Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне выявіла, што Пуцін купіў Кабаевай самую вялікую кватэру ў Расеі


Аліна Кабаева з ордэнам, які яна атрымала з рук Пуціна (архіўнае фота)
Аліна Кабаева з ордэнам, які яна атрымала з рук Пуціна (архіўнае фота)

Гаворка пра двухпавярховы пэнтхаўс плошчай 2600 квадратных мэтраў, дзе ёсьць басэйн, кінатэатар і верталётная пляцоўка.

Як сцьвярджаецца ў расследаваньні расейскага выданьня «Праект», прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін купіў алімпійскай чэмпіёнцы Аліне Кабаевай самую вялікую кватэру ў Расеі.

Паводле расследаваньня яна нібыта была аплачаная сродкамі з «кашалька» прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна — кіпрскага афшору Ermira.

Гаворка ідзе пра двухпавярховы пэнтхаўс плошчай 2600 квадратных мэтраў, пабудаваны у сочынскім жылым комплексе «Каралеўскі парк».

Тут ёсьць басэйн, кінатэатар, унутраны дворык і ўласная верталётная пляцоўка. Над пэнтхаўсам працаваў вядомы расейскі дызайнэр Валянцін Юдашкін. У 2021 годзе гэты пэнтхаўс прызналі «самай вялікай кватэрай у Расеі».

Як высьветліў «Праект», у 2011 годзе пэнтхаўс спраектаваў Алег Рудноў. Грошы на набыцьцё нерухомасьці яму паступалі з кіпрскага афшора Ermira. Акрамя таго, дзве кватэры на верхнім і сумежных паверхах жылога комплексу былі аформленыя на бабулю Кабаевай — Ганну Зацапеліну.

Таксама выданьне «Праект» высьветліла, што ў 800 мэтрах ад рэзыдэнцыі Пуціна на Валдаі пабудавалі драўляны дом плошчай 1200 квадратных мэтраў. Ён зарэгістраваны на кампанію «Прайм», што належыць сябру Ўладзіміра Пуціна Юрыю Кавальчуку. Крыніца, знаёмая з пляніроўкай прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі, паведаміла журналістам, што гэты дом быў пабудаваны спэцыяльна для Кабаевай.

Паводле сьледзтва, ацэначны кошт усёй маёмасьці Аліны Кабаевай складае прыбліза 120 мільёнаў даляраў.

Хто такая Кабаева

Аліна Кабаева — меркаваная палюбоўніца прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, алімпійская чэмпіёнка па мастацкай гімнастыцы. Яе лічаць грамадзянскай жонкай Пуціна, маці ягоных дзяцей.

Крэмль ніколі не камэнтаваў зьместава ніякія паведамленьні пра Кабаеву як грамадзянскую жонку Пуціна і пра іх дзяцей, адмаўляючыся прызнаваць гэтае пытаньне часткай грамадзкіх інтарэсаў.

Цяпер Аліна Кабаева ўзначальвае раду дырэктараў «Нацыянальнай мэдыя групы» Расеі.

Вясной 2022 году яна трапіла ў санкцыйныя сьпісы Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі і Канады. У жніўні 2022 году Мінфін ЗША пашырыў санкцыі супраць Расеі і таксама ўключыў у сьпісы Аліну Кабаеву.

Газэта Wall Street Journal у красавіку пісала пра асьцярогі сярод амэрыканскіх чыноўнікаў, што Пуцін «адрэагуе агрэсіўна» на санкцыі супраць Кабаевай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG