Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы супакойваюць: Час перад экранам (амаль) не ўплывае на самаадчуваньне дзяцей


Двое навукоўцаў з Оксфардзкага ўнівэрсытэту апублікавалі дасьледаваньне, паводле якога няма істотнай сувязі паміж карыстаньнем смартфонамі і іншымі дасягненьнямі лічбавых тэхналёгій ды псыхалягічным станам падлеткаў.

Дасьледаваньне Эмі Орбэн і Эндру Пшыбыльскага пад назвай «Сувязь паміж добрым самаадчуваньнем падлеткаў і выкарыстаньнем лічбавых тэхналёгій» (The association between adolescent well-being and digital technology use) было апублікаванае летась у навуковым часопісе Nature Human Behaviour.

Прааналізаваўшы набор з больш чым 355 тысяч эмпірычных зьвестак, Орбэн і Пшыбыльскі дайшлі да высновы, што адмоўная сувязь паміж выкарыстаньнем лічбавых тэхналёгій і самаадчуваньнем падлеткаў назіраецца, але яна статыстычна малаістотная і можа тлумачыць ня больш за 0,4% адхіленьняў ад добрага самаадчуваньня.

Вынікі Орбэн і Пшыбыльскага выразна супярэчаць ранейшым дасьледаваньням гэтай праблемы. Прыкладам, у 2017 годзе шырокі розгалас атрымала дасьледаваньне ў ЗША, зь якога вынікала, што чым даўжэй падлеткі праседжвалі перад экранамі, тым большая была імавернасьць узьнікненьня ў іх сымптомаў дэпрэсіі альбо спробаў самагубства. І наадварот, чым больш часу яны патрацілі на неэкранныя заняткі, напрыклад, на заняткі спортам ці на сустрэчы зь сябрамі, тым меншая была імавернасьць сутыкнуцца з гэтымі праблемамі.

Камэнтуючы найноўшыя вынікі Орбэн і Пшыбыльскага, The New York Time Magazine робіць дапушчэньне, што гэтыя двое дасьледнікаў, якія карысталіся эмпірычнымі зьвесткамі, атрыманымі іншымі навукоўцамі ў папярэдніх гадах, інакш акрэсьлілі парамэтры свайго аналізу, у першую чаргу, інакш чым іхныя папярэднікі вызначылі тэрмін «добрае самаадчуваньне».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG