Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра загадкавы гепатыт, які пашыраецца ў сьвеце


Лекары падазраюць, што агульны адэнавірус можа быць прычынай невытлумачальных выпадкаў гепатыту ў здаровых дзяцей, якія зафіксаваныя прынамсі ў 16 краінах і 10 штатах ЗША.

Як піша амэрыканская The New York Times, у распараджэньні навукоўцаў ужо ёсьць мікрафатаграфіі адэнавірусу, які прысутнічаў прынамсі ў 74 са 169 выпадкаў гепатыту, апісаных у нядаўнім дасьледаваньні Сусьветнай арганізацыі здароўя. Але экспэрты папярэджваюць, што прычынай гепатыту можа быць і не адэнавірус.

Паводле справаздачы, апублікаванай на мінулым тыдні Эўрапейскім цэнтрам прафіляктыкі і кантролю за хваробамі, выпадкі невядомага гепатыту застаюцца вельмі рэдкімі: ва ўсім сьвеце захварэла каля 200 дзяцей.

Што вядома на гэты момант

Нават невялікая лічба ў 200 выпадкаў турбуе. Паводле экспэртаў, большасьць дзяцей павінны цалкам акрыяць, але некаторыя выпадкі аказаліся цяжкі. Сусьветная арганізацыя здароўя паведаміла, што амаль у 10 працэнтах зарэгістраваных выпадкаў дзецям патрабуецца перасадка печані, адно дзіця памерла.

Прычына застаецца невядомай, але навукоўцы разглядаюць магчымасьць, што прычынай можа быць адэнавірус. Адэнавірусы распаўсюджаныя шырока, але звычайна яны не выклікаюць гепатыт у здаровых дзяцей.

Многія краіны толькі цяпер пачынаюць сур’ёзна шукаць выпадкі новай хваробы, таму маштабы праблемы застаюцца пакуль няяснымі.

Што такое гепатыт

Гепатыт — запаленьне печані, ён можа мець шмат прычын. Гэты стан могуць выклікаць вірусныя інфэкцыі, вядомыя як гепатыты A, B, C, D і E.

Гепатыт можа быць прычынай розных ускладненьняў, пабочных эфэктаў і хранізацыі. Злоўжываньне алькаголем, а таксама некаторыя лекі і таксычныя рэчывы таксама могуць выклікаць гепатыт. Пры аўтаімунных гепатытах уласная імунная сыстэма чалавека атакуе печань.

Раптоўны і цяжкі гепатыт у здаровых дагэтуль дзяцей сустракаецца рэдка, таму новыя яго выпадкі выклікаюць занепакоенасьць.

Дзе зарэгістраваныя выпадкі новай хваробы

На пачатку красавіка Вялікая Брытанія стала першай краінай, якая паведаміла САЗ пра невытлумачальныя выпадкі гепатыту ў дзяцей. Гэта было незвычайна, бо ўсе выпадкі зьявіліся на працягу кароткага пэрыяду часу ў здаровых дзяцей, а клініцысты хутка выключылі як іх прычыну ўсе вядомыя вірусы гепатыту.

Агенцтва аховы здароўя Вялікай Брытаніі ня выявіла нейкай заканамернасьці ў паездках, харчаваньні, хімічным узьдзеяньні або іншых фактарах рызыкі, якімі можна было б растлумачыць успышку.

З таго часу пра аналягічныя выпадкі паведамілі Аўстрыя, Бэльгія, Данія, Францыя, Нямеччына, Ірляндыя, Ізраіль, Італія, Японія, Нідэрлянды, Нарвэгія, Польшча, Румынія, Гішпанія і ЗША.

У Злучаных Штатах за пэрыяд з кастрычніка па люты ў Алабаме зарэгістравана дзевяць выпадкаў. У траіх дзяцей разьвілася пячоначная недастатковасьць, дваім спатрэбілася перасадка печані. Пасьля пра новыя выпадкі гепатыту заявілі яшчэ 9 штатаў.

Сымптомы новага гепатыту

У многіх выпадках у дзяцей зьявіліся страўнікава-кішачныя сымптомы, у тым ліку ваніты, дыярэя і боль у жываце, пасьля якіх зьявілася пажаўценьне скуры або вачэй, так званая жаўтуха. У дзяцей таксама быў анамальна высокі ўзровень пячоначных фэрмэнтаў, а гэта прыкмета запаленьня ці пашкоджаньня печані.

Паводле доктара Генры Шыяў, дзіцячага гепатоляга-трансплянтоляга з Унівэрсытэту Алабамы ў Бірмінгеме, страўнікава-кішачныя сымптомы даволі часта сустракаюцца ў дзяцей і не павінны самі па сабе выклікаць трывогі. Але пажаўценьне скуры ці вачэй — больш відавочныя прыкметы праблем з печаньню.

Што выклікае хваробу

«Гэта пытаньне на мільён, — кажа доктар Шыяў. — Я хачу адкрыта сказаць: мы ня ведаем».

Адна з асноўных гіпотэз заключаецца ў тым, што ў выпадках новага гепатыту вінаваты адэнавірус — адзін зь вірусаў, якія часта выклікаюць сымптомы прастуды.

Са 169 выпадкаў, разгледжаных у дасьледаваньні САЗ, прынамсі 74 мелі адэнавірусную інфэкцыю. Васямнаццаць з гэтых дзяцей былі інфікаваныя так званым адэнавірусам тыпу 41, які звычайна выклікае страўнікава-кішачныя і рэсьпіраторныя сымптомы.

Цяпер якраз колькасьць адэнавірусных інфэкцый расьце ў Вялікай Брытаніі, дзе зарэгістраваная большасьць выпадкаў гепатыту. Але такое тлумачэньне не ідэальнае, бо не ўва ўсіх дзяцей быў станоўчы вынік на адэнавірус. І хоць вірусы могуць выклікаць запаленьне печані, але такі сымптом часьцей за ўсё сустракаецца ў людзей з аслабленым імунітэтам.

«Гэта ня частая прычына пячоначнай недастатковасьці ў дзяцей», — кажа дзіцячы інфэкцыяніст Аарон Мілстоўн зь Дзіцячага цэнтру Джона Гопкінза.

Агенцтва аховы здароўя Вялікай Брытаніі заявіла, што, магчыма, нарадзіўся новы штам адэнавірусу, або адэнавірусная інфэкцыя спалучаецца зь якім-небудзь іншым фактарам рызыкі, такім як таксычнае ўзьдзеяньне або заражэньне іншым патагенам.

Ці зьвязаны новы гепатыт з COVID-19

Калі і так, то не наўпрост, лічаць экспэрты. Са 169 пацыентаў, выяўленых САЗ, 20 дзяцей мелі станоўчы тэст на каранавірус. Паводле навукоўцаў, гэта ня дзіва, улічваючы, наколькі шырока каранавірус распаўсюджваецца ў сьвеце за апошнія месяцы.

Няма і ніякіх доказаў, што новы гепатыт зьвязаны з вакцынамі ад COVID-19. Паводле САЗ, пераважная большасьць дзяцей, якія захварэлі на новы гепатыт, не былі прышчэпленыя.

Тым ня менш экспэрты перасьцерагаюць, што сувязь з каранавірусам нельга выключаць цалкам. Кажуць таксама, што выпадкі новага гепатыту могуць быць зьвязаныя з пандэміяй менш прамым чынам.

Напрыклад, меры грамадзкай аховы здароўя, прынятыя за апошнія два гады, маглі прывесьці да таго, што менш дзяцей зазналі ўзьдзеяньне вядомых адэнавірусаў. Паводле адной з працоўных гіпотэз Агенцтва аховы здароўя Вялікай Брытаніі, гэта магло зрабіць іх больш уразьлівымі. Але і гэта пакуль спэкулятыўна.

«На дадзены момант мы ня ведаем, што адбываецца», — сказаў доктар Генры Шыяў у інтэрвію The New York Times.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG