карантынам, адсутнасьцю інфармацыі. Сказілася ў яго ўспрыманьне рэчаіснасьці» — кажа афіцэр.
Прадстаўнікі расейскіх уладаў інтэрвію з былым супрацоўнікам ФСА пакуль не камэнтавалі.