Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трывога ў ЗША: воспа малпаў можа перадавацца паветрана-кропельным шляхам, як і каранавірус


Мэдычныя ўлады ЗША заявілі, што воспа малпаў можа перадавацца праз аэразолі, як гэта адбываецца і з каранавірусам.

Пра новую сытуацыю інфармуе газэта The New York Times.

Навукоўцы паведамілі, што вірус воспы малпаў можа перадавацца паветрана-кропельным шляхам, хоць гэтая форма перадачы складае толькі невялікі адсотак ад агульнай лічбы выпадкаў.

Маскі абараняюць

На мінулым тыдні амэрыканскія Цэнтры кантролю і прафіляктыкі захворваньняў (CDC) абнавілі свае рэкамэндацыі для падарожнікаў, якія хочуць абараніць сябе ад воспы малпаў. Адна з рэкамэндацый: «Насіце маску. Нашэньне маскі можа дапамагчы абараніць вас ад шматлікіх захворваньняў, у тым ліку ад воспы малпаў».

Аднак пазьней гэтую рэкамэндацыю выдалілі. «CDC прыбралі рэкамэндацыю аб масках пры паездках, бо гэта выклікала блытаніну», — гаворыцца ў заяве агенцтва.

Тым ня менш агенцтва па-ранейшаму сьцьвярджае, што ў краінах, дзе распаўсюджваецца воспа малпаў, «хатнім кантактам і працаўнікам аховы здароўя» трэба падумаць аб нашэньні масак. Гэтая рэкамэндацыя распаўсюджваецца і на «іншых людзей, якія могуць знаходзіцца ў цесным кантакце з чалавекам, у якога пацьверджана воспа малпаў».

Экспэрты кажуць, што хоць перадача паветрана-кропельным шляхам — не галоўны фактар распаўсюджваньня хваробы, няма дакладных зьвестак, які менавіта ўклад яна ўносіць.

З 13 траўня, калі быў зарэгістраваны першы выпадак воспы малпаў, вірус быў дыягнаставаны больш як у 1000 чалавек у 31 краіне, і яшчэ як мінімум тысяча выпадкаў цяпер вывучаецца.

Раней паветрана-кропельная перадача воспы малпаў ужо фіксавалася

У ранейшых успышках большасьць выпадкаў была зарэгістравана ў тых, хто меў цесны кантакт з інфікаванымі пацыентам ці жывёлай. Але ў некаторых выпадках паветрана-кропельная перадача была адзіным тлумачэньнем заражэньняў.

На сваім вэб-сайце CDC па-ранейшаму заклікае пацыентаў з воспай малпаў насіць хірургічную маску, «асабліва тых, у каго ёсьць рэсьпіраторныя сымптомы». Агенцтва просіць іншых членаў сям’і «падумаць пра нашэньне хірургічнай маскі», калі яны знаходзяцца ў цесным кантакце з хворым.

Мяркуецца, што воспа малпаў паводзіць сябе гэтак жа, як яе вірусны сваяк, воспа натуральная. У дакладзе аб перадачы воспы за 2012 год доктар Дональд Мілтан, экспэрт па вірусах з Унівэрсытэту Мэрылэнду, апісаў некалькі выпадкаў паветрана-кропельнай перадачы.

Ён сьцьвярджаў, што гэта было адзінае праўдападобнае тлумачэньне падчас успышкі воспы ў Нью-Ёрку ў 1947 годзе, калі адзін пацыент заразіў іншага, які знаходзіўся на сем паверхаў вышэй у той жа лякарні. Затым, у 1970 годзе, хворы пацыент заразіў некалькіх іншых на трох паверхах бальніцы ў нямецкім горадзе Мэшэдзе. Лічыцца, што ў гэтым выпадку інфэкцыі спрыялі патокі паветра ў будынку лякарні.

А навукоўцы, якія вывучалі ўспышку воспы малпаў у Нігерыі ў 2017 годзе, назіралі выпадкі перадачы вірусу ў турме і зафіксавалі выпадкі заражэньня ў двух мэдычных працаўнікоў, якія ня мелі прамога кантакту з пацыентамі.

Што кажуць дасьледчыкі

На навуковай канфэрэнцыі, арганізаванай на мінулым тыдні Сусьветнай арганізацыяй здароўя, некалькі навукоўцаў абмеркавалі малазразумелыя пакуль аспэкты воспы малпаў, у тым ліку і асноўны спосаб перадачы.

Жыхароў Нью-Ёрку прышчаплялі ад воспы падчас успышкі ў 1947 годзе. У некалькіх задакумэнтаваных выпадках перадача інфэкцыі паветрана-кропельным шляхам была адзіным тлумачэньнем заражэньня.

«Пакуль не зразумела, які шлях перадачы дамінуючы, адказы могуць даць экспэрымэнты на жывёлах, — заявіла на канфэрэнцыі Нэнсі Саліван, дасьледчыца з Нацыянальнага інстытуту алергіі і інфэкцыйных хваробаў ЗША. — Гэта павінна стаць першачарговай задачай для лябараторных дасьледаваньняў».

Экспэрты падкрэсьліваюць ролю буйных рэсьпіраторных кропель, якія выкідаюцца інфікаванымі пацыентамі і трапляюць на прадметы ці людзей.

«Заражэньне воспай малпаў патрабуе сапраўды цеснага пастаяннага кантакту, — сказала Андрэа Маккалум, вядучы экспэрт CDC у галіне вірусаў. — Гэта ня вірус, які перадаецца на некалькі мэтраў. Вось чаму мы павінны быць вельмі асьцярожныя».

Адказваючы на пытаньне, ці павінны чыноўнікі аховы здароўя шырэй гаварыць пра паветрана-кропельную перадачу, доктарка Маккалум сказала, што так.

На пачатку пандэміі каранавірусу мэдыкі таксама сумняваліся ў яго перадачы паветраным шляхам

Рэзкая зьмена стаўленьня амэрыканскіх уладаў да нашэньня масак падарожнікамі ва ўмовах эпідэміі воспы малпаў нагадала пра тое, як на пачатку пандэміі каранавірусу яго перадаваньне паветрана-кропельным шляхам адмаўлялі.

У верасьні 2020 году CDC апублікавала дакумэнт аб паветрана-кропельнай перадачы каранавірусу, а затым раптоўна адклікала яго ўсяго празь некалькі дзён. Толькі ў траўні 2021 году агенцтва прызнала, што каранавірус можа «заставацца ў паветры на працягу некалькіх хвілін або гадзін».

Большая частка інфармацыі пра вірус воспы малпаў была атрыманая з дасьледаваньняў звычайнай воспы. На працягу апошніх двух дзесяцігодзьдзяў навукоўцы вывучалі, як распаўсюджваецца воспа, у тым ліку вывучалі яе прысутнасьць у паветры ў выглядзе дробных кропелек, так званых аэразоляў. Мэдыкі рыхтаваліся да патэнцыйнага выкарыстаньня вірусу воспы біятэрарыстамі.

«Большасьць людзей думае, што воспа звычайна перадаецца буйнымі кроплямі, але зь нейкай прычыны яна можа часам перадавацца аэразолямі з зусім дробнымі часьцінкамі», — кажа Марк Чалбэрг, вірусоляг з Нацыянальнага інстытуту алергіі і інфэкцыйных хваробаў ЗША.

Згаданы раней доктар Мілтан папярэдзіў, што прадухіленьне паветрана-кропельнай перадачы воспы малпаў асабліва важнае ў шпіталях, бо меры засьцярогі ад аэразоляў не ўнівэрсальныя і не дасканалыя.

Чаго мы яшчэ ня ведаем пра воспу малпаў

Успышка воспы малпаў у сьвеце працягваецца. Многія пацыенты ізалююцца дома, бо маюць лёгкія сымптомы. Членам сем’яў гэтых людзей, паводле экспэртаў, давядзецца прыняць да ўвагі магчымасьць паветрана-кропельнай перадачы вірусу.

Апрача таго, многія пытаньні наконт воспы малпаў застаюцца без адказу. Сярод іх:

  • чаму цяперашняя ўспышка выклікала толькі адносна лёгкія выпадкі;
  • ці могуць людзі перадаваць вірус пры адсутнасьці сымптомаў;
  • як доўга вірус цыркулюе ў грамадзтве;
  • і ці можа ён перадавацца празь спэрму і вагінальныя выдзяленьні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG