Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выхаваць добрага вучня? Практычныя парады да 1 верасьня


Да пачатку навучальнага году застаецца менш за тыдзень. Для вучняў гэта сумная пара разьвітаньня зь летам, але не такая салодкая яна і для бацькоў. Хатнія заданьні, самастойныя і кантрольныя працы забіраюць нямала нэрваў у абодвух пакаленьняў.

Амэрыканская газэта The New York Times падрыхтавала некалькі практычных парадаў для бацькоў і іх дзяцей, каб зрабіць працэс навучаньня менш стрэсавым і больш эфэктыўным.

Уважлівасьць

  • Паменшыць адцягваньне ўвагі

Многія школьнікі прачытаюць сказ і адразу цягнуцца абнаўляць Інстаграм. Працэс адкладаньня спраў у англамоўным сьвеце завецца пракрастынацыяй (procrastination), зь якой змагаюцца людзі самых розных узростаў.

У ідэале тэлефоны не павінны знаходзіцца побач з вучнямі падчас выкананьня хатніх заданьняў. Альбо прыкладаньні і функцыі адпраўкі тэкстаў на тэлефоне і кампутары павінны адключацца, пакуль дзеці працуюць.

Памятайце, што пасьлядоўнасьць — ключавы фактар

Можна прадбачыць рэакцыю падлетка на адключэньне тэлефона. Але гэта бітва, вартая змаганьня. Стварыце сямейную тэхна-прастору, куды трапляюць тэлефоны і ноўтбукі, калі яны не выкарыстоўваюцца. Пакіньце там і свае прылады, стаўшы прыкладам для дзяцей.

Дзеці вельмі цэняць камфорт і надзейнасьць, якія забясьпечвае структураваны падыход для хатняй працы. Таму кожны дзень пасьля абеду яны павінны выконваць аднолькавыя этапы прыблізна ў тым жа парадку.

Майстэрства кіраваньня часам

  • Плянаваць загадзя

Дзяцей зь дзяцінства трэба прывучаць да самастойнасьці і адказнаму падыходу да выкананьня заданьняў. Уцягніце іх у працэс плянаваньня тыдня, тады яны пабачыць колькі ў вас заняткаў і будуць больш ахвочыя дапамагчы.

Чым больш практыкі ў школьнікаў з плянаваньнем, тым хутчэй яны стануць самадастатковымі

Уменьне эфэктыўна плянаваць дапаможа вучню таксама і ў выкананьні хатніх заданьняў. Яны павінны ўмець разьбіваць вялікія заданьні на меншыя частачкі. Пры неабходнасьці можна адзначаць у календары, на які дзень трэба нешта зрабіць, каб пасьпець да дня здачы матэрыялу.

У пачатковых клясах, гэта можа азначаць прачытаньне кнігі да аўторка, каб напісаць сачыненьне на чацьвер. У сярэдняй школе гэта можа быць зьвязана з завяршэньнем дасьледаваньняў для навуковага праекту, каб было дастаткова часу напісаць працу да канфэрэнцыі. Чым больш практыкі ў школьнікаў з плянаваньнем, тым хутчэй яны стануць самадастатковымі.

  • Абмяжоўваць тэрміны

Вучні павінны ўмець ацаніць, колькі часу спатрэбіцца на кожнае заданьне, і распрацаваць адпаведны графік. Нават калі ацэнка памылковая, працэс прадумваньня тэрміну дазволіць ім усьвядоміць, як лепш дзейнічаць пры наяўнасьці некалькіх задач.

  • Пачынаць з самага складанага заданьня

Большасьць дзяцей інстынктыўна пачынаюць з самага лёгкага. Але трэба рабіць наадварот, пакуль энэргія ня вычарпалася.

Праблемы з запамінаньнем інфармацыі

  • Назапашвальны (кумулятыўны) падыход

Завучвайце інфармацыю па этапах, якія зьвязаны паміж сабой. Калі вучні сутыкаюцца зь вялікай колькасьцю матэрыялаў, можа быць надзвычай складана іх успомніць. Прапануйце разьбіць яго на шэраг асобных частак у залежнасьці ад колькасьці тэм і колькасьці дзён да тэсту.

Напрыклад, вучні могуць падзяліць матэрыял для навучэньня на тры разьдзелы.

Першы дзень — разьдзел 1.
Другі дзень — разьдзел 2.
Трэці дзень, зьвяртаньне да разьдзелаў 1 і 2, перш чым перайсьці да разьдзелу 3 на наступны дзень.

Калі дзеці пяройдуць да 3-га разьдзелу, яны не забудуцца пра тое, што даведаліся ў першым разьдзеле.

Гэты кумулятыўны падыход узмацняе ўтрыманьне зьместу праз агляд і паўтарэньне.

  • Візуалізацыя і расповед

Некаторыя вучні лепш засвойваюць інфармацыю ў выглядзе графікаў, табліц альбо схем. Напрыклад, замест таго, каб перапісваць абзацы

Актыўнае вывучэньне заўсёды лепш, чым пасіўнае

з інфармацыяй, як працуе клетка, вучні могуць схематычна адлюстраваць гэтыя працэсы.

Іншым дзецям лягчэй успрымаць матэрыял, ствараючы «расказы», якія зьвязваюць ідэі з кантэкстам. Замест таго, каб спрабаваць запамінаць розных вынаходнікаў, вучні могуць успомніць, як яны ўдасканальвалі дасягненьні адзін аднаго.

Для ўзмацненьня эфэкту вучні могуць выкарыстоўваць абодва падыходы.

  • Стварэньне ўласнага навучальнага матэрыялу

Камусьці гэта падасца старамодным, але выпісваньне інфармацыі дапамагае замацаваць зьмест значна лепш, чым друкаваньне на кампутары. Стварэньне ўласных нататак зьяўляецца важным этапам засваеньня зьместу. Актыўнае вывучэньне заўсёды лепш, чым пасіўнае.

Калі спыніцца? Пасьля праверкі

  • Тэсты

Вызначыць узровень падрыхтоўкі вучня могуць дапамагчы тэсты, якія можна набыць у кнігарнях. Яны разьлічаны на матэрыял, якім павінны валодаць вучні ў адпаведнасьці з вывучаемымі тэмамі.

  • Пераказ

Калі няма магчымасьці выкарыстаць тэсты, найлепшы спосаб праверкі сябе — проста пераказаць інфармацыю. Гэтак лягчэй вызначыць недахопы і слабыя месцы.

Пераказ узмацніць тыя веды, што ўжо адклаліся. Калі вучні дэманструюць вуснае і пісьмовае валоданьне інфармацыі, вывучэньне можна лічыць завершаным.

Падрыхтавала Кацярына Яроміч

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG