Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіцячыя навушнікі могуць несьці рызыку страты слыху


У нашы дні нават 3-гадовыя дзеці карыстаюцца навушнікамі. Напярэдадні сьвятаў гандляры вядомых брэндаў ў рэкляме сьцьвярджаюць, што іх прадукцыя зусім бясьпечная для дзіцячых вушэй.

Сапраўды, многія прылады для праслухоўваньня абмяжоўваюць гучнасьць гуку. Але новы аналіз у ЗША з дапамогай Wirecutter, вэб-сайту, які робіць рэкамэндацыі адносна спажывецкіх якасьцяў тых ці іншых тавараў і належыць The New York Times Company, выявіў, што палова з 30 правераных камплектаў дзіцячых навушнікаў не абмяжоўвае гук да абяцанага ліміту. Горшыя навушнікі даюць такую гучнасьць, якая можа стаць небясьпечнаю для дзіцячых вушэй нават на працягу ўсяго некалькіх хвілін.

«Гэта вельмі важныя высновы», — сказаў Коры Портнаф, дзіцячы оталярынголяг з бальніцы Ўнівэрсытэту штату Каларада, які ўдзельнічаў у дасьледаваньні. Паводле доктара Портнафа, стандарты вытворцаў не зьяўляюцца дакладнымі.

«Новы аналіз павінен стаць трывожным сыгналам для бацькоў, якія думалі, што прапанаваныя тэхналёгіі даюць адэкватную абарону», — кажа доктар Блэйк Пэпсын, галоўны оталярынголяг шпіталю для хворых дзяцей у Таронта. «Вытворцы навушнікаў не зацікаўленыя ў здароўе вушэй вашага дзіцяці», — сказаў ён. — «Яны зацікаўленыя ў продажы тавараў, некаторыя зь якіх ня вельмі добрыя для вас».

Паводле справаздачы 2015 году, калі апытвалася больш за 2600 удзельнікаў, у ЗША палова 8-12-гадовых дзяцей слухаюць музыку штодня, і амаль дзьве траціны падлеткаў усіх узростаў робяць гэта рэгулярна.

Рэкамэндацыі мэдыкаў такія. Бясьпечнае праслухоўваньне залежыць ад сілы гуку і працягласьці слуханьня. Залежнасьць простая: чым мацней гук, тым менш часу вы павінны слухаць яго.

Прычым, залежнасьць гэтая не лінейная. Восемдзесят дэцыбел гуку — гэта ў два разы гучней, чым 70 дэцыбел, а 90 дэцыбел — у чатыры разы гучней, чым 70.

Узьдзеяньне 100 дэцыбел ад газонакасілкі бясьпечнае для нас усяго на працягу 15 хвілін, а вось шум сілай 108 дэцыбел зьяўляецца бясьпечным на працягу менш трох хвілін.

Мяжа бясьпекі на працоўным месцы для дарослых складае 85 дэцыбел для васьмі гадзін працы.

Таксама трэба не забывацца, што хлопчыкі больш уразьлівыя для страты слыху і пашкоджаньня органаў слыху ў параўнаньні зь дзяўчынкамі. Так склалася гістарычна праз тое, што хлопцы і мужчыны схільныя да больш шумных забаваў.

Кожныя бацькі павінны памятаць пра гэтыя рызыкі і старацца кантраляваць сваіх дзяцей, каб тыя не нарабілі сабе шкоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG