Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу пасьля сьмерці 67-гадовага супрацоўніка музэю Янкі Купалы ў Менску ад атручэньня газам, перадае сайт ведамства. У справе двое падазраваных, ім пагражае да 5 гадоў калёніі.
Упраўленьне Сьледчага камітэту па Менску завяло крымінальную справу па факце парушэньня правілаў аховы працы, якое пацягнула за сабой сьмерць чалавека па неасьцярожнасьці (частка 2 артыкула 306 Крымінальнага кодэксу). Санкцыі артыкула прадугледжваюць пакараньне да 5 гадоў пазбаўленьня волі, а таксама забарону на прафэсійную дзейнасьць.
Паводле інфармацыі сьледзтва, выкід вуглякіслага газу адбыўся сёлета 5 жніўня каля 9:30 падчас праверкі сыстэмы газавага пажаратушэньня на цокальным паверсе будынку музэю Янкі Купалы ў Менску. Прычынай стала парушэньне правілаў тэхнікі бясьпекі.
67-гадовы супрацоўнік музэю памёр на месцы.
Сьледчыя, судовыя экспэрты, інспэктары працы і ратавальнікі выявілі, што ў памяшканьні фондасховішча на цокальным паверсе ўсталяваная сыстэма газавага пажаратушэньня, заснаваная на прынцыпе выцясьненьня кіслароду вуглякіслым газам.
Сыстэмы пажарнай аўтаматыкі ўсталёўвалі работнікі спэцыялізаванага прадпрыемства. 5 жніўня з праверкай прыехалі двое супрацоўнікаў: 33-гадовы інжынэр і 34-гадовы начальнік участку тэхнічнага абслугоўваньня.
Яны парушылі свае службовыя інструкцыі і патрабаваньні нарматыўна-тэхнічнай дакумэнтацыі. Іх прызналі падазраванымі, праводзяцца сьледчыя дзеяньні.