Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК расказаў пра абставіны гібелі супрацоўніка музэю Купалы ў Менску і пра вінаватага ў здарэньні


Музэй Янкі Купалы ў Менску, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Музэй Янкі Купалы ў Менску, архіўнае ілюстрацыйнае фота

На пачатку жніўня 2021 году ў будынку сталічнага музэю імя Янкі Купалы загінуў 67-гадовы работнік. Сьледчы камітэт Беларусі расказаў пра абставіны здарэньня і паведаміў, каго прызналі вінаватым.

Паводле сьледзтва, раніцай 5 жніўня 2021 году пры плянавай праверцы сыстэмы пажаратушэньня ў будынку сталічнага музэю Янкі Купалы адбыўся выкід вуглякіслага газу, піша прэс-служба Сьледчага камітэту. Фондасховішча ў музэі абсталяванае ўстаноўкай газавага пажаратушэньня.

«У той дзень для праверкі абсталяваньня прыбыў 34-гадовы інжынэр кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі. Дэманструючы няўважлівасьць і неабачлівасьць падчас рэвізіі абсталяваньня, мужчына зьдзейсьніў пуск устаноўкі вогнетушыльнага рэчыва. Пачуўшы гук запуску, ён выбег з будынку, папярэджваючы пра пагрозу распаўсюду двухвокісу вугляроду супрацоўнікаў музэю», — расказалі ў СК.

Паводле сьледчых, інжынэр парушыў меры бясьпекі пры абыходжаньні з устаноўкай. Сарваная ахоўная чэка і падняты рычаг прывялі да выпуску небясьпечнага для чалавека газу. Супрацоўнік музэю памёр у выніку вострага атручэньня двухвокісам вугляроду.

Дзеяньні 34-гадовага інжынэра кваліфікавалі па ч.1 арт.144 (прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці) Крымінальнага кодэксу Беларусі. У дачыненьні да яго ўжылі меру стрыманьня ў выглядзе асабістага паручальніцтва.

Выкід вуглякіслага газу адбыўся 5 жніўня 2021 году падчас праверкі сыстэмы газавага пажаратушэньня на цокальным паверсе будынку музэю Янкі Купалы ў Менску. Прычынай стала парушэньне правілаў тэхнікі бясьпекі. 67-гадовы супрацоўнік музэю памёр на месцы.

Раней Сьледчы камітэт паведамляў, што ў той дзень у музэй з праверкай прыехалі двое супрацоўнікаў: 33-гадовы інжынэр і 34-гадовы начальнік участку тэхнічнага абслугоўваньня. Першапачаткова паведамлялася, што абодвух прызналі падазраванымі ў парушэньні службовых інструкцый і патрабаваньняў нарматыўна-тэхнічнай дакумэнтацыі. У цяперашнім прэс-рэлізе СК начальнік участку тэхнічнага абслугоўваньня ня згадваецца.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG