Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра небясьпеку сацыяльных сетак, або Сындром хранічнага інфармацыйнага зьнясіленьня


Пагадзіцеся, што калі выпадае паехаць за мяжу, то мы звычайна наведваем ня толькі помнікі архітэктуры, музэі ці гандлёвыя пункты, але таксама імкнёмся назіраць за побытам людзей, умовамі жыцьця, культурай паводзінаў. І параўноўваем са сваёй краінай.

Кожны ў нас мог бачыць, як у кавярні за адным столікам сядзяць маладыя прыгожыя людзі, але яны не размаўляюць паміж сабой, а паглыбленыя ў свае гаджэты, маюць стасункі зь віртуальнымі сябрамі. І гэтая зьява ў нас сустракаецца досыць часта, у адрозьненьне ад краінаў, скажам, Заходняй Эўропы.

Дарэчы, у Беларусі адданасьць сацыяльным сеткам з шэрагу прычынаў асабліва высокая, людзі надзвычай сур’ёзна ставяцца да іх, да спрэчак зь віртуальнымі сябрамі, да колькасьці «лайкаў» у «Фэйсбуку» ці «Інстаграме», шчыра жадаюць разьвіртуалізавацца са сваімі віртуальнымі суразмоўцамі. Гэта, вядома, прыкмета часу, але такі занадта вялікі сыход у віртуальнае жыцьцё мае, з мэдычнага пункту гледжаньня, шмат адмоўнага.

Бадай што найвялікшай небясьпекай зьяўляецца так званы сындром хранічнага інфармацыйнага зьнясіленьня, які характарызуецца шэрагам псыхічных, эмацыянальных, саматычных, паводзінных зьменаў. Яны ўзьнікаюць з прычыны пастаяннага працяглага кантакту з электроннымі прыстасаваньнямі на працы і ў побыце. Калі казаць простай мовай, то галоўнай праявай гэтага сындрому зьяўляецца пачуцьцё «выціснутага лімона», на што многія скардзяцца. На ангельскай мове гэты стан называюць тэрмінам squeezed syndrome (сындром выціснутага лімона).
Для фармаваньня яго павінна прысутнічаць так званае электроннае зьнясільвальнае асяродзьдзе (squeezed-асяродзьдзе), якое ўключае пастаяннае карыстаньне сацыяльнымі сеткамі на ўзроўні сфармаванай залежнасьці, сталае карыстаньне кампутарам на працы ў нязручнай позе, фрагмэнтарнае ўзьдзеяньне сродкаў масавай інфармацыі, што адбываецца на фоне зьніжэньня аб’ёму фізычнай актыўнасьці.

Спачатку сындром хранічнага інфармацыйнага зьнясіленьня праяўляецца пастаяннай стомленасьцю, раздражнёнасьцю, могуць быць болі ўздоўж пазваночніку, у руках, а на аддаленых этапах з прычыны пастаяннай гіпадынаміі і неабходнасьці пастаянна рэагаваць на выклікі віртуальнага асяродзьдзя пачынаюцца хранічныя хваробы, найперш сардэчна-судзіннай сыстэмы, такія як артэрыяльная гіпэртэнзія, ішэмічная хвароба сэрца, хваробы пэрыфэрычнай нэрвовай сыстэмы (радыкуліты, торакалгіі, болі ў шыйным аддзеле пазваночніка), паталёгіі зроку, могуць разьвівацца артрозы розных суставаў, а таксама памежныя псыхічныя парушэньні.

Як прадухіліць разьвіцьцё гэтай хваробы сучаснага сьвету?

Безумоўна, трэба жыць рэальным жыцьцём, а не сядзець бясконца ў сацыяльных сетках — гэта галоўная і неабходная ўмова. Вельмі важна скасаваць нэгатыўнае ўзьдзеяньне squeezed-асяродзьдзя. Ну і, безумоўна, неабходна выконваць вельмі важную рэкамэндацыю захоўваньня рэгулярнага ўзроўню фізычнай актыўнасьці (нагадаем, што яе мяжа — ня менш за 150 хвілін на працягу тыдня).

І практычная парада: жывіце рэальным жыцьцём, рухайцеся, займайцеся спортам — і самі хутка ўбачыце паляпшэньне агульнага самаадчуваньня і забудзеце пра стан выціснутага лімона.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG