Лінкі ўнівэрсальнага доступу

93% дзяцей сьвету дыхаюць брудным паветрам. Шокавы даклад міжнародных экспэртаў


Паводле экспэртаў Усясьветнай арганізацыі здароўя (WHO), у 2016 годзе ад інфэкцыяў ніжніх дыхальных шляхоў, зьвязаных з забруджваньнем паветра, ва ўсім сьвеце памерлі 600 тысяч дзяцей.

Даклад WHO прымеркаваны да Першай глябальнай канфэрэнцыі ў праблемах забруджваньня паветра і здароўя, якая адкрылася ў Жэнэве 30 кастрычніка.

Паводле дакладу, кожны дзень каля 93% дзяцей у сьвеце ва ўзросьце да 15 гадоў (1,8 мільярда дзяцей) дыхаюць паветрам, якое настолькі забруджана, што ставіць іх здароўе і разьвіцьцё пад сур’ёзную пагрозу.

Мова ў дакладзе ідзе пра забруджваньне паветра як вынік узьдзеяньня навакольнага асяродзьдзя і пра забруджваньне паветра ўнутры жылых памяшканьняў у выніку хатняй гаспадарчай дзейнасьці.

Экспэрты сьцьвярджаюць, што калі цяжарныя жанчыны дыхаюць забруджаным паветрам, яны маюць больш шанцаў нарадзіць заўчасна, а народжаныя дзеці маюць недахоп вагі.

Забруджваньне паветра ўплывае на разьвіцьцё нэрвовай сыстэмы і кагнітыўных здольнасьцяў, а таксама можа выклікаць астму і рак у дзіцячым узросьце. Дзеці, якія дыхалі паветрам з высокай ступеньню забруджваньня, могуць мець большую рызыку сардэчна-судзінных хвароб у больш позьнім узросьце.

Асноўныя высновы дакладу:

  • Забруджваньне паветра ўплывае на разьвіцьцё нэрвовай сыстэмы, што прыводзіць да зьніжэньня кагнітыўных паказьнікаў і адмоўна ўплывае на псыхічнае і маторнае разьвіцьцё.
  • Забруджваньне паветра шкодзіць функцыі лёгкіх, нават пры ніжэйшых узроўнях шкоднага ўзьдзеяньня.
  • Ва ўсім сьвеце 93% дзяцей ва ўзросьце да 15 гадоў падвяргаюцца ўзьдзеяньню навакольнага паветра, забруджанага цьвёрдымі часьціцамі (PM2.5) вышэй за вызначаны WHO парог. Гэта 630 мільёнаў дзяцей ва ўзросьце да 5 гадоў і 1,8 млрд дзяцей ва ўзросьце ад 5 да 15 гадоў.
  • У краінах зь нізкім і сярэднім узроўнем даходу па ўсім сьвеце, 98% усіх дзяцей ва ўзросьце да 5 гадоў падвяргаюцца ўзьдзеяньню навакольнага паветра, забруджанага цьвёрдымі часьціцамі (PM2.5). Для параўнаньня, у краінах з высокім узроўнем даходу, 52% дзяцей ва ўзросьце да 5 падвяргаюцца такому самаму ўзьдзеяньню.
  • Больш за 40% насельніцтва плянэты, уключаючы 1 млрд дзяцей ва ўзросьце да 15 гадоў, падвяргаецца ўзьдзеяньню шкоднага паветра, забруджанага галоўным чынам падчас гатаваньня ежы з выкарыстаньнем шкодных тэхналёгій і паліва.
  • Каля 600 000 выпадкаў сьмерці дзяцей ва ўзросьце да 15 гадоў у 2016 годзе выкліканыя сумесным узьдзеяньнем забруджваньня навакольнага асяродзьдзя і хатняга паветра.
  • Бытавое забруджваньне паветра ў выніку гатаваньня ежы разам з забруджваньнем паветра ад узьдзеяньня навакольнага асяродзьдзя адказнае за больш чым 50% вострых інфэкцый ніжніх дыхальных шляхоў у дзяцей да 5 гадоў у краінах зь нізкімі і сярэднім узроўнем даходу.
  • Забруджваньне паветра зьяўляецца адной зь вядучых пагроз для здароўя дзяцей і прычынай 1 з 10 выпадкаў сьмерці ва ўзросьце да пяці гадоў.

Першая глябальная канфэрэнцыя ў праблемах забруджваньня паветра і здароўя адкрываецца ў Жэнэве 30 кастрычніка. У ёй бяруць удзел сусьветныя лідэры, у тым ліку міністры аховы здароўя, энэргетыкі і навакольнага асяродзьдзя, кіраўнікі гарадоў і навукоўцы. Канфэрэнцыя паспрабуе выпрацаваць захады супраць гэтай сур’ёзнай пагрозы, якая штогод скарачае жыцьцё каля 7 мільёнаў чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG